Пра газету «Наша Ніва»
Газета «Наша Ніва» была заснаваная ў 1906 годзе ў Вільні і адноўленая ў 1991-м. Выходзіць штотыднёва, у сераду. Паралельна з папяровым выданнем з 1997 году існуе Інтэрнет-сайт газеты nn.by.
Гісторыя газэты
1906–1915 гады ў беларускай гістарыяграфіі называюцца «нашаніўскім пэрыядам». Бо з выхадам 10 (23) лістападу 1906 г. у Вільні першага нумару тыднёвіка «Наша Ніва» была запачаткаваная цэлая эпоха ў разьвіцьці беларускай культуры і грамадзтва.
Фактычна «Наша Ніва» на пачатку ХХ стагодзьдзя вытварыла беларускую літаратурную мову, беларускую клясычную літаратуру, беларускую дзяржаўніцкую ідэю. Скіраваная на шырокую асьветную працу, гэтая газэта стала цэнтрам масавай грамадзкай інфармацыі. Яе выданьне суправаджалася рэнэсансам інтэлектуальнага жыцьця, у ёй друкавалася цэлая плеяда пісьменьнікаў, якія сталі клясыкамі беларускай літаратуры – сярод іх Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч.
«Наша Ніва» асьвятляла шырокі спэктар палітычных, эканамічных і культурных праблемаў. Газэта мела цьвёрдую задачу кансалідацыі беларускай палітычнай нацыі. Пры гэтым, як адзначалі сучасьнікі, для многіх «Наша Ніва» была першай крыніцай інфармацыі, якая ня несла казённай адзнакі.
Характэрнай асаблівасьцю газэты ад першых дзён выданьня была моцная інтэрактыўная сувязь з чытачамі. Газэта мела больш за тры тысячы сталых і часовых карэспандэнтаў, якія дасылалі інфармацыі й свае матэрыялы ў Рэдакцыю. Прыход у літаратуру і журналістыку вялікай колькасьці аўтараў з розных мясцовасьцяў Беларусі стварыў магчымасьць вытварыць літаратурную мову, замацоўваючы як норму найбольш пашыраныя моўныя зьявы. Сам кшталт сучаснай беларускай літаратурнай мовы, асноўныя правапісныя і граматычныя нормы, словаўтваральныя тыпы былі выпрацаваныя, дзякуючы функцыянаваньню выданьня і жывой моўнай практыкі на старонках газэты. У матэрыялах, прысьвечаных моўнай праблематыцы, падкрэсьлівалася, што беларуская мова – нацыянальнае багацьце беларусаў.
Падпісчыкі й дапісчыкі газэты вырасталі ў цэнтральныя асобы нацыянальнага палітычнага і інтэлектуальнага жыцьця (як Цішка Гартны, у будучыні адзін з кіраўнікоў БССР).
У Рэдакцыі газэты працавалі выдатныя беларускія літаратары, публіцысты і палітычныя дзеячы. Выдаўцом i рэдактарам быў Аляксандар Уласаў. Адным з ідэолягаў выданьня – Іван Луцкевіч, стваральнік славутага віленскага Беларускага музэю і фундатар шматлікіх палітычных і культурных праектаў. Побач зь ім працаваў ягоны брат, ідэоляг Беларускай сацыялістычнай грамады Антон Луцкевіч. З 1909 г. сакратаром газэты, а ў 1912–1913 г. фактычным яе рэдактарам стаў Вацлаў Ластоўскi. З «Нашай Нівай» супрацоўнічаў клясык літаратуры Якуб Колас. Вядомыя кожнаму беларускаму школьніку творцы Максім Багдановіч і Зьмітрок Бядуля таксама дэбютавалі ў «Нашай Ніве». А славуты нацыянальны паэт Янка Купала ў лютым 1914 г. стаў яе рэдактарам. Ён кiраваў газэтай да восенi 1915 г., калі «Наша Ніва» была пастаўленая царскай ваеннай цэнзурай у немагчымыя для існаваньня ўмовы.
Адстойваньне беларускіх нацыянальных інтарэсаў правакавала нападкі з боку афіцыйнае цэнзуры цягам усяго існаваньня газэты. Нават у арганізаванай у 1907 г. дыскусіі па аграрным пытаньні, у тым ліку ў артыкуле «Зямельная справа ў Новай Зэляндыі», была знойдзеная «крамола» і «непавага да ўраду». Супраць рэдактара Аляксандра Ўласава распачаўся судовы перасьлед. Некалькі разоў наклад газэты канфіскоўваўся, рэдакцыя плаціла штрафы.
Нягледзячы на абвінавачаньні з боку цэнзуры ў рэвалюцыйнасьці, «Наша Ніва» выступала за мірны і паступовы прагрэс праз дэмакратызацыю цэнтральных і мясцовых органаў улады, няспынна нагадвала пра неабходнасьць паважаць правы кожнага народу, цаніць усякую культуру.
Культурная адкрытасьць «Нашай Нівы» выявілася таксама ў тым, што ад пачатку, пакуль дазвалялі сродкі, газэта друкавалася двума шрыфтамі – кірыліцай і лацінкай (так было да кастрычніка 1912 г.).
Вакол Рэдакцыі газэты ўзьнікалі аўтаномныя культурныя і сацыяльныя праекты. «Наша Ніва» выконвала функцыю каардынацыйнага выдавецкага цэнтру. Асабліва папулярнымі былі штогадовыя «Беларускія календары» – альманахі, у якіх чытачы знаходзілі ня толькі звычайныя даведачныя зьвесткі, але й літаратурныя творы. Выдавецтва выпускала таксама асобныя кніжкі, арыгінальныя і перакладныя. У 1912 г. у Вільні пачаў выдавацца сатырычны часопіс «Крапіва», а сельскагаспадарчы аддзел «Нашай Нівы» перарос у самастойны часопіс «Саха», які з канца 1913 г. выдаваўся ў Менску. Адзін з заснавальнікаў «Нашай Нівы» Іван Луцкевіч пачаў пры Рэдакцыі збор калекцыі для будучага беларускага Нацыянальнага музэю ў Вільні. Большая частка яго фондаў цяпер захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музэі Літвы.
Супрацоўнікі газэты дапамагалі станаўленьню Першай беларускай тэатральнай трупы Ігната Буйніцкага. Шмат увагі надавала газэта папулярызацыі прыродазнаўчых, эканамічных, прававых і аграрных ведаў. Маштаб зьдзейсненага і зададзеныя імпульсы дазволілі гісторыкам і культуролягам акрэсьліць пэрыяд разьвіцьця беларускай культуры пачатку ХХ ст. як «нашаніўскі», маючы на ўвазе якасныя і колькасныя змены ў станаўленьні сучаснай культуры і грамадзтва.
Першая спроба аднаўленьня газэты была прадпрынятая ў 1920 г. таксама ў Вільні, дзе 28 кастрычніка выйшаў першы нумар грамадзка-палітычнага і літаратурнага штотыднёвіка «Нашай Нівы». У сьнежні 1920 г. газэта «Наша Ніва» была забаронена польскай вайсковай цэнзурай.
Сучаснасьць газэты
Маштабныя трансфармацыі ў нашай частцы сьвету і разгортваньне нацыянальна-вызваленчага руху зрабілі магчымым аднаўленьне газэты. Ад траўня 1991 году ў Вільні «Наша Ніва» зноў пачала выходзіць, гэтым разам пад рэдакцыяй Сяргея Дубаўца. Адноўленае выданьне заняло выключнае месца сярод іншых беларускіх пэрыёдыкаў. «Наша Ніва» адмовілася ад «абарончай стратэгіі», скіраванай на эмансыпацыю беларускай культуры. На старонках «Нашай Нівы» значнае месца занялі дыскусіі на ўнівэрсальныя тэмы, зьявілася вялікая колькасьць перакладаў. У цэнтры ўвагі апынулася таксама сынтэтычная культура Вільні як спадчыны Вялікага Княства Літоўскага і мадэль узаемаадносінаў народаў рэгіёну.
Палітычныя і сацыяльныя працэсы ў Беларусі прывялі да фармуляваньня новых выклікаў для беларускага грамадзтва. У парадку дня зьявілася праблема паўнавартасных мэдыяў. Таму ў 1996 г. было прынятае рашэньне пра перанясеньне рэдакцыі ў Менск і трансфармацыі «Нашай Нівы» з выданьня літаратурна-інтэлектуальнага ў выданьне грамадзка-палітычнага характару. «Наша Ніва» зноў стала ўласна газэтаю, якая надае вялікую ўвагу палітычным, сацыяльным і культурным працэсам у Беларусі і ў сьвеце.
У 1998 годзе газэта дабіваецца сымбалічнае перамогі ў Найвышэйшым гаспадарчым судзе, адстойваючы сваё права выдавацца клясычным, незрусіфікаваным правапісам.
Ад 1999 году газэта вяртаецца да штотыднёвае пэрыядычнасьці.
Ад 2000 году рэдактарства ў «Нашай Ніве» пераймае Андрэй Дынько.
Ад 2002 году аб’ём газэты павялічваецца з 12 да 16 старонак, ад 2005 году – да 24-х.
У 2005 годзе ўлады забараняюць распаўсюд газэты празь «Белпошту» й «Белсаюздрук». Газэта выжывае, дзякуючы стварэньню ўласнай сыстэмы распаўсюду. Яна пераходзіць у кішэнны фармат і павялічвае колькасьць старонак да 48-мі.
Ад 2006 году інтэрнэт-вэрсія «Наша Ніва» пачынае эвалюцыю ў фармат інтэрнэт-газэты, прыстасоўваючы тэхналёгію выданьня да эпохі электронных СМІ.
Нягледзячы на перапынкі, традыцыя выданьня «Нашай Нівы» існуе ўжо сто гадоў. Для беларускай прэсы гэта ўнікальная зьява, памножаная тым, што «Наша Ніва» заўжды была выданьнем грамадзкім і ніколі – дзяржаўным, ніколі не трапляла пад кантроль аўтарытарнай ці таталітарнай улады. Ва ўсе пэрыяды існаваньня газэты на яе старонках прапаноўваліся і дыскутаваліся культурныя мадэлі, якія дапамагалі беларусам станавіцца сучаснай нацыяй.
У 1990-я было распачата факсымільнае ўзнаўленьне выданьня 1906–1915 г., а таксама пачаў выходзіць «Слоўнік мовы «Нашай Нівы». «Наша Ніва» – гэта культурны сымбаль і жывая традыцыя. Яна і сёньня, як і сто гадоў таму, – увасабленьне незалежнага беларускага грамадзтва, якое змагаецца за свае палітычныя і культурныя правы.






