У золкі дзень 9 траўня ў рытуальнай залі Дому літаратара ля труны, пакрытай бел-чырвона-белым сьцягам, сабраліся шэсьць дзясяткаў чалавек. Разьвітваліся з Анатолем Сысом. Адным з найбольшых беларускіх паэтаў ХХ стагодзьдзя.

Апошняй, хто бачыў Сыса жывым, была суседка-паэтка Ала Канапелька. Яна і зьвярнула ўвагу на тое, што трое сутак у яго менскай кватэры гарыць сьвятло. Выклікала міліцыю ды Анатолеву сястру Валянціну. Выбілі дзьверы. 45-гадовы паэт быў ужо колькі дзён нежывы. Дактары сказалі — ад 4 траўня. Прычыны сьмерці дагэтуль няясныя. Сьпярша называлі сардэчны прыступ, потым — магчымую язву, з-за якой у Сыса пайшла горлам кроў: у кватэры была крывавая пляма каля ваннага пакою.

«Я паэт, а вы ўсе пралятаеце», — ганарліва казаў Сыс лепш уладкаваным калегам. І чараваў сваімі шаманскімі вершамі, народжанымі з суплёту трох стыхіяў, трох цывілізацыяў — стэпу, лесу і гораду.

Сысова пакаленьне — тое самае, што «ў цемры расло». Інтуітыўныя шукальнікі беларушчыны. Праз кніжкі, раскопкі, адмаўленьне прапанаванай афіцыёзам схемы. Сыс апавядаў, як на заняткі ў «Гомельскі дзяржаўны ўнівэрмаг» яны хадзілі ў куфайках і гумовых ботах, падчас лекцыяў дэманстратыўна елі сала з цыбуляй, станавіліся кардонам перад уваходам на дыскатэку і пускалі толькі тых, хто цалаваў чырвона-зялёны БССРаўскі сьцяг... Чысты панк позьнесавецкай эпохі, з дапамогай якога імкнуліся намацаць, зразумець — што ж яно такое, твая Беларусь.

Беларусяй Сыса была паэзія. Да яе ён, блюзьнер і бажаволак па жыцьці, які пасьля рэфэрэндуму 1995 году бадзяўся па Менску зь вялізнай чырвона-зялёнай значкай на грудзёх, ставіўся надзвычай сур’ёзна. Ведаў сваю сілу.

Выступаючы ва Ўкраіне, Сыс у «Маналёгу «Тутэйшага» замяніў Купалу Шаўчэнкам:

ДЫ ПАКУЛЬ ТЫ ЯШЧЭ ЖЫВЕШ,

ЗАПАЛІ ПРАД ШАЎЧЭНКАМ СЬВЕЧКУ,

ПРАЧЫТАЙ І СПАЛІ МОЙ ВЕРШ,

А ВАНДАЛАМ СКАЖЫ:

Я ВЕЧНЫ!

І высек сьлёзы з вачэй сівавусых дзядзькоў-галічанаў. Ён мог з п’янымі ў зюзю сябрамі заваліцца да знаёмага паэты-пачаткоўца, зірнуць нечакана асэнсаваным позіркам і сказаць: «Я прыйшоў цьвярозы слухаць твае новыя вершы». Прычым маркетынгавы, так скажам, аспэкт творчасьці яго цікавіў мала. Сыс мог абклейваць сьцены бару Дома літаратара чырвонцамі — ганарарам за кніжку. Колькі тут бажавольля, колькі сьвядомага блазенства? Богу разьбірацца. Цяпер дзяржвыдавецтвы плацяць ганарары аўтарам асобнікамі іх жа ўласных кніжак. Скончыліся чырвонцы.

У паэзіі Сыса надзвычай багата агню — «ня попел і ня прысак», «на дне агню танцуюць салямандры», «гараць камяні ў маім вогнішчы» — агнём атрымаў ён паганскае хрышчэньне пры нараджэньні. Вершам пра тое, як цяжарная маці, апёкшыся на пажары, яго нарадзіла, пачынаецца тая самая, культавая кніжка Сыса «Пан Лес». Рэцэнзаваў яе славянафіл Іван Чарота.

Правесьці паэта на Гомельшчыну, у родны Гарошкаў, у менскім Доме літаратара сабраліся шэсьць дзясяткаў чалавек. Каля труны стаялі Віктар Івашкевіч, якому Сыс прысьвяціў некалі верш, Юры Хадыка. Быў паэтаў сябар, былы дыктар БТ Алесь Байкоў. А найбольш — таварышы паэта па згуртаваньні «Тутэйшыя». Ціхая і чынная цырымонія кантраставала з палкімі вершамі, якія гучалі ў галовах тых, хто яго ведаў і чуў.

Вёў паніхіду Алесь Пашкевіч. Прамоўцы складалі слова да слова, нібыта зьбіраючы паэту торбу ў далёкую дарогу. Мастак Аляксей Марачкін, які афармляў апошні зборнік паэта «Сыс», выдадзены коштам амэрыканкі Валі Якімовіч, пераказаў адзін з апошніх вершаў. Сыс чытаў яго Марачкіну па тэлефоне за дні да сьмерці: «Жыцьця ўсяго на тры сьняжынкі…»

Кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі ўспомніў першы мітынг на Дзяды, у Менску ў 1987 годзе. Як выступаў Сыс. «Ён думаў, што трох радкоў, трох строф геніяльных, якія мог ён напісаць, хопіць, каб абудзіць чэрствыя сэрцы ў многіх людзей».

Дырэктар Беларускага ліцэю Ўладзімер Колас згадаў шумныя баляваньні Сысовы ў кавярні Дому літаратара. «Я Сыс. Ты тут можаш нічога не баяцца», — з гэткімі словамі ён мог падсесьці за любы столік.

Пра такіх, як Сыс, не паведамляюць бравурныя дзяржаўныя СМІ, таму пра грамадзянскую паніхіду мала хто ведаў. Але, што сымбалічна, да труны прыйшлі пераможцы конкурсу маладых літаратараў імя Караткевіча, што якраз сабраліся ў Менску на выходныя.

У той жа дзень труну павезьлі ў Гарошкаў — родную вёску Сыса. Туды, дзе ён застаўся ў памяці добрым, але «шабутным хлопцам», які спаў да самай восені на сенавале ў хлеўчуку, любіў выпіць, езьдзіў у Сібір вывучаць жыцьцё. Згодна з звычаем, паэта ўсю ноч адпявалі бабкі. Пахаваньне прыпала акурат на Радаўніцу. Каб выкапаць магілу ў родавым куце, давялося сьпілаваць вялікую бярозу.

Разьвітацца з паэтам у Гарошкаве сабралося каля дзьвюх соцень чалавек. Зь Менску былі трое — пісьменьнікі Алесь Наварыч, Андрэй Федарэнка ды Эдуард Акулін. З Гомелю — выкладчыкі ўнівэрсытэту, дзе ён вучыўся. Магілу паэта пакрылі бел-чырвона-белым сьцягам. На труну сьцяг не паклалі — каб не закопваць.

Народжаны ў пажар

Анатоль Сыс нарадзіўся ўначы 26 кастрычніка 1959 году ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну Гомельскай вобласьці. Гэта на беразе Дняпра, адно з самых старажытных пасяленьняў чалавека ў Беларусі. Ён быў найменшы з чатырох дзяцей у сям’і Марыі і Ціхана Сысоў.

Калі маці, настаўніца пачатковых клясаў, была ім цяжарная, яна, дапамагаючы надвячоркам суседцы падліць газы ў запаленую лямпу, празь неасьцярожнасьць зрабіла пажар. Маці абгарэла. У тую самую ноч нарадзіўся Анатоль.

У школьныя гады захапляўся літаратураю, гісторыяй. Асабліва цікавілі яго раскопкі старажытнага гарадзішча ў Гарошкаве. У студэнцкія гады ён бараніў гэтае гарадзішча ад вынішчэньня — калі адтуль пачалі браць пясок на будоўлю, зьвярнуўся ў музэй, да ўладаў. Яго паслухалі: паставілі ахоўны знак. У 1977 паступіў на гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту імя Ф.Скарыны, які скончыў у 1982. Два гады адслужыў сувязістам у Польшчы. Затым працаваў у веткаўскай раённай газэце «За бальшавіцкія тэмпы». У 1985 пераехаў у Менск, рабіў старэйшым спэцыялістам на Беларускім тэлебачаньні.

Дэбютаваў у 1986, у 26 гадоў, падборкай вершаў у часопісе «Маладосць». У 1987 разам з Адамам Глёбусам заснаваў творчае аб’яднаньне «Тутэйшыя». Аўтар трох паэтычных зборнікаў: «Агмень» (1988), «Пан Лес» (1989), «Сыс» (2002).

Пасьля выхаду другой кнігі А. Сыс звольніўся з працы, жыў на пэнсію — ён быў хворы на страўнік.

Макмілін пра Сыса

Брытанскі дасьледчык беларускай літаратуры Арнолд Макмілін назваў Анатоля Сыса «раздражняльным, дэпрэсіўным і надзвычай магутным паэтам», зазначыўшы: «У краіне, якая адпакутавала больш, чым спрычынілася да пакутаў, якая мае шмат прычынаў да стогну, усе, хто любяць беларускую паэзію, павінны пачуць іншага кшталту стогн — адроджанага натхненьня Анатоля Сыса».

Вінцук Вячорка: Яго рукою вадзіў гегелеўскі дух

Сваёй галавакружна таленавітай паэзіяй ён даў пакаленьню тых, хто ўваходзіў у беларушчыну на пераломе 1970-х — 1980-х, доказ і надзею: Беларусь жыве й жыцьме. Хлопец з Гомельшчыны, наіўны й таму ўпэўнены, ствараў такія тэксты, як быццам ягонаю рукою вадзіў гегелеўскі дух. Вершы «З чаго пачаць» і «Пацір», якія сам Анатоль тады любіў дэклямаваць і рабіў гэта па-майстэрску, сталі для нас паэтычнымі гімнамі, а першая кніга «Агмень» (ён пачуваўся сваім у паганскім пантэоне, пры гэтым глыбока прыватна ўмовячыся з хрысьціянскім Богам) — культавай.

Анатоль шчыра й даткліва шукаў праўды, а таму вельмі натуральна й рана знайшоў для сябе Беларусь. Увайшоў у гомельскае кола нацыянальна сьвядомае моладзі як адзін зь яго лідэраў. Быў актыўным удзельнікам стратэгічнае нарады прадстаўнікоў моладзевых беларускіх арганізацый узімку 1984 году ў Смольні ля Мікалаеўшчыны, якую ладзіла «Група «Незалежнасьць» і на якой было вырашана ствараць сетку арганізацый па ўсёй краіне. Так узьнікла Канфэдэрацыя беларускіх суполак, якая, у сваю чаргу, сталася галоўным арганізацыйным апірышчам Беларускага народнага фронту.

Анатоль Сыс перадусім быў выдатным паэтам ад Бога. Але доля не пашкадавала яму і якасьцяў трыбуна. Ён стаў адным з заснавальнікаў «Тутэйшых», першым прамовіў у адроджаны дзень Дзядоў у 1987 годзе, сваёй энэргетыкай натхняў моладзь і старэйшых пазбыцца страху.

Ён любіў па-добраму пахваліцца сваім родным Гарошкавам, ля якога археолягі знайшлі гарадзішча жалезнага веку, і ўзводзіць свой радавод да тых старадаўніх волатаў-беларусаў. Хай жа будзе пухам табе, Анатоль, родная зямля.

Вінцук Вячорка, старшыня Партыі БНФ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0