Некалькі тыдняў таму ўрад Гішпаніі адхіліў праект аб пераўтварэньні Краіны Баскаў у свабодна асацыяваную з Гішпаніяй дзяржаву. Што такое свабодна асацыяваная дзяржава? Чаго дамагаліся баскі?

Упершыню статус свабодна-асацыяванай дзяржавы ў 1952 г. атрымала карыбская выспа Пуэрта-Рыка, якая ў 1898 г. пасьля гішпана-амэрыканскай вайны была захоплена ЗША. Пуэртарыканцы гэтым ня вельмі ўсьцешыліся і двойчы паўставалі супраць новай мэтраполіі. Каб знайсьці кампраміс, і быў распрацаваны статус «свабодна асацыяванай дзяржавы».

Замежную палітыку Пуэрта-Рыка ажыцьцяўляе ўрад ЗША, а яго жыхары лічацца амэрыканскімі грамадзянамі. У сваю чаргу, пуэртарыканцы ня плацяць падаткаў Вашынгтону і атрымліваюць ад яго значную фінансавую дапамогу. Мясцовую ўладу ажыцьцяўляюць пуэртарыканскі сэнат і губэрнатар, які выбіраецца насельніцтвам. Прычым апошні павінен ведаць гішпанскую мову.

Пасьля Пуэрта-Рыка такі статус атрымлівалі і іншыя карыбскія краіны. Для іх ён стаў прыступкай да поўнай незалежнасьці. Што да пуэртарыканцаў, то яны і сёньня на ростанях. У краіне пэрыядычна праходзяць рэфэрэндумы, дзе прапануецца выбар: захаваць статус-кво, атрымаць незалежнасьць ці ператварыцца ў адзін са штатаў. Выбар даволі складаны. Пуэрта-Рыка багацейшае за любую карыбскую краіну, аднак бяднейшае за паўнавартыя штаты ЗША. Таму пуэртарыканцы не сьпяшаюцца шукаць ад дабра дабра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0