Ідэоляг Уладзімер Замяталін, прызначаны на пасаду дырэктара “Беларусьфільма”, распачаў маштабную рэканструкцыю з мэтаю выпускаць па 12 фільмаў у год да 2009 году. Студыйныя тэрыторыі, куды даўно не ступала нага чалавека, прызначаныя на распродаж. Ласыя кавалкі зямлі ў самым цэнтры сталіцы вабяць інвэстараў, але гаварыць пра дасягненьні ў самім кіно пакуль ніяк не выпадае.

Заштампаваная тэма “Вялікай Айчыннай вайны” заставалася галоўнай на “Беларусьфільме”. І гаварылі на гэтую тэму самай сталінскай мовай.

У беларуска-расейскім фільме Алы Крыніцынай “Радзіма альбо сьмерць” крыклівая НКВДоўніца перавэрбоўвае беларускіх дзетак-шпегаў (!) Дэбют Андрэя Голубева “Чаклун і Румба” – “партнэрскае” кіно пра сапёра й ягоную аўчарку са сьціплым сюжэтам, патрыятычнымі штампамі і апэратарскімі ляпамі.


Кадр зь фільму "Чаклун і Румба"
Патрыятычна-вайсковую тэму працягвае стужка Дзяніса Скварцова “Шчыт Айчыны”, пракат якой пачнецца ў канцы студзеня. Гэтая карціна, зьнятая на замову Міністэрства абароны, палохае гледачоў заходнімі шпегамі ў Беларусі, якія мараць выкрасьці сакрэт супрацьпаветранага шчыта сінявокай рэспублікі. “Беларусьфільм” падкрэсьлівае, што ў фільме шмат кампутарных эфэктаў.

“Вайсковым” фільмам можна лічыць і чатырохсэрыйнага “Маёра Ветрава”, пастаўленага Аляксандрам Франскевічам паводле твораў Мікалая Чаргінца. Гэта трэшавы баявік на мілітарна-чачэнскую тэму.

Марыя Мажар у расейска-беларускім фільме “Ворагі” спрабуе адысьці ад сталінскіх штампаў і паглядзець на вайну вачыма жанчыны. У ейнай стужцы нямецкія акупанты суіснуюць разам зь беларускімі вяскоўцамі, пакуль вайна не прымусіць зрабіць усіх жудасны выбар. Але сама карціна хутчэй студэнцкая, а беларускія бабы, якія сварацца на чысьцюткай расейскай мове – недаравальны фальш.

З чарговай мэлядрамай выступіў Аляксандар Яфрэмаў. Ягоная карціна “Рыфмуецца зь любоўю” пра хворую дзяўчынку, не вылазіць з эсэнгоўскіх фэстаў, але разьлічваць на нешта большае ёй не выпадае.

Калі поўнамэтражныя ігравыя стужкі выглядаюць архаічнымі, то сапраўднае беларускае кіно яшчэ жывое ў “кароткім мэтражы”.

Дакумэнталіст Віктар Асьлюк дэбютаваў невялічкай ігравой стужкай “Нябачаны край”, якую паказвалі ў асобных правінцыйных кінатэатрах. Гэта экранізацыя апавяданьня Міхася Зарэцкага “Ой, ляцелі гусі”. Дзеяньне мэлядраматычнай навэлы перанесенае ў сучаснасьць, стужка цалкам зробленая на беларускай мове. Але рэжысэр ставіцца да свайго ігравога дэбюту досыць крытычна.

Затое ягоная дакумэнтальная карціна “Марыя”, ужо прадстаўленая на Ляйпцыгскім фэсьце, – бездакорны шэдэўр. Гераіня гэтага фільму калісьці была знакамітай, але цяпер засталася сам-насам са сваімі ўспамінамі. Віктар Асьлюк робіць неверагоднае: у дакумэнтальным кіно, якое лічыцца “пабытова-рэчыўным”, матэрыяльным – паказвае душу жанчыны.

На мяжы 2007-га з рэжысэрскімі дэбютамі выступіла і Вольга Дашук, якая складала сцэнары да фільмаў Віктара Асьлюка. Ейная першая рэжысэрская стужка – партрэт Леаніда Левіна. А карціна “Адзінаццаць манэтак” паказвае імпэтнага селяніна, які вярнуўся да родных мясьцін, дзе ўсё зьмянілася.


Кадр зь фільму "Марыя"

Адразу тры дакумэнтальныя стужкі былі зьнятыя на Палесьсі зь ягонай унікальнай традыцыйнай культурай. Карціна “Завядзёнка” Галіны Адамовіч, зьнятая напрыканцы 2006, але паказаная ў 2007 – трыюмфальна прайшла на міжнародных фэстах. Гэтая карціна паказвае шматдзетную палескую сям’ю. Яе штодзённы клопат прасякнуты сьвятасьцю жыцьця.

Другі фільм Адамовіч “Мужчынская справа” – пра апошніх народных музыкаў, якія шчэ засталіся ў палескіх вёсках.

Фільм тэлевізійнага рэжысэра з АТН Сяргея Рыбакова “Сонцам асьвячуся” быў запрошаны на Нью-Ёрскі фэст. Гэтая стужка з Іванам Кірчуком паказвае магію старых палескіх песень.

Казкі – нявычарпаная крыніца для беларускіх аніматараў. “Залатыя падковы” Ірыны Кадзюковай – мэлянхалічная экранізацыя Ганса Хрысьціяна Андэрсана. “Жабка-вандроўніца” – анімацыя Ўладзімера Пяткевіча паводле Ўсевалада Гаршына.

Уладзімер Пяткевіч – адзін з сама цікавых аніматараў. Ягоныя “Прыгоды Мюнгаўзэна ў Расеі” – мультфільм, разьлічаны на суседзкі рынак. А вось “Дзедавы прымаўкі” Мікалая Тумелі – экранізацыя беларускіх прымавак.

Аляксандар Ленкін працягвае ствараць прыгоды “Рэактыўнага парася”.


Кадр зь фільму "Рэактыўнае парася-8"
Зьнятыя ўжо 7-я і 8-я часткі.

На вялікі жаль, убачыць гэтыя цуды амаль немагчыма. Крыху выпраўляюць сытуацыю фэсты.

На VI Рэспубліканскім фэсьце беларускіх фільмаў, які адбываецца ў Берасьці раз у два гады, былі прадстаўленыя 11 анімацыйных, 13 дакумэнтальных і 8 ігравых стужак. На Міжнародным каталіцкім фэсьце хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Магніфікат” (43 карціны з 14 краінаў!), што праходзіць у Глыбокім – беларускія стужкі займаюць годнае месца. На кінафэсьце “Лістапад” (42 краіны) упершыню пачаўся паказ і кароткамэтражных стужак.

Але сапраўднае беларускае кіно на тэлевізіі ня бачна, у кінатэатрах зьўяляецца зрэдку.

“Падпольнае” дый “замежнае” беларускае кіно – куды вядомейшае.

Забаронены ў Беларусі Юры Хашчавацкі зьняў стужку “Плошча” – пра супраціў аўтарытарнае дыктатуры.

“Навінкі” засьвяціліся з палітычным відэакоміксам “Гуд-бай бацька!”.

Сцэнар Андрэя Курэйчыка паводле ягонае п’есы “Выканаўца жаданьняў” быў пастаўлены ў Расеі. Стужка “Любоў-морква” сталася адной з сама касавых (зборы болей за $11 млн.; у той час, як гадавая каса ўсяго беларускага кінапракату не перавышае $8 млн.) А Андрэй Кудзіненка, якому не даюць працаваць на Радзіме, завяршае ў Маскве на студыі Паўла Лунгіна паўтор стужкі “Розыгрыш”. Карціна, зьнятая паводле сцэнару Аляксандра Качана, абяцае быць вельмі моцнай.

Для тэлеканалу “Белсат” тэатральны рэжысэр Валер Мазынскі паставіў “Тутэйшых” паводле п’есы Янкі Купалы.

Год таму Андрэй Кудзіненка акрэсьліў стан беларускага кіно, як “кому”.

Сёньня – гэта бадзёрая кома, але на пэрыфэрыі, яшчэ не прыціснутай ідэалягічным кантролем, ідзе сапраўднае жыцьцё

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?