Масква ўсё далейшая, а непакой нарастае. Можа, недарэмна ў апошні час і папаўзьлі чуткі пра хуткую адстаўку Мальцава?

Піша Раман Якаўлеўскі.

Сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным у Сочы і ў часе маскоўскага паседжаньня Вышэйшай дзяржрады афіцыйная прапаганда назвала «новым імпульсам будаўніцтва дагэтуль невядомай сьвету саюзнай дзяржавы». Аднак мала хто зьвярнуў тады ўвагу на словы Лукашэнкі аб тым, што, размаўляючы з расейскім калегам пад чарнаморскімі пальмамі, ён пераканаў расейскага прэзыдэнта ў неабходнасьці самому прысутнічаць 9 траўня на менскім парадзе Перамогі. Зрэшты, і бяз гэтага было ясна, што бяз нашага галоўнакамандуючага беларускія Ўзброеныя сілы маршыраваць на парадзе ня будуць. Падрыхтоўка да маштабнай дэманстрацыі вайсковай магутнасьці Беларусі ішла ўдзень і ўначы.

Куды менш відавочнымі падаліся высілкі, зьвязаныя з самітам краін СНД 8 траўня. У адным з сваіх выступаў Лукашэнка выказаў здагадку, што саміт стане проста абменам сьвяточнымі «любезнасьцямі» ды знаёмствам з новымі чальцамі «клюбу кіраўнікоў краін Садружнасьці». Але паводле сьведчаньняў беларусаў Масквы, атмасфэра на саміце была далёка не перадсьвяточнай.

Кіраўнікі СНД там амаль што лаяліся: прэзыдэнты Ўзбэкістана і Беларусі «наяжджалі» на Пуціна, патрабуючы ад яго больш рашучага стаўленьня да рознага кшталту «каляровых рэвалюцыяў», Уладзімер Варонін вінаваціў у недэмакратычнасьці беларускі рэжым. Кажуць, што сустрэча кіраўнікоў СНД скончылася поўным раздраем, хоць удзельнікі мерапрыемства пастанавілі наступным разам сабрацца 22—23 чэрвеня, у 64-я ўгодкі пачатку Вялікай вайны. Але ня выключана, што гэты саміт будзе апошнім у такім складзе.

Лукашэнка зьехаў у Менск 8 траўня, пачуваючыся самотным. Але па ад’езьдзе зноў пачала цыркуляваць інфармацыя, што прэзыдэнт Беларусі мусіць усё ж 9 траўня зьявіцца ў Маскве. Але не на парадзе на Краснай плошчы, а на крамлёўскім сьвяточным прыёме. Так, 22 красавіка старшыня пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Мікалай Чаргінец паведаміў пра магчымасьць сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі і ЗША 9 траўня ў Маскве, а 29 красавіка ўжо пасол Беларусі ў Расеі Ўладзімер Грыгор’еў заявіў на прэс-канфэрэнцыі, што Лукашэнка «абавязкова вернецца ў Маскву пасьля таго, як прыме парад Перамогі ў Менску». Не прыехаў. Хоць сёй-той чакаў да самага пачатку параду на ўжо новым праспэкце Пераможцаў. Тады многія назіральнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што галоўнакамандуючы зьявіўся на вайсковым парадзе ў цывільнай вопратцы. І ў прыкметна «ўзьведзеным» настроі. Міністра абароны, які спрабаваў даваць нейкія звычайныя тлумачэньні, галоўнакамандуючы ва ўпор ня бачыў. Можа, недарэмна ў апошні час і папаўзьлі чуткі пра хуткую адстаўку Мальцава? Па прыкладзе самотнага свайго кіраўніка, кіраўніцтва краіны таксама выглядала на трыбуне далёка не сьвяточна.

Маскоўскія беларусы цьвердзяць: чуткі пра тое, што беларускі прэзыдэнт вернецца ў Маскву, распаўсюджваліся Адміністрацыяй прэзыдэнта Беларусі, да апошняга моманту перакананай, што ўзаемапаразуменьне з крамлёўскім пратаколам у гэтым пытаньні будзе знойдзена. Але арганізатары маскоўскіх урачыстасьцяў не пажадалі пайсьці насустрач пажаданьням беларускага прэзыдэнта.

Аўтарытэтныя экспэрты, якіх Крэмль пасьля 9 траўня стаў ізноў выпускаць на шырокую аўдыторыю для дыскусій на «беларускую тэму», адзначаюць наступнае. Паводле аднаго зь іх, Аляксея Арбатава, «важны сам факт таго, што Лукашэнка — адзіны з кіраўнікоў краін, якія ўнесьлі значны ўклад у перамогу над фашызмам, і кіраўнік адной з краін, якая страціла найбольшую колькасьць грамадзян у гэтай жахлівай краіне — не прысутнічаў на парадзе Перамогі і не прысутнічаў на ўрачыстым прыёме з нагоды Вялікай Перамогі. Ёсьць вялікая розьніца паміж узаемаадносінамі народаў — расейскага і беларускага — і ўзаемаадносінамі дыктатара Лукашэнкі з расейскім народам». Трэба меркаваць, дадало клопату і васямнаццатае імгненьне вясны кіраўніка ФСБ Мікалая Патрушава пра распрацоўку міжнароднага пляну зьвяржэньня ўлады ў Беларусі і выдзяленьні 5 млн даляраў. Шэф расейскай спэцслужбы, які атрымаў чэкісцкую адукацыю ў Менску, чамусьці змаўчаў пра тое, што гэтую інфармацыю можна было знайсьці ў афіцыйных амэрыканскіх крыніцах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0