Праспэкт Юдзіфі
Мая Юдзіф убок адклала плэер.
Падняла меч. Пайшла на прамэнад.
Яна ніколі не прамовіць never —
нават калі па пчолах б’юць з гармат.
Мая Юдзіф імкнецца ў стан варожы,
між “мэрсэдэсаў”, танкаў і трыбун,
кінапрэм’ераў, VIP-пэрсон і ложаў
(няшлюбных і масонскіх), праз табун
асьліцаў баявых, сланоў з фарфору
і зайцаў з шакаляду. Ёй ісьці
й глядзець на сэрфінг — той, што ў прэсным моры,
пляваць на бл.дзтва — тое, што ў жыцьці.
Мая Юдзіф шукае Алафэрна,
каб без прэлюдый скончыць парнафільм,
у сэнсе — перарваць, спыніць. Напэўна
ёй засталося толькі пару хвіль,
каб зьдзейсьніць плян і рушыць на праспэкты
пад цёплы дождж сапраўдных перамог.
Каб ганьба зьнікла ў снах плюсквампэрфэктаў.
Каб віншаваньні на мабільнік скінуў Бог.
9 траўня 2005 г.