«Грошай няма, цярпіце». Галоўныя падзеі, правалы і тэндэнцыі ў беларускім ІТ 4

Аўтар: Наталля Лубнеўская

Гэты год для ІТ-сектара выдаўся насычаным. Нарада па лічбавай сферы ў Аляксандра Лукашэнкі, гучныя анонсы рэформ у адукацыі, новыя стартапы і банкруцтвы. Мы паглядзелі, пра што ўвесь год пісаў спецыялізаваны сайт dev.by і склалі падборкі самых важных, на наш погляд, падзей, правалаў і тэндэнцый. Спойлер: айцішнікам таксама бывае нясоладка.

Топ-падзей

1. Анонс ІТ-ВНУ

Спачатку з’явілася прапанова стварыць навучальную ўстанову на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі і пабудаваць праграму, падобную да той, што выкладаецца ў амерыканскіх універсітэтах. Але падчас нарады ў Аляксандра Лукашэнкі па развіцці лічбавай сферы быў заяўлены іншы сцэнар.

Заснавальнікамі новай ВНУ для падрыхтоўкі ІТ-кадраў стануць ПВТ, яго рэзідэнты, БДУ і БДУІР. Адкрыць яе плануюць да пачатку наступнага навучальнага года.

2. Прапанова ўвесці ІТ-крэдыты

ІТ-кампаніі адлічваюць у фонд ПВТ 1% ад выручкі. На працягу года набягае сума ў 15 мільёнаў даляраў. Частку гэтых грошай цяпер хочуць скіраваць на крэдыты для атрымання адукацыі ў сферы ІТ. Ахвотныя пайсці ў праграмісты і тэсціроўшчыкі змогуць разлічваць на суму да шасці тысяч рублёў. Дарэчы, без працэнтаў. А вярнуць грошы можна будзе пасля ўладкавання на працу.

Падрабязней пра гэта можна прачытаць па спасылцы.

3. Адкрыццё STEM-класаў у вясковых школах

Фота: Аляксандр Васюковіч, dev.by

STEM-адукацыя будуецца на стыку розных навук: фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, хіміі і біялогіі. Вялікае значэнне тут надаецца практыцы. У школах, дзе ёсць адмысловыя STEM-класы, дзеці збіраюць робатаў і займаюцца праграмаваннем.

Такі клас, напрыклад, адкрылі ў Лашніцкай гімназіі (гэта пад Барысавам). Настаўнікі там ствараюць уласныя сайты, рыхтуюць відэаролікі да педнарады, а школьнікі вывучаюць Scratch і ўдзельнічаюць у турнірах па Counter Strike. З тэхнікай дапамагла асацыяцыя «Адукацыя для будучыні».

А ў пасёлку Рассвет (Клецкі раён) школа сама сабрала грошы на STEM-клас. Вырошчвалі на прышкольным участку бульбу, буракі, цыбулю, вязалі бярозавыя венікі — і прадавалі. Пасля закупілі камп’ютары і медыяўстаноўкі. А робаты з’явіліся дзякуючы другакласніку Лёню, які разаслаў кранальныя лісты ў ІТ-кампаніі.

4. Закон «аб адтэрміноўках»

Фота: Сяргей Гудзілін, nn.by

Галоўным новаўвядзеннем стала тое, што адтэрміноўка ад службы ў войску хлопцам будзе давацца ўсяго аднойчы: падчас вучобы ў каледжы ці ўніверсітэце. Хочаш пасля сярэдняй спецыяльнай адукацыі атрымаць «вышку» ці скончыць магістратуру — спачатку схадзі ў армію. Гэты закон ўскалыхнуў і ІТ-сферу, бо закрануў маладых распрацоўшчыкаў.

Працадаўцы ўбачылі ў новаўвядзенні шэраг мінусаў: упушчаная выгада, страта ведаў маладымі спецыялістамі, уцечка кадраў за мяжу. «Як адаб’ецца на кар’еры навукоўца ці прадпрымальніка навык тупога падпарадкавання і бессэнсоўнай дзейнасці?» — задаецца пытаннем кіраўнік цэнтра навучання Hard & Soft Skills Павел Вейнік.

А вось пара прыкладаў, як веды айцішнікаў прымяняюцца ў арміі. Распрацоўшчык EPAM падзяліўся, што на службе яму даручалі раздрукоўваць дакументы, уводзіць даныя ў Excel і набіраць тэксты ў Word.

Ад ІТ-роты, канечне, чакаюць распрацовак на экспарт. І конкурс там высокі — 8 чалавек на месца. Але dev.by падглядзеў адно з заданняў, якія рашаюць там вайскоўцы, — з ім можа справіцца нават навічок без вопыту.

Падрабязней пра гэта можна прачытаць па спасылцы.

5. Разумныя прыпынкі

Фота: dev.by

У Мінску пачалі ставіць прыпынкі з сэнсарным табло, інфакіёскамі, usb-партамі для зарадкі гаджэтаў і відэакамерамі. Кажуць, аналагаў ім няма нідзе ў свеце. Інвестыцыі ў адзін прыпынак — больш за 100 тысяч даляраў. Мультымедыйную сістэму збірала віцебскае канструктарскае бюро, а софт распрацоўвалі ва Украіне.

У планах паставіць у Мінску з сотню разумных прыпынкаў. І зрабіць іх яшчэ больш наварочанымі — з 3D-галаграмамі і тэрміналамі для набыцця квіткоў.

Падрабязней пра смарт-прыпынкі чытайце па спасылцы.

6. Мінск стаў адным з найлепшых стартап-хабаў у Еўропе

Мінск трапіў у тройку разам з румынскім Клуж-Напока і нідэрландскім Дэлфтам. Рэйтынг найлепшых еўрапейскіх гарадоў для развіцця стартапаў складаў інвестыцыйны фонд Atomico.

Беларуская сталіца апынулася таксама ў топ-20 па тэмпах развіцця ІТ-супольнасці. Прадпрымальнік і венчурны інвестар Юрый Мельнічак расказаў, што стала прычынай такога ўзлёту.

7. Перапіс насельніцтва ў новым фармаце

Фота: Надзея Бужан, nn.by

Сёлета адмовіліся ад папяровых анкет і выдалі ўсім валанцёрам планшэты. Упершыню перапіс насельніцтва можна было прайсці анлайн. Анкету прапаноўвалі запоўніць на сайтах census.by i перапіс.бел. Але ў першы ж дзень абедзве пляцоўкі ляглі ад наплыву наведнікаў — распрацоўшчыкі не чакалі, што ў секунду будзе 70 тысяч заходаў.

Прычынамі паломкі сталі недастатковая прапускная здольнасць інтэрнэт-злучэння ўваходнага каналу і затрымкі падчас аўтарызацыі. Праз дзве гадзіны праблемы ліквідавалі, але, як той казаў, асадак застаўся.

Пляцоўкі для анлайн-перапісу распрацоўвала кампанія Erpbel. Прыкладны кошт работ ацанілі ў 320 тысяч рублёў.

Фэйлы года

1. Банкаўскія карткі і валідатары

Фота: dev.by

З мінулага года ў метро можно праходзіць па банкаўскай картцы. А сёлета вясной новую сістэму аплаты пачалі тэсціраваць і ў наземным транспарце — пакуль толькі па маршруце трамвая №6. Рэч зручная. Не трэба мець наяўныя — прыклаў картку да валідатара і едзь сабе спакойна.

Праўда, пасажыры, якія прыкладалі кашалёк з праязным, заўважылі, што аплата можа спісацца не з яго, а з банкаўскай карткі. Кампанія IBA IT Park, якая працавала над тэхналогіяй, патлумачыла: якая картка спрацуе, залежыць ад сілы хвалі, хуткасці рэагавання карткі і іншых фактараў. Таму лепш не гуляць у рулетку, прыкладаючы ўвесь кашалёк.

А яшчэ аказалася, што можна разлічыцца карткай з нулявым балансам. Праўда, адзін раз, потым яна трапіць у стоп-ліст.

Падрабязней пра праблему чытайце па спасылцы.

2. МТБанк і новы мабільны дадатак

МТБанк перайшоў на новую аўтаматызаваную сістэму і абнавіў мабільны дадатак і інтэрнэт-банкінг. Не абышлося без збояў. Кліенты скардзіліся, што не маглі ўвайсці ў асабісты кабінет, а банк спісваў грошы за ўжо аплачаныя пакупкі (потым усё вярнулі). І так некалькі месяцаў.

3. Гомельліфт супраць айцішнікаў

Гомельліфт судзіўся з кампаніяй «Элітсофт». І вось з-за чаго. ІТ-кампанія павінна была распрацаваць праект па ўкараненні 1С. За вялікія грошы. Але ў выніку сістэма працавала з памылкамі і частку працэсаў даводзілася пералічваць у Excel. Гомельліфт патрабаваў вярнуць 70% ад цаны, заяўленай у дамове.

На «Элітсофце» расказвалі іншую версію: замоўца пашырыў аб’ём работ і не захацеў заплаціць усю патрэбную суму, таму праект перасталі абслугоўваць. А тэхзадання наогул не было. Здагадайцеся, чым скончыўся суд і каму насамрэч гэта справа падмачыла рэпутацыю.

4. Імпарцёр чая і ІТ-распрацоўкі

Незадаволенай айцішнікамі была і яшчэ адна кампанія — імпарцёр чая «Энергія». Кампанія таксама ўкараняла 1С і хацела перайсці на новую версію праграмы. Па словах дырэктара кампаніі, на паслугі айцішнікаў патрацілі 30 тысяч даляраў, а выніку не было.

«Плацім ім прыстойныя грошы, а яны кажуць: «Для ІТ гэта не сумы». Кажуць, робяць нам ласку, калі працуюць за такія грошы», — наракаў ён.

Стартапы года

1. Love Sick

Фота: Андрэй Давыдчык, dev.by

Гэта мабільная гульня ў жанры інтэрактыўнай гісторыі: чалавек сам вызначае, як будзе развівацца сюжэт. Тэксты для яе піша некалькі пісьменнікаў. За першыя шэсць месяцаў пасля рэліза гульню спампавалі тры мільёны карыстальнікаў. Пакуль Love Sick мае толькі англамоўную версію і не даступна ў Беларусі.

Беларускую геймдэў-студыю Swag Masha, якая распрацоўвала гульню, у выніку купіла кампанія Mail.ru.

Падрабязней пра Love Sick чытайце па спасылцы.

2. SpiritUp.Me

Фота: Андрэй Давыдчык, dev.by

Бот-памочнік для прадпрымальнікаў. Праект складаецца з трох блокаў: алгарытм, які камунікуе з людзьмі, база рэальных гісторый і кам’юніці. З дапамогай пытанняў бот спрабуе зразумець, што хвалюе чалавека і падабраць з базы гісторыю ці спасылкі, якія могуць быць карыснымі. Асноўныя тэмы — фінансы і праблемы ўнутры каманды.

Цікава, што аўтаркі стартапа прыйшлі ў ІТ з іншых сфераў. Адна прадала кафейню і маркетынгавы бізнэс, а другая пакінула пост кіраўніцы ў рэкламным агенцтве.

Падрабязней пра SpiritUp.Me чытайце па спасылцы.

3. Artyline

Інструмент пераўтварае намаляваныя ад рукі скетчы ў гатовыя дызайн-макеты. Робіцца гэта з дапамогай камп’ютарнага зроку. Наводзіш камеру на скетч — алгарытм распазнае элементы, замяняе іх на рэальныя карцінкі і накладае на фота шаблон са стылем.

Карысная праграма для праекціроўшчыкаў дызайну, якая дапамагае аўтаматызаваць частку аперацый і зэканоміць час. Дадатак, дарэчы, выйграў Venture Day Minsk 2019.

Падрабязней пра Artyline чытайце па спасылцы.

4. Daedalean AI

Фота: Віка Герасімава, dev.by

Гэта стартап, які распрацоўвае сістэму самакіравання для самалётаў і верталётаў. Іх аўтапілот зможа лятаць і здаваць экзамен нароўні з лётчыкам-чалавекам. Па сутнасці гэта камера і праграма, якая апрацоўвае візуальны сігнал.

Стартап швейцарскі, але сёлета ён адкрыў офіс распрацоўкі ў Мінску. «Абсалютна абалдзелі ад узроўня мясцовых праграмістаў», — дзялілася ўражаннямі замежная каманда інжынераў.

Падрабязней пра Artyline чытайце па спасылцы.

Топавыя цытаты

«Міністэрства лічбавай эканомікі магло б замкнуць на сабе ўсе працэсы інфарматызацыі ў краіне». Віктар Пракапеня

Віктар Пракапеня сёлета наогул быў адным з галоўных ньюсмэйкераў. Новае міністэрства ён прапанаваў стварыць падчас нарады ў Аляксандра Лукашэнкі па ІТ. Па задуме, фінансаваць работу лічбавых чыноўнікаў будзе ПВТ і міністэрства абароняць ад уплыву з боку сілавых структур. Але ці з’явіцца яно — вялікае пытанне.

«Аднаго нават з турмы дасталі». Аляксандр Лукашэнка

Гэтую гісторыю — не называючы імёнаў — кіраўнік краіны расказаў на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ.

«Да мяне прыйшлі і кажуць: вось хлопец, такі, сякі. Кажу: за што трапіў? «Падаткі». Падаткі, кажу, — гэта нават размовы быць не можа. Але заплаціў, лішак пераплаціў і іншае. І той, хто за яго прасіў, калі шчыра, за яго заплаціў у бюджэт не адзін мільён даляраў. На такіх падставах — добра, я выкарыстаю сваё права, чалавека амністую. І я не шкадую. Ён прынёс вялізную карысць».

«Uh, no». Ілан Маск

Гэты адказ Ілана Маска ў Твітары, калі яго спыталі, ці сапраўды ён дарыў Лукашэнку Tesla, імгненна стаў мемам. Адзін з беларускіх брэндаў нават выпусціў цішоткі з такім прынтом.

«Насамрэч ніхто не ведае, што цяпер рабіць з адукацыяй». Міхаіл Дубакоў

Тэму адукацыі абмяркоўваюць усе. Сваімі развагамі на гэты конт падзяліўся і кіраўнік Fibery Міхаіл Дубакоў. Сярод яго прапаноў — зрабіць адукацыю платнай на ўсіх узроўнях, спрасціць дакументазварот у сферы, вызваліць на 20 гадоў ад падаткаў усе школы, каледжы і ўніверсітэты.

Галоўныя ІТ-тэндэнцыі

1. Кадравы голад

Попыт на айцішнікаў у Мінску велізарны. Але вось у чым парадокс: патрэбныя высокакваліфікаваныя спецыялісты з вопытам, а не навічкі. Навічкоў на рынку акурат шмат, і кампаніі мала зацікаўлены ў іх. Вучыць вельмі дорага, а карысць айцішнік-пачатковец пачне прыносіць толькі праз 6-8 месяцаў пасля старту.

Затое на вопытных распрацоўшчыкаў — сапраўднае паляванне. Кампаніі гатовы пераманьваць іх і плаціць па пяць тысяч даляраў.

2. Айцішнікам не плацяць заробкі

І такое бывае. Напрыклад, мінскі офіс стартапа Play2Life не атрымліваў заробак два месяцы. Супрацоўнікі кажуць, што ўсё праз неразумнае кіраванне кампаніяй: грошы спускаліся на вецер дзеля пантоў. Вялікі офіс у цэнтры, маркетынгавыя мерапрыемствы. Кіраўніцтва ж тлумачыла, што страціла грошы, бо ўклалася ў крыптавалюту і прагарэла.

Яшчэ адна гісторыя з затрымкай заробкаў здарылася ў кампаніі «Альтарсбел». «Проста няма грошай, цярпіце», — суцяшаў супрацоўнікаў наймальнік і абяцаў, што да канца года ў кожнага будзе кватэра. Па некаторых версіях прычынай зноў стала няўменне распараджацца сродкамі.

3. Кампаніі закрываюцца

У прынцыпе, гэта натуральны працэс. Гульцоў на ІТ-рынку становіцца больш і не ўсе выжываюць. Пра банкруцтва сёлета аб’явіла кампанія-рэзідэнт ПВТ Zensoft. Галоўны офіс з больш чым 100 работнікамі закрыў Intellectsoft (хоць абяцаюць, што будуць адкрываць новы).

4. Стала больш жанчын у ІТ

Кожны чацвёрты работнік у ІТ — жанчына. Паводле даследавання dev.by, вырас таксама сярэдні ўзрост айцішнікаў — цяпер гэта 29 год. Большасць кадраў пастаўляюць БДУІР, БДУ і БНТУ, але разам з тым усё часцей сустракаюцца выпускнікі эканамічнага і лінгвістычнага ўніверсітэтаў.

5. Купляць кватэры ўжо не модна

Свая кватэра ёсць у 45% апытаных айцішнікаў. Але ў апошнія гады колькасць уладальнікаў жылой плошчы крыху зніжаецца. З аднаго боку, гэта можна звязаць з прытокам у галіну новых супрацоўнікаў, якія толькі пачынаюць вывучаць варыянты крэдытавання. З іншага, маладыя работнікі не хочуць быць прывязанымі да ўмоўнай двушкі ў «спальніку».

6. Сярэдні заробак — $1922 

За год ён павялічыўся на 9%. Цікава, што праграмісты-пачаткоўцы ацэньваюць свой максімум у $2000, вопытныя — у $3500.

Паводле апытання dev.by, кожны чацвёрты айцішнік траціць усё, што зарабляе. Амаль палова не інвестуе грошы, а захоўвае «пад падушкай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?