Расейская інтэрнэт‑кампанія «СУП» поўнасьцю набыла вядомы інтэрнэт‑сэрвіс LiveJournal.

Раней LiveJournal, адкрыты ў 1999 годзе, належаў кампаніі Six Apart. Ён дазваляе карыстальнікам ствараць асабістыя інтэрнэт‑дзёньнікі, камэнтаваць паведамленьні іншых карыстальнікаў і ўдзельнічаць у тэматычных суполках.

Гэтае пагадненьне пра зьмену ўладальніка стала вынікам пасьпяховага супрацоўніцтва між Six Apart і «СУП» у рамках атрыманага ў кастрычніку 2006 году расейскай кампаніяй ліцэнзійнага пагадненьня на кіраваньне расейскамоўным (у рэальнасьці ўсходнеславянскамоўным — НН) сэгмэнтам LiveJournal.

Цяпер ва ўсім сьвеце налічваецца 14,3 мільёна зарэгістраваных карыстальнікаў LiveJournal, зь іх 1,7 мільёна рэгулярна абнаўляюць свае дзёньнікі. Больш за 21 тысячу жывых журналаў вядуць беларусы, а Беларусь займае 13-е месца па колькасьці карыстальнікаў LiveJournal.

«СУП» спэцыяльна стварыў зарэгістраваную ў ЗША кампанію LiveJournal, Inc., якая будзе кіраваць сэрвісам LiveJournal па ўсім сьвеце. Кампанія будзе месьціцца ў Сан‑Францыска і рэгулявацца амэрыканскім заканадаўствам. Таксама ў кампаніі ствараецца спэцыяльная Рада, куды, сярод іншых, увойдуць заснавальнік LiveJournal Брэд Фіцпатрык і два прадстаўнікі зь ліку саміх блогераў.

Новыя ўладальнікі стварылі адмысловую суполку LJ_2008, дзе будуць інфармаваць блогераў пра ўсе зьмены і навіны на сэрвісе.

«Мы вельмі радыя пашырыць імпульс мінулага году ў Расеі на ўвесь астатні сьвет, і мы думаем, што цяперашнія карыстальнікі LiveJournal неўзабаве ўбачаць пазытыўныя зьмены», — заявіў кіраўнік кампаніі «СУП» Эндру Поўлсан.

Напярэдадні пра магчымасьць пакупкі «СУПам» ўсяго сэрвісу LiveJournal паведамляў брытанскі штотыднёвік «Observer». Выданьне адзначае, што набыцьцё LiveJournal бізнэсоўцам «непакоіць тых, хто баіцца, што гэта прывядзе да камэрцыялізацыі ці нават да падаўленьня зьместу блогу».

Паводле РИА Новости

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0