2005. Тата і ўваскрашэньні
Шмат разоў тата-нябожчык уваскрасаў у маіх снах. Уваскрашэньні адбываліся не па маёй волі; прынамсі, яны не залежалі наўпрост ад майго жаданьня ці нежаданьня ўбачыць тату. Таму ў мяне зьявілася здагадка, што ўсё паданьне пра Хрыста і ягонае ўваскрашэньне будуецца як сон пра Бога. Хрыстос — сон Бога.
10.03.2005, 12:19
1982. Вашчанка і будаўнікі
Чалавек не задаволены тым, што ён ТАКІ чалавек. Да свайго чалавечага яму карціць дадаць чужога, адсюль — чалавек-рыбіна, чалавек-птушка, чалавек-зьмяя… Прага дадаваньня штурхае вынаходнікаў да адкрыцьцяў. Чалавек лётае, плавае, поўзае, але так і не пазбаўляецца незадаволенасьці. Яго бянтэжыць сьмяротнасьць. Чалавек выдумляе бесьсьмяротнасьць душы, выдумляе ўваскрашэньне, але супакоіцца ня можа. Свае сумневы наконт бесьсьмяротнасьці ён хавае ў лябірынтах рэлігійных інстытутаў. Чалавек будуе саборы, каб часова забыцца пра небыцьцё. На пэўны час яму тое ўдаецца. Прынамсі, гэта ўдавалася зрабіць майму выкладчыку кампазыцыі Гаўрылу Вашчанку. Ён некалькі разоў апавядаў адну і тую ж гісторыю… На будоўлі сабору ў рабочых спыталі, што яны робяць. «Цэглу нашу», — адказаў адзін. «Сьцяну фарбую», — сказаў другі. А трэці абвясьціў: «Будую сабор!» Вашчанка агітаваў мяне, як і астатніх сваіх вучняў, «будаваць сабор». Як вучань, я мусіў пагадзіцца з настаўнікам. Але як мастак, я фарбаваў сьцяну. Лепш сказаць, што ты фарбуеш сьцяну, чым ганарыста думаць, нібыта малюеш Бога, адказнага за бесьсьмяротную душу.
11.03.2005, 12:42
2001. Баба і сад
Адрачэньне ад свайго самага каштоўнага можа быць шчасьцем. Прынамсі, гісторыя пра стогадовую вясковую жанчыну, расказаная Алесем Векам, пра тое сьведчыць. Пачуўшы сваю блізкую сьмерць, баба ўзяла сякеру і высекла дрэвы ў садзе. Шыкоўны сад тая баба даглядала ўсё жыцьцё, а напярэдадні сыходу адраклася ад яго і казала, што вельмі шчасьлівая ў адрачэньні. Прагматычныя вяскоўцы, зразумела, асудзілі зьнішчэньне саду, назвалі паводзіны старой старэчым маразмам і суцэльным вар’яцтвам. Мне ж у перадсьмяротным учынку бачыцца глыбокі сэнс. Я ўяўляю, як доўга старая рыхтавалася, як цяжка ёй далося само рашэньне пасячы любімыя дрэвы, якую палёгку яна адчула, калі пазбавілася ад самага дарагога і любімага, ад таго адзінага, што прывязвала яе да няспыннага кругазвароту зямнога жыцьця. Баба пасекла ня толькі дрэвы і ня столькі дрэвы, колькі штодзённую мітусьню і марную марнасьць жыцьця, а пасекшы, атрымала доўгачаканы спакой.
14.03.2005, 12:46