Я ўжо прызвычаілася да таго, што лісты, якія прыходзяць з‑за мяжы, рапакаваныя для дагляду, а пасьля заклееныя скотчам. Мусіць жа нехта даставаць з капэртаў лішнія літры алькагольнай прадукцыі і браць на сябе вірусы сыбірскай язвы, якія мне дасылаюць сябры. Але той факт, што за чужое задавальненьне дагледзець маю карэспандэнцыю я ж і вінная пошце 2130 рублёў, — гэта нешта навюткае.

Як патлумачылі «Беларускім навінам» у РУП «Белпошта», згодна з Мытным кодэксам паштары мусяць ад імя атрымальніка перадаць усе міжнародныя паштовыя адпраўленьні — лісты, якія маюць таварныя ўкладаньні, і бандэролі — для надгляду.

Надгляд беларуская мытня робіць з дапамогай тэхнічных сродкаў, то бо рэнтгенаўскага апарата, альбо рукамі: па просьбе мытнага інспэктара і ў ягонай прысутнасьці два працаўнікі пошты ўскрываюць адпраўленьні й заклейваюць іх назад. А з жніўня 2007 году выдаткі пошты па аказаньні такога кшталту паслуг сплачвае адрасат. За надгляд сваёй карэспандэнцыі беларусы вінныя паштарам 2130 рублёў зь ліста.

Спаганяючы плату, пошта спасылаецца на тое, што ў студзені 2007 году ў Беларусі ўступіла ў сілу Сусьветная паштовая канвэнцыя. Разьдзел 4 гэтай канвэнцыі сапраўды дазваляе паштовай адміністрацыі краіны адпраўкі й краіны прызначэньня перадаваць на мытны надгляд адпраўленьні пісьмовай карэспандэнцыі. Агаворваецца таксама магчымасьць спаганяць гэты тарыф з адпраўнікоў ці з адрасатаў паштовых адпраўленьняў.

Вынікае, што з спасылкай на міжнародныя дакумэнты нас можна забавязаць плаціць за чужыя задавальненьні. Яшчэ пару міжнародных канвэнцый і беларусы будуць плаціць за ўсё. Ваш ліст ускрывалі? Прайдзіце ў касу, калі ласка. Ваша валіза агледжаная? Будзьце ласкавыя аплаціць рахунак за электрычнасьць, выдаткаваную на рэнтген. Ахова правяла асабісты дагляд і вас папрасілі апрануцца-распрануцца? Гэта таксама зусім ня дорага, гэтая паслуга нашая любімая.

Бадай, у гэтым выпадку нават Сусьветная паштовая арганізацыя ня будзе разглядаць скаргі незадаволеных беларусаў. Застаецца спадзявацца на эканамічны цуд, які дапаможа дзяржаўным прадпрыемствам аказваць паслугі дзяржаўным камітэтам без матэрыяльнай падтрымкі з боку насельніцтва. А пакуль пішыце адно адному электронныя лісты.

Марына Рахлей, «Белорусские новости»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0