Акцыя прадпрымальнікаў на мапе Google'а

Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч
Фотарэпартаж Андрэя Лянкевіча
Камэнтар Аляксандра Класкоўскага

***

Каля дзьвюх тысяч дэманстрантаў узялі ўдзел у акцыі пратэсту ў цэнтры Менску. Разгонам камандаваў асабіста міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў.

Напярэдадні акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня па беларускіх тэлеканалах круцілі нарэзкі зь мінулага мітынгу дробных гандляроў, які прайшоў адзінаццаць дзён таму. Камэнтатары БТ і іншых тэлеканалаў паўтаралі, што апазыцыя выкарыстала прадпрымальнікаў у сваіх мэтах, а затрыманымі пасьля акцыі аказаліся «15‑17 гадовыя падлеткі». Таксама неаднакроць гаварылася, што па факце несанкцыянаванага мітынгу 10 студзеня заведзеныя дзьве крымінальныя справы, па якіх цяпер ідзе сьледзтва.

Калі такім чынам улады спадзяваліся зьменшыць колькасьць дэманстрантаў новай акцыі, то часткова ў іх гэта атрымалася. А 12 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы знаходзілася ўсяго некалькі соцень чалавек. Асаблівага імпэту яны таксама не праяўлялі. Здавалася, што ўсе чакалі, хто ж возьме на сябе ініцыятыву. Тым часам з гукаузмацняльнікаў на плошчы трансьляваліся перадачы Першага каналу беларускага радыё.

Праз арышты лідэраў прадпрымальніцкага руху — Алеся Таўстыкі, Аляксандра Макаева, Анатоля Шумчанкі, Сяргея Парсюкевіча, — не было чалавека, які змог павесьці натоўп за сабой. Каля 40 хвілінаў людзі стаялі абсалютна без усялякага дзеяньня. Так было да той пары, пакуль слова ня ўзяў намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч. Палітык сказаў, што не ягоная справа выступаць на гэтым мітынгу, аднак, калі лідэры руху апынуліся за кратамі, то ён мае права гаварыць ад іх імя. Міхалевіч заклікаў улады вызваліць лідэраў прадпрымальнікаў, правесьці перамовы і адмяніць указ № 760, а да прадпрымальнікаў зьвярнуўся з заклікам далучацца да апазыцыйных акцый вясной 2008‑га. У гэты ж час зьявіліся сьцягі: некалькі бел‑чырвона‑белых, незарэгістраваных рухаў «Бунт» і «За свабоду». Пасьля выступу былога палітвязьня Сяргея Скрабца гандляры перайшлі да прыступак Палацу рэспублікі, дзе ўласна і пачаўся мітынг.

Прадпрымальнік з Вузды Віктар Крываль прапанаваў працягнуць забастоўку прадпрымальнікаў да канца лютага. Адна з прадпрымальніц заклікала патрабаваць, каб выйшаў Лукашэнка. Прысутныя пачалі разам скандаваць «Цара!». Праўда, ужо праз пару хвілін натоўп дружна гукаў «У адстаўку», калі Аляксандар Цацура сказаў, што намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур і гарант Канстытуцыі мусяць сысьці са сваіх пасад.

Віктар Крываль заклікаў людзей разыходзіцца: «Нас яшчэ недастаткова шмат, каб ісьці да Адміністрацыі. Калі нас будзе 20 тысяч, то мы зможам дыктаваць свае ўмовы». Ён таксама паведаміў, што прадпрымальнікі падтрымаюць акцыі апазыцыі вясной гэтага году. У гэты самы момант нехта гукнуў: «Пойдзем да Сідорскага». Ідэя атрымала хуткі распаўсюд сярод людзей, і ўжо праз пару хвілін калёна ішла праспэктам у бок плошчы Незалежнасьці.

Недалёка ад «Макдональдсу» людзі выйшлі на праезную частку, ДПСнікі справіцца зь імі не змаглі, таму праз пару хвілін пад’ехалі аўтазакі з спэцназам. Ніхто з машын не выходзіў, але і іх грознага выгляду хапіла, каб людзі зноў зьвярнулі на тратуар. У калёне ішло больш за дзьве тысячы чалавек.

Не пасьпелі ўдзельнікі акцыі падысьці да Дому ўраду, як да іх падышоў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Ён сказаў, што маніфэстанты "паралізавалі рух па ўсім горадзе", і калі праз 10 хвілін яны не разыдуцца, то будзе ўжытая фізычная сіла. Недалёка ад Пэдунівэрсытэту пашыхтавалі спэцназаўцы ў касках і шчытах.

Праз пару хвілін яны пачалі адцясьняць людзей убок гасьцініцы «Менск», пры гэтым грукалі ў шчыты. Уладзімер Навумаў асабіста камандаваў правядзеньнем разгону акцыі. Некалькі разоў ён паказваў на тых людзей, якіх трэба затрымліваць. Пасьля гэтага небарак цягнулі і кідалі ў аўтазакі. Спэцназ адсек частку людзей на плошчы Незалежнасьці, а другую павёў па праспэкце. Недалёка ад будынку Менгарвыканкаму стаялі байцы вайсковай часткі 32‑14, але іх дапамога па разгоне мітынгу не спатрэбілася.

Уладзімер Навумаў пакінуў дэманстрантаў на Гарадзкім Вале, сьледам за ім зьніклі і АМАПаўцы. Некалькі соцень чалавек яшчэ дайшлі да Кастрычніцкай плошчы, але іх там выціснулі ў мэтро.

Прадпрымальнікі кажуць, што сваю актыўнасьць цяпер яны направяць на рэгіёны. Віктар Крываль заклікаў дробных гандляроў 28 студзеня ня сплачваць падаткі за люты, а выйсьці да гар‑ і райвыканкамаў сваіх гарадоў, каб патрабаваць адмены ўказу №760. Наступная масавая акцыя прадпрымальнікаў у сталіцы заплянаваная на 18 лютага.

Зьміцер Панкавец

***

15.09 Акцыя фактычна скончана. АМАП грузіцца ў аўтазакі. Людзі асобнымі групкамі стаяць на Кастрычніцкай.

14.59. Частка людзей ідзе ў бок Ратушы, той хто не спусьціўся ў мэтро

14/57 АМАПаўцы спускаюць людзей у мэтро і не даюць падымацца назад.

14.53 Спэцназаўцы выцяьсьняюць людзей з Кастрычніцкай, перакрылі доступ на плошчу іншым мінакам. Людзей узялі ў каробачку: ціснуць, давяць, б'юць нагамі, у тым ліку і людзей. На пытаньне: Чаму нельга пакінуць плошчу?", адказваюць: "Загад прэзыдэнта".

14.45 Каля 200 чалавек дайшлі да Кастрычніцкай, але міліцыі тут няма.

14.35 Частка людзей застаецца на Плошчы незалежнасьці, АМАП іх не выпускае, а частка -- каля гатэлю "Менск". Гэтых зьбіраюцца заварочваць у бок вуліцы Валадарскага.

Частку людзей павялі на вуліцу Валадарскага, большая частка міліцыі вярнулася на Плошчу Незалежнасьці, а Навумаў ужо знаходзіцца наперадзе яшчэ адной часткі міліцыянтаў да Міністэрства унутраных спраў -- вяртаецца ў свой офіс.

14.33 Навумаў ідзе наперадзе амапаўцаў і пальцам паказвае, каго затрымліваць або выхопліваць з натоўпу. Карэспандэнт паспрабаваў сфатаграфваць Навумава, адзін зь яго ахоўнікаў сказаў: "Спрячь, пока я добры".

14.25 АМАП ужывае сілу. Ёсьць затрыманыя. Частка людзей кінулася ратавацца ў Чырвоны касьцёл. АМАП выганяе іх з падворка ля касьцёла. Людзі колькі разоў ударылі ў звон, што стаіць ля касьцёлу.

14.22 АМАП пайшоў на людзей, грукаюць новымі дубінкамі па новых шчытах, выцясьняюць у бок Чырвогана касьцёлу. Людзі крычаць «Ганьба!»

14.17 Намесьнік кіраўніка менскай міліцыі Аляксандар Найдзенка папярэдзіў журналістаў, каб тыя сыходзілі, бо сіла будзе ўжытая й супраць іх.

14.13 Мітынгоўцы прыйшлі на плошчу, падыходзяць да Дому ўраду. Каля будынку пэдагагічнага ўнівэрсытэту выстраіліся амапаўцы ў поўнай экіпіроўцы. Уладзімер Навумаў пэрсанальна папярэдзіў дэманстрантаў пра ўжыцьцё фізычнай сілы й крымінальную адказнасьць.

14.05 Калёна падыходзіць да плошчы Незалежнасьці

14.00 Маніфэстантаў выцесьнілі на ходнікі. Калёна каля КДБ.

13.53 Каля ГУМа выйшлі на праезную частку. Пры гэтым адбыліся сутыкненьні з даішнікамі. Галава калёны заняла палову шырыні праспэкту.

13.47 Натоўп такі пайшоў у бок плошчы Незалежнасьці. Цяпер ён рухаецца міма ўнівэрсама «Цэнтральны». Скандуюць «Работу!», «Жыве Беларусь!», «Свабоду!». Спадзяюцца на сустрэчу зь Сідорскім.

13.44Прадпрымальнік Віктар Крываль заклікаў людзей не выходзіць на праспэкт. Калі нас будзе дваццаць тысяч, тады мы зможам вырашаць свае праблемы. Ён таксама заклікаў прысутных выходзіць на Дзень волі.

13.27 Частка мітынгоўцаў скандуе «На праспэкт» і падышла да краю праспэкту Скарыны. Між імі і праезнай часткай — толькі работнікі ДАІ. Частка засталася стаяць каля Палацу рэспублікі. Мітынг фактычна скончыўся.

13.05 Аляксандар Цацура з Салігорску паведаміў, што наступная акцыя прадпрымальнікаў адбудзецца 18 лютага, а таксама заклікаў адправіць у адстаўку Тура, а разам зь ім і гаранта канстытуцыі. Грамада скандуе «У адстаўку!»

12:55 Прадпрымальнік з Узды Віктар Крываль прапанаваў прапанаваў працягнуць забастоўку прадпрымальнікаў да канца лютага. Адна з прадпрымальніц заклікала патрабаваць, каб выйшаў Лукашэнка. Прысутныя пачалі скандаваць «Цара!»

12.50 Натоўп перайшоў да прыстуак Палацу Рэспублікі. На плошчу заехала машына з гукаўзмацняльнікам й адтуль папярэджваюць пра адказнасьць. На плошчы каля 1000 чалавек. Мітынгоўцы скандуюць «Свабоду!»

12.41 Міхалевіч заклікаў улады вызваліць лідэраў прадпрымальнікаў, правесьці перамовы і адмяніць указ №760, а да прадпрымальнікаў зьвярнуўся з заклікам далучацца да апазыцыйных акцый вясной 2008‑га. Зьявіліся сьцягі: 3 бел‑чырвона‑белыя, сьцягі незарэгістраваных рухаў «Бунт» і «За свабоду».

12.41 На плошчы каля 500-600 чалавек. Узяў слова Алесь Міхалевіч. Ён сказаў, што выступаць, вядома, мусілі б лідэры прадпрымальнікаў, але яны ўсе знаходзяцца на Акрэсьціна.

12.20 На плошчы шмат замежных тэлежурналістаў. Яны бяруць у прысутных інтэрвію.

12.15 На плошчы зараз каля трох соцень чалавек. Расьцяжак і сьцягоў няма. Выступленьняў таксама. Людзі перамаўляюцца міжсобку, але гук з трансьлятараў такі, што яны зь цяжкасьцю чуюць нават адзін аднаго. З аўтарытэтных між прадпрымальнікаў асобаў заўважаны Ігар Леднік. Палітыкаў ня бачна.

12.00 На Кастрычніцкай плошчы ў гэты момант некалькі дзясяткаў чалавек. Міліцыі на плошчы таксама няшмат, але вакольныя двары і кварталы звыкла застаўленыя аўтобусамі з байцамі. аўтобусы стаяць . На ўсю плошчу праз гукаўзмацняльнікі голасна вяшчае дзяржрадыё. З палітыкаў пакуль нікога няма. Значная частка прысутных — моладзь.

Зьміцер Панкавец, Яраслаў Сьцешык, відэа Алеся Кудрыцкага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0