Ня трэба баяцца апазыцыянэра з ружжом.

Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Выбухам мэдыйнай бомбы магутнасьцю мільён мэгатон стала навіна, што нашы апазыцыянэры затарыліся пушкамі і гексагенам ды тусуюцца на замежных сэмінарах, дзе замест штудый прававых асноў эўрапейскай інтэграцыі качаюць торсы і біцэпсы. Да 2006 г., згодна з «Актам аб дэмакратыі», ім патрэбна трансфармавацца ў баевікоў, «здольных поўнасьцю дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі».

Дзіўная рэакцыя ўладаў на апошнія зыгзагі апазыцыйнага модусу вівэндзі. Замест таго каб глядзець на рэчы ў пэрспэктыве, яны чамусьці стопяць трафік, адрасаваны дэмфашыстам партыі ствалоў.

Хіба сам Вярхоўны Розум не казаў, што апазыцыя наша памерам з амёбу і галоўным чынам займаецца дзерыбанам грантаў? Падзяліць грант, я вам скажу, гэта не праспэкт перайменаваць. Гэта складаны і цяжкі з псыхалягічнага гледзішча працэс дасягненьня міжгрупавога кампрамісу. Відавочна, час ад часу эмоцыі зашкальваюць, і тады паханы беларускай дэмакратыі сварацца.

А вось калі ў кожнага адмарозка будзе валына, падзел грошай набудзе летальны, але зручны для ўладаў фармат. Дадатковы аргумэнт: як даводзіць любімая «Ў цэнтры ўвагі», акрамя ўсяго, бацькавы апанэнты заняліся яшчэ і збытам наркаты. А ад пушэра да тарчка (гл. «транспойтынг») — адзін крок.

Калі б спэцслужбам сапраўды балела за грамадзкую бясьпеку, напярэдадні такога адказнага мерапрыемства, як аднаўленьне Аўгустоўскага каналу, ён бы даў перакідцы зброі і наркаты «зялёнае сьвятло».

Уявіце, як пышна выглядаў бы апазыцыйны кардэбалет падчас падзелу сьвежай траншы амэрыканскага Кангрэсу — пяці лімонаў.

— Такім чынам, — пачынае лідэр камуністычнага мобу К., уцягнуўшы ў нос добрую палоску какаіну, — на кану пятак лімонаў. Як будзем дзяліць капусту, карашы?

— Ха-ха-ха, — гэта прабіла на сьмех нацыяналіста В., які ўжо жыць ня можа без таго, каб не задалбаць пару «караблікаў».

— Можа, па справядлівасьці — кожнаму па мільёне? — глядзіць на візаві жаласнымі і ашклянелымі вачамі сацыял-дэмакрат Ш. У чувака страшэнны аўт, яго відавочна ламае.

— А якія ў вас аргумэнты? — закідваючы ў рот жменю амфітамінаў, кажа лібэрал Л.

І тут на адхадняку канчаткова паплылі мазгі лейбарыста Б. Яму здаецца, што па пакоі ў стылі карцін Гераніма Босха носіцца чорт (чамусьці, праўда, чорт з вусамі), які намагаецца зацягнуць яго ў чысьцец. Аматар прафсаюзных правоў дастае калаш і пачынае плявацца агнём навокал. У адказ лібэрал выкідвае М-16 з надпісам «Батано Саакашвілі» і лупіць. Камуніст К. падае пад перакрыжаваным агнём, аднак перад сьмерцю пасьпявае рымэйкнуць подзьвіг Марата Казея — ірве на сабе лімонку разам з усёй народнай кааліцыяй. Усё закончана, і зранку Патрушаў радасна рапартуе, што нічога ня будзе замінаць будаўнічым атрадам БРСМ выкапаць Аўгустоўскі канал у патрэбны тэрмін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0