Чацьверты гол Кутузава

У 35-м туры італьянскай сэрыі «А» форвард «Сампдорыі» і нацыянальнай футбольнай зборнай Віталь Кутузаў спрычыніўся да разгрому «Лечэ» (3:0). Беларускі легіянэр правёў другі мяч у гульні, і цяпер на рахунку Кутузава чатыры мячы ў гэтым сэзоне. За тры туры да фінішу «Сампдорыя» дзеліць чацьвертае-пятае месца з «Удынэзэ». Каманды адстаюць ад «Інтэру», што ідзе трэцім, на шэсьць пунктаў.

Посьпех Хэнлана

Нацыянальнай зборнай Беларусі не ўдалося прабіцца ў чвэрцьфінал чэмпіянату сьвету па хакеі. У вырашальным матчы ў панядзелак беларусы саступілі зборнай Швайцарыі зь лікам 0:2. Нягледзячы на гэта, выступ у Аўстрыі падапечных Глэна Хэнлана можна прызнаць пасьпяховым. Яны ня толькі захавалі месца ў эліце, але і трапілі ў дзясятку мацнейшых. Дарэчы, таксама можна лічыць удалым і выступ усіх постсавецкіх камандаў. З 12 зборных, што прадоўжылі барацьбу за мэдалі, пяць належаць да былога СССР: Украіна, Расея, Латвія, Казахстан, Беларусь.

Чвэрцьфіналы — у чацьвер, паўфіналы — у суботу, фінал — у нядзелю.

Чужое сьвята

Няўдала выступіла зборная Беларусі на юнацкім чэмпіянаце Эўропы па футболе (узрост гульцоў да 17 год) у Італіі. Выхаванцы Пятра Міхеева дзьве сустрэчы прайгралі з буйным лікам — ангельцам (0:4) і туркам (1:5), адну выйгралі — у зборнай Італіі (1:0). У паўфінал з нашай групы трапілі зборныя Італіі і Турцыі.

Літоўскі фінал

Самым каштоўным гульцом маскоўскага баскетбольнага «Фіналу чатырох» Эўралігі ULEB стаў абаронца тэль-авіўскага «Макабі» літовец Шарунас Ясікявічус. У паўфінале ізраільскі клюб перамог грэцкі «Панацінаікас» (91:82), а ў фінале — басцкі «Таў» (90:78). Ясікявічус набраў у фінале 22 пункты. Самага каштоўнага гульца вызначалі галасаваньнем журналістаў падчас фіналу. Адзначым таксама, што адным з найлепшых у складзе «Таўгрэса» быў іншы літоўскі легіянэр — Арвідас Маціяўскас, які зрабіў найбольшы ўнёсак у перамогу ў паўфінале над маскоўскім ЦСКА.

АР

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0