15 траўня 1905 году быў надрукаваны верш «Мужык», падпісаны Я.Купалам. Як нараджаўся паэта — падарожжа ў часе з Анатолем Сідарэвічам.

Малады Антон Адамовіч у 1928 г., наракаючы на тагачаснае бээсэсэраўскае літаратуразнаўства, паказваў, у прыватнасьці, яго віну перад Максімам Гарэцкім. Мела яно віну і перад Купалам, дарма што ў 1927 г. выйшаў зборнік «Янка Купала ў беларускай крытыцы».

Усе ведалі, дзе жыве Паэта, але ніхто не парупіўся з нататнікам і алоўкам у руках пахадзіць за ім, пасядзець зь ім, каб удакладніць шмат якія моманты зь ягонага жыцьця. Дзякуй богу, што ў той час у Ленінградзе жыў наш, капыльскі Леў Клейнборт, які турбаваў Паэту пытаньнямі і захаваў ягоныя адказы. І хоць да тых адказаў маюцца пытаньні на ўдакладненьне, нам нічога не застаецца, як самім іх аналізаваць і рабіць высновы.

Сустрэча

Я зноў вяртаюся да пытаньня пра тую сустрэчу. Што яна адбылася падчас летніх вакацый 1904 году, няма ніякіх сумневаў. Іван Луцкевіч скончыў Археалягічны інстытут і ў канцы жніўня меўся ехаць у Вену — каб займацца там у Славянскім сэмінары знакамітага прафэсара Ягіча. Антон, прыехаўшы ў бацькоўскі дом, яшчэ не папаўся ў лапы паліцыі. Таму можна снаваць думку, што сустрэча адбылася недзе ў канцы чэрвеня ці пачатку ліпеня — да таго, як Антона амаль на два месяцы зачынілі ў Пішчалаўскім замку (у жніўні яго адлічаць з унівэрсытэту).

На вакацыях быў і студэнт Маскоўскага сельскагаспадарчага інстытуту Сяргей Скандракоў.

Алесь Бурбіс мог прыехаць зь Вільні ў Менск на сустрэчу з братамі Луцкевічамі ў партыйных справах. Напрыклад, каб забраць у іх літаратуру.

Цяпер пытаньне: дзе адбылася тая сустрэча?

У Бараўцах, дзе пані Бянігна Луцэвіч арандавала фальварак? Цяжка ўявіць, каб пяць чалавек выправіліся ў госьці за 18 вёрст ад Менску, у дом удавы-арандатаркі…

Зноў жа: калі сустрэча адбылася ў Менску, дык дзе канкрэтна — у доме Самойлаў ці ў доме Луцкевічаў? Для раманіста — шырокае поле для фантазіі, для гісторыка — праблема.

Цалкам імаверна, што Ян Луцэвіч у адну зь нядзеляў або на нейкае сьвята прыехаў да свайго колішняга рэпэтытара Ўладзімера Самойлы. (Фэлікс Стацкевіч, які ў 1906 г. трымаў нелегальную друкарню БСГ у Менску, у неапублікаваных успамінах згадвае: «На кватэры Самойлы… я адзін раз спаткаўся зь Янкам Купалам, які тады выглядаў вясковым хлапчуком гадоў васямнаццаці»*. І быў да таго ж, як успамінаў Антон Луцкевіч, «вельмі нясьмелым і ня пэўным сябе дзецюком».) Можна думаць, што Ўладзімер Самойла прапанаваў Яну Луцэвічу зайсьці разам зь ім да Луцкевічаў. А хутчэй за ўсё, магло быць так, што да Самойлы завіталі ягоныя таварышы Іван і Антон Луцкевічы, Сяргей Скандракоў ды Аляксандар Бурбіс. (Пра беспартыйнасьць Самойлы гаварыць не даводзіцца. Той самы Ф.Стацкевіч ва ўспамінах адназначна называе яго сябрам Менскага камітэту БСГ.)

Як бы там ні было, але факт ёсьць факт: улетку 1904-га Ян Луцэвіч сустрэўся зь пяцю сацыялістамі. Дакладней, зь чатырма. Скандракоў яшчэ расейскі эсэр, але хутка пяройдзе ў Грамаду і атрымае партыйную мянушку Янка.

Чулі пра яго

Браты Луцкевічы маглі ўжо чуць прозьвішча Луцэвіч. Ня толькі таму, што яно сугучнае іхняму, і ня толькі таму, што Луцкевічы і Луцэвічы аднаго гербу («Навіна») і што Луцкевічы, як можна меркаваць, — малодшая лінія Луцэвічаў — тут яшчэ трэба папрацаваць адмыслоўцам у генэалёгіі…

Пра Яна Луцэвіча, які піша так сабе польскія вершыкі, братам Луцкевічам мог расказаць ня толькі Самойла. Яго ведаў і радашковіцкі доктар Ян фон Офэнбэрг, стрыечны брат Івана і Антона, таксама чытач польскамоўных вершаў Луцэўчыка. Дарэчы, Офэнбэрг пазнаёміўся з Луцэвічам ці не праз памочніка радашковіцкага правізара Антона Лявіцкага, будучага Ядвігіна Ш.

Што да Антона Лявіцкага, дык сьведчаньняў няма, а што да Ўладзімера Самойлы ды Яна фон Офэнбэрга, ёсьць адназначныя сьведчаньні, што абодва яны намаўлялі Яна Луцэвіча пісаць па-беларуску.

Адзначым: адзін з абруселых, другі з апалячаных, і абодва кажуць адно і тое ж. І папытаемся: чаму яны былі ўпэўненыя, што з Луцэўчыка выйдзе беларускі паэта?

І ўсё ж да сустрэчы з сацыялістамі беларускім паэтам Луцэвіч ня стаў.

Пералом

Да пералому ў жыцьці Яна Луцэвіча спрычынілася менавіта гэтая — у канцы чэрвеня ці на пачатку ліпеня 1904 г. — сустрэча ў Менску.

Для гэтага пералому спатрэбілася няшмат. З рук беларускіх сацыялістаў Ян Луцэвіч атрымаў рэвалюцыйныя праклямацыі (па іх і прыяжджаў Бурбіс, а чаго ж яшчэ?) ды «Гапона» (ці нейкую іншую кніжку Дуніна-Марцінкевіча). А яшчэ й Багушэвічаву «Дудку беларускую».

Рэвалюцыйныя праклямацыі на беларускай мове і кніжкі Марцінкевіча ды Багушэвіча канчаткова вызначылі, што ён, Луцэвіч, — беларус. І ўсё яго «польское писание пошло насмарку». Ён усьвядоміў, што адзінае ягонае прызваньне — «служыць свайму народу ўсімі сіламі душы й сэрца».

Сфармулюем пытаньне, грунтуючыся на двух фактах. 14 ліпеня 1904 г. Ян Луцэвіч піша свой апошні верш па-польску («Kobiecie»), а на другі дзень — самы раньні (зь вядомых нам) беларускі верш «Мая доля». Ці не ў сярэдзіне ліпеня 1904 г. адбыўся пералом у сьвядомасьці Яна Луцэвіча?

Луцэвіч і папярэднікі

Дзіўная рэч: Шымону Рэўку з-пад Барысава (ён жа мужыцкі адвакат Багушэвіч) чамусьці думалася, што ксёнжачкі Дуніна-Марцінкевіча «як бы сьмеючыся з нашага брата пісаны», а вось Луцэвіч гэтага не заўважыў. Кніжкамі і аднаго, і другога сваіх папярэднікаў ён «надзвычайна захапіўся». І калі Дудар Беларускі паўплываў на будучага аўтара паэм «Зімою», «Адплата каханьня» і «Ў піліпаўку» (гэта некалі адзначыў Алег Лойка), дык мужыцкі адвакат найбольш вызначыў лад ягоных раньніх вершаў. Ды, зноў-такі, ня цалкам і не зусім. Ён, Луцэвіч, да таго нямала прачытаў з польскіх паэтаў. І з расейскіх.

Гэта праўда, што малады паэта «з пункту гледжаньня багацьця матываў на пачатку сваёй паэтыцкай творчасьці не ўзьнімаецца па-над Мацея Бурачка». Бо ён таксама наракае на нядолю беларуса. Але гэта ўжо не Багушэвічаў мужычок. У Луцэвічага мужыка ўжо збудзілася пачуцьцё чалавечае годнасьці. Апроч таго, Луцэвіч ад пачатку пераўзыходзіць свайго папярэдніка «з пункту гледжаньня формы, паэтыцкае тэхнікі».

Нараджэньне Купалы

Колькі вершаў напісаў Ян Луцэвіч зь ліпеня 1904-га па травень 1905 году? На гэтае пытаньне няма адказу.

Усе вершы ён аддаваў Уладзімеру Самойлу. Можна думаць (зноў-такі — бэлетрысту шырокае поле для фантазіі), што першыя беларускія вершы Яна Луцэвіча былі простым насьледаваньнем Бурачку. Можна меркаваць, што Самойла — чалавек з густам — чакаў, калі ягоны вучань уздымецца па-над узроўнем Бурачка. Можна ўявіць, што настаўнікава патрабавальнасьць дапякала Яну Луцэвічу, закранала ягоны гонар. Вершаскладаньне, вершапісаньне было для яго як непазбыўная хвароба, як наркатычная залежнасьць, але пайсьці да каго іншага ён ня мог, паслаць свае вершы ў якую рэдакцыю — таксама: дзе і хто прыме беларускія вершы?

Самойла чакаў і дачакаўся.

Што сказаў ён Луцэвічу, калі прачытаў ягонага «Мужыка»? Ня ведаю. І ня буду выдумляць. А сам магу канстатаваць: гэты верш сьведчыць пра нараджэньне арыгінальнага творцы. У ім ёсьць амаль усё, чым Луцэвіч адрозьніваецца ад Багушэвіча. Вось з гэтым вершам Самойла мог ісьці да рэдактара газэты «Северо-Западный край».

15 траўня 1905 году верш «Мужык», падпісаны Я.Купалам, быў надрукаваны. Гэты дзень быў днём нараджэньня Паэты, якому лёсам было наканавана стаць Прарокам адраджэньня мужыцкае нацыі.

* Усе цытаты ўзятыя зь лекцыі Антона Луцкевіча «Напевы ліры Янкі Купалы» (1929).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0