Беларускія гульцы надоечы вярнуліся з Харкава, дзе ў сёмы раз пад дахам Нацыянальнай юрыдычнай акадэміі імя Яраслава Мудрага ладзіўся Кубак рэктара.

Гэтае спаборніцтва, што звычайна прыцягвае моцных маладзёнаў — расейцаў, украінцаў і беларусаў — чарговае пацьверджаньне таго, што з шахматамі ва Ўкраіне збольшага ўсё ў парадку. Нездарма летась украінцы заваявалі «золата» на Алімпіядзе, а ў рэйтынг-сьпісе ФІДЭ іх краіна па сукупнасьці вынікаў займае другое месца (пасьля Расеі). Беларусь жа ў тым сьпісе вылецела з другога дзясятка.

Праўда, і ў нашай памаранчавай суседцы здараюцца недарэчнасьці. Так, ледзь не ў апошні момант з траўня на верасень быў перанесены буйны міжнародны турнір у Кіеве. Арганізатары «патлумачылі»: у траўні пройдзе «Эўрабачаньне», ня хочам накладак. Нібыта сярод музыкаў ды іхніх фанатаў бракуе шахматыстаў, і наадварот…

У сёлетнім Кубку рэктара бралі ўдзел Іна Раманава, Віктар Купрэйчык, Юры Ціханаў. Гросмайстарка Іна файна згуляла ў жаночай лізе — сярод дванаццаці ўдзельніц заняла 3-е месца з 7 баламі, зачапіўшыся за стодаляравы прыз.

Што да мужчынаў, то сп.Віктар, найстарэйшы ўдзельнік турніру, аказаўся толькі сёмым, затое сп. Юры — чацьвертым. Напорыстасьць менчука зь Нямігі дала плён: пяць перамог, тры паразы, тры нічыі (як ні дзіўна, адзін зь яго партнэраў, 15-гадовы хлопец-расеец, зьвёў унічыю ўсе 11 гульняў — і варта было дзеля гэтага так далёка ехаць?).

Паглядзіце партыю віцэ-чэмпіёна Беларусі, дзе чорныя аказаліся разьбітымі ў дваццаць хадоў. Гросмайстры — таксама людзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0