Я сядзела, утаропіўшыся ў пустую сцэну ў чаканьні пачатку дзеі. Раптам нешта торкнула мой табурэт — на падлозе варушыўся малады хлопец з завязанымі чорнай стужкай вачыма.

Ад нечаканасьці я пераскочыла на суседнюю лаву. А хлопец пачаў лашчыць табурэт. Хутка ён ужо зноў быў ля мяне — абдымаў мае ногі і клаў галаву мне на калені. «Ня бойся, ён не сапраўдны», — шаптаў на вуха сусед. Так адбылося маё знаёмства з тэатрам «Eye». Тэатар дзейнічае з восені 2001 году. Кіруе ім Дзьмітры Масьцяніца — «двойчы студэнт» (рэжысура сьвята ва Ўнівэрсытэце культуры і рэжысура драмы ў Тэатральнай акадэміі). На сёньня ў трупе дзевяць чалавек ад 20 да 25 год, сярод іх — ніводнага прафэсійнага актора. Затое чатыры амаль прафэсійныя рэжысэры. Менавіта на факультэце рэжысуры сьвятаў і нарадзіўся тэатар.

Пэрформансы «Eye» — гэта паток эмоцый і імправізацыя. Акторы ведаюць толькі каркас — што і калі павінна адбывацца. А як — гэта ўжо ня так істотна, кажа Дзьмітры.

У рэпэртуары тэатру пятнаццаць пастановак. Некаторыя зь іх — аднаразовыя, прысьвечаныя пэўным датам. За тры гады свайго існаваньня тэатар выступіў каля 40 разоў — у клюбах, на вечарынах, фэстывалях. Сталай залі няма, як і прыбыткаў. Усё трымаецца на энтузіязьме, прыбытак, зборы ідуць на касьцюмы.

«Такіх тэатраў, як наш, у краіне толькі два — мы і «ІнЖэст» — то вельмі добра жывецца. Заўсёды ведаеш, што калі ты ня першы, то хаця б другі, — жартуе Дзьмітры Масьцяніца. — Калі я пачаў зьбіраць тэатар, я спачатку застаўся адзін. Увесь першы набор разьбегся. І я назваў тэатар «I» — «Я» па-ангельску, бо першы выступ мне давялося рабіць аднаму. Пасля ўжо гукі засталіся, а літары мусіў зьмяніць».

Тэатар «Eye» адкрыты: заўжды гатовы прымаць новых актораў.

…«Пяць хвілін, палёт нармальны!» — паклаўшы руку мне на галаву, казаў той самы хлопец, які на гэты раз выконваў ролю Гагарына.

28 траўня а 19-й у Моладзевым тэатры эстрады адбудзецца спэктакль тэатру «Eye» «Insomnia». Цана білетаў 6 000 руб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0