Лёс Кастуся Вайцяхоўскага нетыповы для паваеннай хвалі беларускай эміграцыі. Тысячы адукаваных і таленавітых суайчыньнікаў, сутыкнуўшыся ў чужых краінах з новымі ўмовамі жыцьця, не змаглі рэалізаваць сваіх здольнасьцяў. Нярэдка інтэлігенцыя, навукоўцы займаліся фізычнай працай… Адзінкі, якім пашанцавала самарэалізавацца, прынесьлі нямала карысьці новай радзіме. Герой гэтага інтэрвію дабіўся выдатных посьпехаў ня толькі ў навуцы, але і ў бізнэсе. З Кастусём Вайцяхоўскім гутарыць Аляксандар Адзінец.

— Сп.Кастусь, раскажыце, калі ласка, пра Ваша дзяцінства, дзе нарадзіліся, асяродзьдзе, у якім выхоўваліся.

— Нарадзіўся 23 ліпеня 1926 году на Стаўпеччыне, у вёсцы Стары Сьвержань. Мой далёкі сваяк пераехаў у Беларусь з Заходняй Польшчы яшчэ падчас падзелаў Рэчы Паспалітай, ажаніўся зь мясцовай кабетай, прыняў праваслаўе — і даў пачатак беларускаму роду Вайцяхоўскіх. Род амаль ужо зьнік.

Бацька, Ксенафонт Вайцяхоўскі, быў шчыры беларускі патрыёт — арганізаваў хор, удзельнічаў у тэатральных пастаноўках, падтрымліваў землякоў. Падчас нямецкай акупацыі браў удзел у арганізацыі Беларускай самапомачы, быў дэлегатам ІІ Усебеларускага кангрэсу. Вось толькі да царквы даверу ня меў, нечым яго сьвятар пакрыўдзіў. Я ж, наадварот, да царквы хіліўся змалку.

«Прыехаў з Расеі неадукаваны хамут»

— У Беларусі Вы перажылі тры рэжымы…

— За палякамі нам добра жылося: мелі буйную гаспадарку, жывёлу, рабілі ўсё сваімі рукамі. Бацька арганізаваў малачарню, сялянскую каапэрацыю. А за Саветамі мы сталі «эксплюататарамі рабочай клясы», страцілі ўсю ўласнасьць. Прыехаў з Расеі нейкі неадукаваны хамут і пагнаў бацьку з пасады.

Потым пачалося жыцьцё пад страхам: баяліся дэпартацыі ў Сібір. Перад прыходам немцаў у сьпісе на вываз апынуліся амаль усе нашы сваякі.

У 1941-м немцы распусьцілі калгасы і вярнулі людзям маёмасьць. І тут жа ні за што расстралялі майго калегу…

А потым распачалася партызанка. На вёску набегаў партызаны не рабілі, забіралі толькі харчы.

У 1942-м я паступіў у Баранавіцкі дарожна-будаўнічы тэхнікум. Немцы празь нейкі час захацелі ліквідаваць тэхнікум, але наша адміністрацыя дамаглася, каб вучоба працягвалася з умовай, што вучні будуць працаваць на нямецкім лётнішчы. Два тыдні — на лётнішчы, два тыдні — у школе. Цяжка прыходзілася, але што зробіш.

Потым я навучаўся ў настаўніцкай сэмінарыі ў Нясьвіжы, быў сябрам Саюзу беларускай моладзі. У Баранавічах і Нясьвіжы я ажыў душою. Калі глядзеў на калёны беларусаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, якія сьпявалі «Мы бойкая моладзь, арлы маладыя!», сэрца білася куды хутчэй.

«Зьбірайцеся на Радзіму»

— Як Ваша сям’я апынулася на Захадзе?

— Каб наша сям’я засталася ў Беларусі — няма сумневу, загінула б у савецкіх лягерах. Таму вырашылі ўцякаць. Бацька з калегамі арганізаваў калёну з вазамі. Забіралі ўсё, нават кароў да вазоў папрычаплялі. Паехалі ўпяцёх — я, бацька, мачыха (мама Надзя, калі мне было восем гадоў, памерла) ды сёстры Валя й Галя. Шмат наглядзеліся. Бачылі, як гарэў Мірскі замак. Урэшце прыехалі пад Беласток. Там браты Аўдзеі далі немцам сала — тыя дазволілі ехаць далей цягніком.

У Лодзі два тыдні прабылі ў Беларускім камітэце. Раптам вестка, што гестапаўцы расшукваюць уцекачоў дзеля прымусовай працы ў лягерах. Хуценька сабралі рэчы й уцяклі ў гараж, хавацца. Потым Аўдзеі дзесьці здабылі машыны, на якіх мы паехалі ў Судэты. Паколькі не было іншага выйсьця, уладкаваліся ў працоўны лягер, рабілі на фабрыцы.

Перад наступам савецкіх войскаў бацька здабыў фальшывыя паперы, што мы накіроўваемся добраахвотнікамі ў нямецкае войска. Так і ўцяклі ў Заходнюю Нямеччыну. На станцыі ў баварскім Рэгенсбургу спаткаліся зь Міхасём Міцкевічам, братам Якуба Коласа. Потым пераехалі ў мястэчка Ворт, дзе я працаваў на фэрме і дачакаўся прыходу амэрыканцаў і капітуляцыі Нямеччыны.

Аднойчы вяртаюся з працы, а рабіў я на кухні, і бачу перад хатай амэрыканскі аўтамабіль. Салдаты нам кажуць: «Зьбірайцеся, паедзеце дадому, на радзіму». Бацька і адказвае: «Прабачце, мы — былыя грамадзяне Польшчы, і рэпатрыяцыйныя дамовы нас не чапляюць». Дарэчы, тата перад уцёкамі на Захад набраў на працы стос афіцыйных блянкаў зь пячаткамі. І потым, запоўніўшы, раздаваў іх усходнім беларусам, каб тыя маглі пазьбегнуць прымусовага вяртаньня ў СССР. Пазначаў, што ўраджэнцы Заходняй Беларусі. Шмат каго ад сьмерці выратаваў.

Супраць Кіма і Мао

–– Якія самыя галоўныя цяжкасьці напаткалі Вашу сям’ю ў Амэрыцы?

— У ЗША мы адразу трапілі на плянтацыю бавоўны ў Арканзасе. Беларусаў сабралася каля 70 чалавек. Цяжэйшай працы цяжка прыдумаць: з шасьці раніцы да шасьці вечара поўзаеш на каленях і зьбіраеш вату. Жылі ў драўляных халупах, якія час ад часу затапляла Місысыпі. Сьпякота, машкара ў хату прэцца — расчараваньне страшэннае. Зараблялі каля даляра ў дзень. Сабраныя 100 фунтаў ваты каштавалі 2,5 даляра.

Прыехалі мы туды ў верасьні, а ў лістападзе я ўжо паехаў шукаць шчасьця ў Нью-Ёрк.

Уладкаваўся я на працу токарам, зарабіў няблага грошай ды адправіў частку бацькам. Гэта дазволіла ім у сьнежні

1949-га пакінуць цяжкую працу і пераехаць ў Нью-Джэрзі.

— Я ведаю, што Вы служылі ў Карэі.

— У сьнежні 1949 г. атрымаў паперу з патрабаваньнем зьявіцца на прызыўную камісію. Там мне сказалі, што недзе праз год я буду мабілізаваны ў войска. Але падумаў: «Чаго чакаць?» — і згадзіўся служыць адразу. Накіравалі ў Каліфорнію танкістам.

Потым, калі войску спатрэбіліся дадатковыя танкавыя сілы, апынуўся ў Карэі. Дакумэнты мае разглядаліся ў Токіё.

Даведаўшыся, што я валодаю расейскай, польскай і нямецкай мовамі, прапанавалі службу ў вайсковай разьведцы. Зрабілі іспыт. Адным зь яго пунктаў была праца з захопленай савецкай тэхнікай. Падвялі да шыны і кажуць, каб прачытаў, што на ёй напісана. Чытаю: ЧТЗ. Пытаюць, што гэта значыць? Адказваю: Чэлябінскі трактарны завод. А дзе гэта? На Ўрале. Пераклаў зводку з Уладзівастоку на ангельскую мову і быў залічаны ў разьведвальны батальён. Але ж калі вайскоўцы даведаліся, што праз шэсць месяцаў я звальняюся, накіравалі ў прыфрантавую паласу, у танкавы батальён.

Наша задача заключалася ў тым, каб раніцай выяжджаць у франтавую зону і зьнішчаць кітайскія бункеры, пабудаваныя ноччу. Ахвяр, на шчасьце, у нашым батальёне не было.

У стратэгічнай галіне

— У далейшым, пасьля звальненьня з войска й набыцьця рангу капрала, Вы дабіліся значных посьпехаў у галіне навуковых праектаў…

— Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту я паступіў на працу ў буйную фірму, займаўся пытаньнем сыстэмы ахаладжэньня ракетных прылад. Працаваў у філіяле фірмы на экспэрымэнтальным атамным рэактары, вывучаў рэакцыю матэрыялаў, якія ўжываліся ў яго канструкцыі. Потым займаўся якасьцямі немэталічных матэрыялаў пры высокіх тэмпэратурах, затым працягваў гэтую ж працу, але перакваліфікаваўся на ракеты, што ўжываліся на падводных лодках. Усе гэтыя праекты былі сакрэтнымі — мяне, сваякоў і знаемых рэгулярна правяралі. Пасьля запуску савецкага спадарожніка ў 1957 г. амэрыканцы спужаліся, што Саветы валодаюць лепшымі тэхналёгіямі. Мне часта даручалі перакладаць выкрадзеныя савецкія дакумэнты. Але ў хуткім часе амэрыканцы зразумелі, што Саветы пераацэньваюць свае магчымасьці…

— Вы наведвалі Савецкі Саюз?

— Яшчэ задоўга да распаду я наведаў СССР як турыст. Перад выездам мяне, сакрэтнага работніка, вызвалі на інтэрвію і сказалі, што я магу гаварыць там усё, што лічу магчымым.

У Саюзе (а ўбачыў я і Расею, і Ўкраіну, і Беларусь) мы сутыкнуліся са страшэннай прапагандай, прамыўкай мазгоў. Нас агітавалі, каб мы дамагаліся ад Кангрэсу ЗША спыніць гонку ўзбраеньняў. Але больш за ўсё мяне зьдзівіла тое, што савецкія людзі цураліся нас, як заразнай хваробы…

Бываў я і ў незалежнай Беларусі, у 1994-м, якраз падчас прэзыдэнціх выбараў. Запісваў на дыктафон, фатаграфаваў і ўсюды чуў: «Нельга! Забаронена!»

У далечыні ад беларускіх асяродкаў

— Раскажыце, калі ласка, пра Вашу амэрыканскую сям’ю.

— У 1961-м узяў шлюб з амэрыканкай настаўніцай Бэрдзі. Жывём у Сан-Дыега (Каліфорнія). Маем трох сыноў, дачку і дзевяць унукаў. Андрэй, Мікалай і Эрас — кампутарныя інжынэры. А дачка Каця — хатняя гаспадыня.

Пасьля працы ў дзяржустановах я займеў прыватны бізнэс, займаўся нерухомасьцю. Зарабіў грошай, але на пэнсію пайшоў дачасна, у 58 год — захварэў на рак гляндаў.

— І як цяпер бавіце час?

— Сан-Дыега, на жаль, знаходзіцца далёка ад беларускіх цэнтраў. Таму мой сёньняшні ўдзел у грамадзка-культурным жыцьці беларусаў ЗША не выходзіць за рамкі фінансавай дапамогі. Але ўжо калі выпадае магчымасьць, з асалодай бяру ўдзел у любым мерапрыемстве. Займацца беларушчынай перашкаджае і ўзрост — 78 гадоў, хоць навінамі з Бацькаўшчыны цікаўлюся.

Пік маёй амэрыканскай актыўнасьці прыпаў на паваенныя гады, калі мы аддана змагаліся за беларускую вольнасьць. Я быў адным зь лідэраў студэнцкага руху. А ў Сан-Дыега цяпер асноўную энэргію накіроўваю на царкоўнае жыцьцё, маю ў гэтым асяродку, тут дзейнічае амэрыканская праваслаўная царква, шмат сяброў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0