Набывайце аўто, пакуль ня позна
У найбліжэйшы час, магчыма, перагледзяць памеры мыты на ўвоз патрыманых легкавікоў. Стаўкі для прыватнікаў падымуць на 5—15%, а для юрыдычных асобаў — зьменшаць. Дзяржава падтрымлівае інтарэсы аўтасалёнаў, якія не вытрымліваюць канкурэнцыі з гнуткім рынкам прыватнікаў.
Стратэгія са смакам
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня распрацавала стратэгію разьвіцьця экспарту на 2005—2010 гады. Аб’ём экспарту прадукцыі АПК сёлета складзе $650 млн, а празь пяць год яму загадана ўзьняцца да 900 млн. Распрацоўшчыкі мараць, каб ільвіная доля экспарту (каля 90%) ішла ў Расею. Сярод краін ЭЗ найважнейшым партнэрам застануцца Польшча і Нямеччына.
Салярка з асфальту
У СЭЗ «Горадняінвэст» пабудуюць завод па вырабе дызэльнага паліва з адкідаў. Нямецкая фірма «Nova Invest» прапануе тэхналёгію, што дазволіць здабываць паліва з адходаў бітуму, старога асфальту, старых аўтамабільных шынаў. Кошт праекту — $4 млн.
Бровары памірыліся
«Крыніца» і «Балтыка» разглядаюць магчымасьць заключэньня міравога пагадненьня адносна запазычанасьці беларускага бровару. Бакі пагадзіліся адкласьці на 30 траўня пасяджэньне Міжнароднага камэрцыйнага арбітражнага суду ў Расеі, на якім меліся разглядаць пытаньне «Крыніцы». Такім чынам расейскі бок, які апошнім часам патрабаваў вяртаньня $3,5 млн, зьмякчыў пазыцыю.
«Чарнільная» мадэрнізацыя
Да 2010 г. на Гарадзеншчыне замест 12 вінзаводаў, якія выпускаюць 2,6 млн дэкалітраў пладовых вінаў у год, застанецца дзевяць. Скарачэньне будзе весьціся поруч з мадэрнізацыяй ды павелічэньнем магутнасьці пазасталых заводаў. Працаваць яны будуць на мясцовай сыравіне.
Шэф, уключыце музычку!
Таксісты ня будуць плаціць аўтарскіх адлічэньняў выканаўцам песень, якія гучаць у салёнах аўтамабіляў. У Беларускага аўтарскага таварыства пакуль няма магчымасьці кантраляваць кіроўцаў так, як кантралююцца рэстараны ды клюбы. Але ня выключана, што ў будучыні таксоўшчыкі будуць пералічваць 5% прыбытку на ганарары сьпевакам ды музыкам.
Рамесьнікам палёгка
Прэзыдэнцкі ўказ №225 ад 16 траўня спрашчае дзейнасьць рамесьнікаў. Цяпер для пачатку рамеснага бізнэсу патрэбна толькі зарэгістравацца ў падатковай інспэкцыі па месцы жыхарства і штогод плаціць збор за вядзеньне рамесьніцкай дзейнасьці (цяпер гэта 25 500 руб).
Стаўка — 11 адсоткаў
Нацыянальны банк Беларусі прагназуе, што да канца наступнага году ўзровень стаўкі рэфінансаваньня не перавысіць 11 адсоткаў гадавых. Такі паказчык прадугледжаны праектам канцэпцыі Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на наступны год, падрыхтаванай галоўнай фінансавай установай краіны. Стаўка рэфінансаваньня — гэта працэнт, пад які Нацбанк дае крэдыты камэрцыйным банкам.
АК, АФН, Інтэрфакс, БелТА