Ці можна напісаць дэтэктыў за паўгадзіны? Сёлетнія фіналісты конкурсу маладых літаратараў імя Ўладзімера Караткевіча, зладжанага Беларускім ПЭН-цэнтрам, мелі такое заданьне падчас адных з заняткаў.

Як высьветлілася, «лёгкі жанр» — справа цяжкая й складаная. Пятро Васючэнка, які папрасіў маладых літаратараў напісаць сынопсіс (кароткі плян) твору, атрымаў мала дэтэктываў і значна больш змрочных твораў у жанры фэнтэзі.

Вызначальнай асаблівасьцю сёлетняга конкурсу стала тое, што двое аўтараў прадставілі творы пад псэўданімамі процілеглага полу — калярытная баба Броня (Максім Восіпаў) і Алесь Жураўскі (абаяльная журналістка радыё «Свабода» Юлія Шарова).

Раман А.Жураўскага «Дон Джавані», які ўжо часткамі зьяўляўся ў Інтэрнэце, сябры журы ў кулюарах называлі моцным творам, хаця й мелі пэўныя заўвагі адносна мовы. Барыс Пятровіч, які праводзіў заняткі з канкурсантамі, зазначыў, што беларускай прозе даўно бракавала моладзевага раману, хоць і выказаў незадавальненьне традыцыйнай формай аповеду. Але пэўным «апраўданьнем» аўтарцы тут можа быць тое, што ў яе гэта першы літаратурны твор.

Баба Броня, створаная Максімам Восіпавым, — цудоўная эстрадная знаходка. Калярытная мова, трапныя дасьціпныя жарты, тонкі інтэлектуалізм — посьпех бабе Броні гарантаваны што ў «народных масах», што ў снабісцкіх колах. Даць бы агучыць гэтыя тэксты таленавітай акторцы ды выпусьціць на тэлеэкран…

Вершы… Іх заўжды шмат — зь вершаў пачынае большасьць маладых творцаў. Вялікіх адкрыцьцяў сёлета сярод вершатворцаў ня здарылася. І гэта нармальна: не абавязаны кожны год у краіне зьяўляцца новы самабытны паэт! Адзінае, што засмуціла асабіста мяне падчас слуханьня вершаў, дык гэта яўны ўплыў Андрэя Хадановіча на маладых літаратараў: спрабуючы пераняць ягоны рэцэпт посьпеху, творцы міжволі ідуць па шляху эпігонства. Іншая рэч, калі распрацоўваюцца ня вобразы і прыёмы Хадановіча, а абазначаныя ім кірункі. Тут можна згадаць для прыкладу «Інтэрнэт-дзёньнік Барбары Радзівіл», напісаны Марыйкай Мартысевіч. Свой, адрозны голас выявілі на конкурсе Алесь Сушчэўскі і Тацяна Нядбай.

Апрача «разбору палётаў», маладыя літаратары мелі магчымасьць убачыць знутры літаратурны працэс — пабыць на літаратурных спарынгах між пісьменьнікамі й крытыкамі, на сустрэчы з Уладзімерам Арловым і Аляксандрам Ірванцом.

Які плён дасьць сёлетні конкурс, пакуль ня могуць сказаць і самі арганізатары: яны ня вызначыліся, ці выдаваць зборнік некалькіх аўтараў, як у мінулыя гады, ці толькі раман «Дон Джавані». Бо калі выдаваць чарговую «братнюю магілу», навошта вызначаць наймацнейшы твор? Лепей ужо патрымаць у руках новы беларускі раман.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0