Знакі прыпынку
* * *
Цікава, што ў Чэхава знакамітае «І на нашай вуліцы будзе сьвята!» кажа — і тым самым выказвае непахіснае перакананьне ва ўсталяваньні справядлівасьці ў чалавечым сьвеце — Іван Дзьмітрыевіч Громаў, сталы прабывальнік палаты №6, вар’ят… ды яшчэ мужчына 33 гадоў.
* * *
Доктар Андрэй Яфімавіч Рагін, апынуўшыся ў палаце №6 не як доктар, а як прабывальнік, заўважыў, што «і псыхічна здаровыя людзі носяць ордэны».
«А неўраджаі ў нас праз тое, што асушылі пінскія балоты», — сьцьвярджаў паштмайстар Міхаіл Авяр’янавіч…
За савецкім часам пісьменьнікаў, каб спасьцігалі жыцьцё, з году ў год бралі на выязныя партыйна-гаспадарчыя нарады, далучалі… Неяк паехалі на Палесьсе. Паапраналі белыя халаты, пайшлі на фэрму. Па ўсёй яе даўжыні за партыйна-гаспадарчым актывам, які вядзе і накіроўвае Пётар Машэраў, тагачасны начальнік краіны, ідзём сабе… Фэрма як фэрма: справа каровы, зьлева каровы… Незразумела, што зь імі партыйна-гаспадарчаму актыву рабіць? Раптам Машэраў нахіляецца, зазірае адной карове пад бруха, задуменна — невядома з чаго — ківае галавой і далей ідзе. І сьледам за ім увесь актыў — па чарзе, як адзін чалавек, — давай зазіраць той карове пад бруха і задуменна ківаць галавой. Карова з такой пільнай увагі высокіх гасьцей нават зьніякавела…
Потым быў абед, на якім Аляксандру Кузьміну, трэцяму пасьля Машэрава начальніку, былому авіяштурману і някепскаму чалавеку, я прачытаў з нагоды ўбачанага чатыры радкі: «Сознанье вспыхнуло багрово, седые опалив виски: те, у кого соски, — коровы! А у кого х… — быки!»
Кузьмін, як і ўсе астатнія на абедзе, дзе не шкадавалі наліваць, быў трохі нападпітку — і яму спадабалася. Ён падвёў мяне да Машэрава і сказаў: «Прачытай яшчэ раз». Ну, яшчэ дык яшчэ… Толькі перадапошняе — перад быкамі — слова на гэты раз у мяне ня вымавілася, я паказаў яго адпаведным жэстам…
Машэрава вершы не кранулі, але ён зачапіўся за іх і ўдаўся са мной у выхаваўчую гаворку. Пачаў з таго, што вось пісьменьнікі, маўляў, супраць мэліярацыі, а асушэньне Палесься («каўтуна, — як ён сказаў, — на галаве Беларусі») — гэта подзвіг. Пасьля тлумачыў, якія тут чакаюцца сельскагаспадарчыя дасягненьні, даводзіў, што былыя балоты пракормяць увесь народ, — ну і гэтак далей. Карацей, задача пісьменьнікаў — адлюстроўваць і заклікаць…
Мне не здалося, што ён катэгарычна перакананы ў тым, што тлумачыць і даводзіць, інакш бы не тлумачыў і не даводзіў — хто я для яго?.. Тут і згадаў я чэхаўскага паштмайстра і нібыта жартам паўтарыў ягоную фразу.
Машэраў, як кажуць, ня ўехаў. Ён раптам крыўдануў. Але, дзякуй богу, не на мяне, на Чэхава.
«Лухта! — сказаў ён (сказаўшы абсалютную праўду). — Мы разьбіраліся з той мэліярацыяй, каля двух працэнтаў толькі было асушана. І палякі ў 1930-я трохі падсушылі. Ніхто да нас за Палесьсе ўсур’ёз ня браўся — мы першыя ўзяліся!..»
Машэраў за мэліярацыю Палесься меў ордэн. Што ж, «і псыхічна здаровыя людзі носяць ордэны».