Агент немцаў, а пасьля амэрыканцаў. Жывы пасьля сьмерці. Гісторык Сяргей Ёрш зноў спрабуе разгадаць таямніцы лідэра беларускага антысавецкага супраціву і публікуе невядомыя раней фоты.

На 5 лістапада прыпадаюць 100-я ўгодкі з дня народзінаў Міхала Вітушкі, кіраўніка паваеннага беларускага антысавецкага Супраціву. Ён пражыў доўгае жыцьцё, памёр летась у Заходняй Нямеччыне ў 98 гадоў. Дакумэнтальных доказаў гэтага дагэтуль не апублікавана, таму ня дзіўна, што ёсьць нямала тых, хто ня верыць у згаданую вэрсію лёсу Міхала Вітушкі. Гэта паказаў і нядаўні форум на сайце «Нашай Нівы».

Эміграцыйная прэса пісала не пра Вітушку, а пра дзейнасьць «Вітаўта»

Варта патлумачыць, што калі ў 1991 годзе я пачаў дасьледаваць Беларускі паваенны Супраціў, на той час не існавала ніводнай працы, напісанай на гэтую тэму. Існавалі толькі некалькі дзясяткаў публікацый у эміграцыйным друку, якія пераважна зьявіліся ў канцы 40-х — пачатку 50-х. З супрацьлеглага боку можна хіба толькі назваць тэндэнцыйную кнігу Васіля Раманоўскага «Саўдзельнікі ў злачынствах» (Менск, 1964). І ўсё. Пачынаць даводзілася з нуля, складаючы бібліяграфію, пэрыядызацыю, першыя біяграмы Родзькі, Вітушкі, Гелды, запаўняючы шматлікія «белыя плямы» вэрсіямі. З 1993 году пачалі зьяўляцца мае публікацыі. Памылак хапала. У апошнія гады яны выпраўленыя (гл. кнігу «Беларускі Супраціў», напісаную разам з а. С. Горбікам і выдадзеную ў 2006 г. у Львове). На жаль, ёсьць аматары выцягваньня з нэту старых артыкулаў, якія абсалютна не бяруць увагі на найноўшыя публікацыі.


Міхась Вітушка. 1943 г.
Здымак з архіву С.Ярша

Як высьветлілася, большасьць артыкулаў у беларускім эміграцыйным друку ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х гадоў пра «партызанскі рух Вітушкі» насамрэч апісвала дзейнасьць аўтаномнай беларускай арганізацыі «Вітаўта» (пры гэтым, відавочна, перабольшвалі яе масштабы), якая дзейнічала на Віленшчыне і ў Летуве (яе амаль цалкам ліквідавалі ў канцы 1947-га). Яшчэ на канфэрэнцыі партызанскіх камандзіраў у верасьні 1945-га ў Белавескай пушчы М. Вітушка забараніў сваім падначаленым самастойна кантактаваць з эміграцыйнымі арганізацыямі і даваць ім інфармацыю пра структуру партызанскага руху ды яго дзейнасьць.

Хто «пахаваў» Вітушку каля возера Кернава?

Вэрсія пра гібель Міхала Вітушкі ў студзені 1945 году ў Рудніцкай пушчы на Віленшчыне зьявілася дзякуючы апэратыўнікам савецкай дзяржбясьпекі. Гэта яны не разабраліся ў складанай гульні, якую вялі нямецкія спэцслужбы і кіраўнікі беларускай падпольнай арганізацыі «Чорны Кот». Некалькі гадоў МГБ СССР верыла, што Вітушкі няма ў жывых. Пасьля высьветлілася, што яны памыліліся. Аднак афіцыйна гэта не было прызнана, таму міт дажыў аж да нашых часоў.

Захаваліся сьведчаньні маёра МГБ Віктара Іванова. У студзені 1955 году яго арыштавалі «за измену родине», а насамрэч — за ўдзел у фальсыфікацыях крымінальных спраў у часы Берыі. Падчас сьледзтва ён распавёў шмат дзіўных рэчаў. Паводле яго словаў, яшчэ ў час вайны на загад Л. Берыі было выраблена больш за 4600 савецкіх пашпартоў узору 1939-1940 гг. на імёны «наиболее активных предателей». Адной з задачаў гэтай акцыі было даказаць савецкае грамадзянства асобаў, якія да 1939 году жылі на тэрыторыі Польшчы, Летувы, Латвіі і Эстоніі. Іваноў сьведчыць, што гэтыя пашпарты падкладваліся арыштаваным, а таксама забітым «противникам советской власти». (Крымінальная справа Іванова Віктара Сяргеевіча № 274/56-11. Архіў ФСБ РФ, арк. 267.)

Зь верасьня 1944 г. да чэрвеня 1945 г. В. Іваноў быў прыкамандзіраваны да асобай групы МГБ на тэрыторыі БССР. Дзейнічала яна і ў сумежных раёнах Летувы. Іваноў быў удзельнікам ліквідацыі атраду АК каля возера Кернава ў студзені 1945 году. Ён сьведчыць, што ўдзельнічаў у апазнаньні цела «известного пособника немецко-фашистских оккупантов М.О. Витушки». Апазнаньне базавалася выключна на сьведчаньнях затрыманых, бо даставіць труп у Менск ці Маскву для дэтальнай экспэртызы не было магчымасьці. Труп быў эксгумаваны, паводле паказаньняў некалькіх акоўцаў. Аднак у тым раёне ў той час дзейнічалі буйныя аддзелы АК, і чэкісты не хацелі абцяжарваць сябе трупам.

В. Іваноў сьведчыць, што да матэрыялаў справы быў прыкладзены пашпарт М.А. Вітушкі, які камандзір асобай групы МГБ атрымаў у Маскве. (*Тамсама, арк. 321.)

У красавіку 1945 году некалькі членаў асобай групы, у тым ліку і Іванова, выклікалі ў Маскву для дачы тлумачэньняў па факце выяўленьня «М.А. Вітушкі» іншым аддзелам МГБ і яго пакараньня сьмерцю ў канцы лютага — пачатку сакавіка 1945-га. Сьцьвярджалася, што пры «задержанном оказались немецкие документы на имя М.О. Витушки». Камісія МГБ зьверыла паказаньні прадстаўнікоў асобых груп і зрабіла выснову, што дзе б ні скончыў жыцьцё «враг народа», неістотна. Усе чэкісты-апэратыўнікі атрымалі вымовы за «служебную халатность». (*Тамсама, арк. 326.)

Гэтыя дакумэнты шмат што тлумачаць. Яны пацьвярджаюць наяўнасьць двайнікоў Міхала Вітушкі і сам факт існаваньня «апэрацыі прыкрыцьця». Насамрэч, каля возера Кернава загінуў Мікалай Вітушка, былы афіцэр Чырвонай Арміі, агент абвэра, які неаднаразова перакідваўся з заданьнямі ў савецкі тыл. Гэта ён ачольваў дэсант 17 лістапада 1944 году.

Міхал Вітушка са сваім атрадам напрыканцы сьнежня 1944 году быў перакінуты ў раён Варшавы, дзе ў спэцбункеры быў разгорнуты Галоўны штаб беларускага партызанскага руху.

Напад на Наваградак быў, але ім камандаваў не Вітушка

На згаданым форуме «НН» ставіўся пад сумнеў напад беларускіх партызанаў на Наваградак у 1948 годзе. Упершыню пра гэтую акцыю 15 верасьня 1949 году напісала эміграцыйная газэта «Беларускае слова», якую ў Заходняй Нямеччыне рэдагаваў Юрка Віцьбіч. Паводле гэтай публікацыі, горад на некалькі гадзінаў захапіў 500-асабовы атрад на чале зь Вітушкам, былі захопленыя будынкі МГБ, савецкіх і партыйных установаў, казармы, вызваленыя вязьні з турмы.

Насамрэч, той апэрацыяй камандаваў былы афіцэр Чырвонай Арміі, вядомы па мянушцы «Сьцяпан». Да гораду былі сьцягнутыя партызанскія групы агульнай колькасьцю ад 130 да 170 чалавек (сярод іх была і група ўкраінцаў-бульбаўцаў). Іх задачай быў не захоп Наваградка, а вызваленьне з турмы МГБ арыштаванага дзеяча Беларускага Супраціву. Пасьля пасьпяховага правядзеньня апэрацыі, беларускія партызаны хутка пакінулі горад. Распавядаю пра яе паводле ўспамінаў былога камандзіра партызанскага атрада «Белавежа».

Пра захоп Наваградка атрадам «Чорнага Ката» і вялікія страты савецкага боку паведамляе кніга «Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Навагрудскага раёна» (Мінск, 1996, с. 537).

Беларуская эміграцыя маўчала

Беларуская эміграцыя ня ўдзельнічала ў дыскусіях у справе Міхала Вітушкі, якія ад сярэдзіны 90-х адбываліся ў незалежным і дзяржаўным друку на Бацькаўшчыне. Яна маўчала. Максымум, што рабілася — гэта перадрукі артыкулаў, у тым ліку з «Нашай Нівы», у амэрыканскім «Беларускім дайджэсьце»


Вокладка партызанскага
выданьня

Хіба толькі адна таронцкая газэта «Беларускі голас», якую рэдагаваў Сяргей Хмара (Сіняк, у канадзкіх дакумэнтах — Мар’ян Зіняк), некалькі разоў пісала на гэтую тэму. Беларускі эміграцыйны дасьледчык Юрка Стасевіч у артыкуле, прысьвечаным пасьляваеннай партызанцы, адзначаў, што «лёс Вітушкі й Ганька невядомы. ГПУ (маецца на ўвазе КГБ — С. Ё.), па афіцыйных вестках, значна пазьней шукала іх аж у Казахстане і іншых мясьцінах Азіі, дзе яны мелі ўкрывацца». (Стасевіч Ю. Беларуская партызанка па II вайне // Беларускі голас, 1981, № 292, красавік.)

Гэтая інфармацыя цікавая найперш тым, што побач з прозьвішчам Вітушкі згадваецца і прозьвішча Міхала Ганька. Пра яго ўдзел у пасьляваенным Супраціве да таго часу ніхто не пісаў.

Праз два гады пасьля той публікацыі Стасевіч друкуе ў «Беларускім голасе» рэцэнзію на сумнавядомую кнігу Лофтуса і называе Міхала Вітушку сярод жывых дзеячоў беларускай эміграцыі! Яго прозьвішча ён паставіў побач з Касмовічам, Адамовічам, Тумашам, Калубовічам і Касяком. (Стасевіч Ю. Беларускі Сакрэт // Беларускі голас, 1983, № 307, люты.)

Гэта была адна з апошніх публікацый Стасевіча, неўзабаве ён памірае. Больш ніхто ў эміграцыйным друку пытаньня лёсу М. Вітушкі не ўздымаў.

Вясной 1997-га я прапанаваў намесьніку старшыні Рады БНР Барысу Рагулю ўшанаваць на заплянаванай на ліпень у Вільні сэсіі Эўрапейскага сэктару Рады БНР памяць Міхала Вітушкі. Рагуля спачатку пагадзіўся, прапанаваў напісаць даклад, зазначыў толькі, што «параіцца з нашымі вэтэранамі». На сэсіі гэтае пытаньне Рагулем не ўздымалася, ясных тлумачэньняў ён мне ня даў (пасьля ў пратакол сэсіі будуць уключаныя словы пра ўшанаваньне памяці генэрала Вітушкі і іншых змагароў). Можна было б падумаць, што Рагуля навёў даведкі і атрымаў інфармацыю, што Вітушка яшчэ жывы.

Жыцьцё Вітушкі на Захадзе

Дакумэнтальных сьведчаньняў пра гэты пэрыяд жыцьця Міхала Вітушкі ў нашым распараджэньні амаль няма. Ёсьць сьведчаньні двух удзельнікаў беларускага партызанскага руху (беларуса і немца), якія цяпер жывуць у Нямеччыне. Ёсьць вокладка дакладу пра дзейнасьць «Чорнага Ката» і яго кіраўніка, «лідэра Беларускага нацыянальнага рэзыстансу» Міхася Вітушкі на тэрыторыі СССР і Польшчы ў 1945-1956 гг., накіраванага ў спэцыяльную камісію Кангрэса ЗША.

Сьляды Міхала Вітушкі «губляюцца на эміграцыі пасьля 1975 году (адну з апошніх згадак пра яго знаходзім у аднаго з арганізатараў УПА Максіма Скарупскага, які добра ведаў Вітушку)». Адзначым, што Скарупскі, як і Вітушка, супрацоўнічаў з заходнімі спэцслужбамі, таму ён і мог яго добра ведаць.

Дзесьці ў сярэдзіне 70-х Вітушка выходзіць на пэнсію. Пачынае пісаць успаміны (за імі цяпер шмат хто палюе, але беспасьпяхова, пакуль не пашанцавала і мне), кантактуе зь некаторымі дзеячамі беларускай эміграцыі. Даказаць дакумэнтальна гэтыя кантакты амаль немагчыма. Вось што напісаў у лісьце зь Нямеччыны пасьля прачытаньня згаданага форуму «НН» былы камандзір партызанскага атраду «Белавежа»:

«Ці вырашыць пытаньне факт, што Вітушка [на Захадзе] меў справу з малавядомымі сучаснай беларускай гісторыі людзьмі? Напэўна ж, не! Ім падавай сустрэчы, як мінімум, з прэзыдэнтам ЗША! А калі людзі сустрэліся кансьпірацыйна і нікому пра гэта не казалі? А калі абодва чалавека памерлі і ўспамінаў [пра сустрэчу] няма — кансьпірацыя была тады? Я ведаю, што Астроўскі па тэлефоне зь Вітушкам некалькі разоў размаўляў, магчыма, нават сустракаўся. Але ж пісьмовых доказаў ня маю.

Аднаго разу сьв. пам. Уладзімер [Сенька, бліжэйшы паплечнік М. Вітушкі, яго прадстаўнік на Захадзе падчас партызанкі - СЁ] прагаварыўся: а. Леў [Гарошка] — наш амбасадар у легальным сьвеце. Умее і здатны захоўваць таямніцы. Калі той быў у Рыме, нашы да яго прыяжджалі. Ці пакінуў ён пра гэта нататкі, невядома…».

Наперадзе нас чакаюць яшчэ спрэчкі ў справе ацэнкі дзейнасьці М. Вітушкі і кіраванага ім партызанскага руху. Важна ня йсьці па шляху «бандэраўскіх» гісторыкаў, для якіх існуе толькі гераічная гісторыя ЎПА, а шмат на што яны заплюшчваюць вочы. Вось і Шухевіч, які адзначыўся ўдзелам у карных акцыях у Беларусі, стаў «героем Украіны». Варта гаварыць пра трагічнасьць сытуацыі, якую выбралі для сябе Вітушка і яго партызаны. Атрады «Чорнага Ката» ствараліся ад пачатку не як самастойныя баявыя адзінкі, а пры падтрымцы нямецкіх спэцслужбаў, праходзілі адмысловую падрыхтоўку, атрымалі ў сваё распараджэньне сетку бункераў, зброю, сродкі сувязі. Адпаведна, мусілі выконваць нямецкія загады аж да капітуляцыі Нямеччыны. Дзесьці ў 1947 годзе распачалося супрацоўніцтва арганізацыі Вітушкі з заходнімі спэцслужбамі. Таму МГБ разглядаў барацьбу зь ёй як змаганьне з «амэрыканскай выведчай сеткай». Гэта, а таксама праца шэрагу беларускіх палявых камандзіраў і кансьпірацыйнікаў у заходніх спэцслужбах пасьля сыходу на Захад, прымушае іх маўчаць і сёньня. Многія дакумэнты пра іх барацьбу на Бацькаўшчыне дагэтуль засакрэчаныя, і ня толькі на Ўсходзе, але і на Захадзе.

Сяргей Ёрш

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0