Як успрымае той ці іншы чалавек таго ці іншага дзеяча культуры, гісторыі, залежыць ад гэтага чалавека, ад таго, які ён ёсьць. Таму мне неабходна некалькі слоў сказаць пра самога сябе.

Я — берасьцеец, нарадзіўся і доўга пражыў у глыбіні Берасьцейшчыны, у Драгічынскім раёне. Мая родная гаворка далёкая ад той, якая лягла ў аснову мовы Вінцэнта Дуніна‑Марцінкевіча. Але для мяне гэта не складала праблем.

На Берасьцейшчыне спрадвеку існавала культурнае шматмоўе. Гаварылі, праўда, там пераважна на адной мове — на берасьцейска‑пінскай гаворцы. Але ж яшчэ трэба было разумець мову суседзяў і ўмець чытаць тэксты на некалькіх блізкіх мовах, якія бытавалі ў гэтай мясцовасьці.

Мае бацькі перад тым, як пасылаць мяне ў школу, навучылі мяне чытаць на чатырох мовах. Першай кнігай, якою я авалодаў, быў «Букварь» на расейскай мове. Другая кніга — «Чырвоныя зорачкі» на беларускай мове (гэта школьная чытанка). Трэцяя кніга — гэта «Петрусь Шкода» Міхайла Серады на ўкраінскай мове. Чацьвёртая кніга — гэта школьны падручнік па прыродазнаўстве на польскай мове. Падарыла мне яго стрыечная сястра Марыя. Праўда, у гэтым падручніку я прачытваў толькі загалоўкі і тое, што было падпісанае пад малюнкамі і ілюстрацыямі.

Я кандыдат філялягічных навук. Але літаратура ў мяне «выпала». Як так сталася? Паводле першапачатковай спэцыяльнасьці, я — настаўнік гісторыі. Але потым захапіўся вывучэньнем народных гаворак і вырашыў паступіць у асьпірантуру па мовазнаўчым профілі. У тыя часы гэта не складала праблемы. Я самастойна падрыхтаваў філялягічныя, моўныя дысцыпліны, здаў экзамэны, прайшоў па конкурсе ў асьпірантуру. Такім чынам, маёй стыхіяй, акрамя гісторыі, стала мова. У сваіх дасьледаваньнях я стаў іх нават спалучаць. Гісторыя і мова, але не літаратура. Літаратура, як я гаварыў вышэй, у мяне выпала. Захавалася толькі тое, што засталося са школьных гадоў і кароткіх унівэрсытэцкіх курсаў.

Але ж мастацкія творы я чытаў, многа ці мала, але чытаў. Чытаў іх з аднолькавай лёгкасьцю на расійскай, беларускай і ўкраінскай мовах. З расійскіх паэтаў мне быў найбольш блізкім Някрасаў, з украінскіх — Шаўчэнка, зь беларускіх — Багдановіч. Хаця высока цаніў і іншых паэтаў і пісьменьнікаў. На польскай мове чытаць было цяжэй. Яшчэ цяжэй было чытаць на іншых славянскіх мовах. Але часам трохі чытаў і на іх, асабліва на чэскай і сэрбскай. На гэта, безумоўна, уплывала захапленьне слаўнай гісторыяй чэскага і сэрбскага народаў. Баўгарская мова мастацкіх твораў для мяне цяжэйшая за сэрбскую.

Такім чынам, мастацкія творы я ўспрымаў не як літаратар. Тады як?

А як звычайны чалавек, але не літаратар. Найбольш я цаніў у пісьменьнікаў і паэтаў іх сілу думкі. У гэтым сэнсе сярод паэтаў, якіх я назваў вышэй, мне найбольш падабаліся Багдановіч і Шаўчэнка. У іх што ні фрагмэнт фразы, то нешта настолькі арыгінальнае, дасканалае, дэталёва апрацаванае, што і паўтарыць нельга. На другім месцы я б паставіў праўдзівае адлюстраваньне рэчаіснасьці. Яна праяўлялася і ў побыце, і ў думках, і ў надзеях, і ў спадзяваньнях, і ў шчасьці, і ў горы. Чытаеш і адчуваеш, што гэта тое, што ёсьць ці было або магло быць. Адчуваеш месца і час падзей.

Пасьляваенны час. У школах Берасьцейшчыны беларуская літаратура, як і мова, вывучаліся. Але школьны курс літаратуры беларускай і расейскай адрозьніваўся істотна. У школьнай праграме па расейскай літаратуры было многа твораў дарэвалюцыйных паэтаў і пісьменьнікаў: Пушкіна, Лермантава, Талстога, Тургенева, Нікіціна, Майкава.

У школьных праграмах па беларускай літаратуры такога не было. У іх дамінавала ўхваленьне Сталіна, ўхваленьне савецкага ладу жыцьця. «Інфармавалася» пра жудаснае жыцьцё людзей да рэвалюцыі. Прапагандавалася думка пра тое, што беларуская літаратура мае толькі двух паэтаў: Янку Купалу і Якуба Коласа, астатняе — дробязь. Але зьмяшчалі пераважна толькі тыя творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія яны вымушаныя пісаць на замову.

Нямала было твораў пра вайну. Але людзі таго часу ў абсалютнай большасьці самі бачылі ці прайшлі вайну. І заўважалі розьніцу ў тым, што бачылі самі і што пісалася ў творах.

Бытаваў тады такі анэкдот. Гаварылі, што экзамэн па беларускай літаратуры здаваць вельмі лёгка. Ну, вядома, нейкія імёны запомніць неабходна. Але галоўнае прытрымлівацца прынцыпу: «Цяжкае, жудаснае жыцьцё да рэвалюцыі — лёгкае, шчасьлівае жыцьцё пасьля рэвалюцыі».

Траплялася, праўда, і іншае. Напрыклад, славуты «Курган» Янкі Купалы. Дарэчы, на Берасьцейшчыне, паводле маіх назіраньняў, сярод беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў найбольшай павагай карыстаўся Багдановіч. Але гэта не мяняла сытуацыі ў цэлым. Дарэчы, «Курган» Янкі Купалы добра ўпісваўся ў агульную схему цяжкага жыцьця беларусаў да рэвалюцыі. Таму ён і трапіў у падручнік.

І вось я вучуся ў 7‑ай клясе. Спачатку зьвярнуў увагу на творы Багдановіча. Яны вылучаліся з агульнага рэчышча. А потым трапілася наступнае. Вёска, у якой я нарадзіўся, згарэла ў час вайны. Цяпер там ёсьць сярэдняя школа. А пасьля вайны памяшканьня для школы не было. Было месца (у былой малачарні) толькі для пачатковай школы. З 5‑й клясы я наведваў школу ў Драгічыне. Жыў там на кватэры. І вось, калі вучыўся ў 7‑й клясе, жыў на кватэры разам з хлопцамі, якія вучыліся ў 8‑й клясе. І ў іх быў падручнік па беларускай літаратуры для 8‑й клясы. А гэты падручнік быў прысьвечаны дарэвалюцыйнай беларускай літаратуры. Мяне ён зацікавіў. Акрамя таго, за свае мізэрныя школьныя грошыкі я прыдбаў хрэстаматыю‑дапаможнік па беларускай літаратуры ХІХ стагодзьдзя.

Як спэцыяліст па Палесьсі, магу сказаць, што «Пінскую шляхту» напісаў жыхар паўднёва‑ўсходняй часткі сучаснага Пінскага раёну.

І я зрабіў для сябе вялікае адкрыцьцё. Перада мною паўстала зусім іншая Беларусь, зусім ня тая, якую падавалі нам у школьных падручніках.

У творах, зьмешчаных у падручніках, было многа нейкіх пустых слоў, слоў бяз пэўнага зьместу. А словы ў творах ХІХ стагодзьдзя былі на вагу золата. Хай там нешта з рыфмай ня так, хай там нярэдка значныя адрозьненьні ад літаратурнай нормы. Гэта ўжо не істотна. Там не ўхваляўся савецкі лад, які існаваў у сярэдзіне ХХ стагодзьдзя — у ХІХ стагодзьдзі яго яшчэ не было. Там не ўхваляўся Іосіф Вісарыёнавіч — у самым канцы ХІХ стагодзьдзя, у 1900 годзе, яму быў усяго 21 год. Там не было перайначаньняў падзей другой сусьветнай вайны — падзеі гэтай вайны надыдуць многа пазьней.

У творах ХІХ стагодзьдзя нямала пісалася пра цяжкае жыцьцё беларускіх сялян. Але пры гэтым не прыніжалася іх чалавечая годнасьць. Яны фігуравалі як звычайныя нармальныя людзі. У творах жа з падручнікаў сярэдзіны ХХ стагодзьдзя прыніжэньне беларускага этнасу было вельмі яскравым. У творах ХІХ стагодзьдзя было бачна, што беларускі этнас жыве, што ён мае сілу і будучыню. Калі ж прачытаць творы з падручнікаў сярэдзіны ХХ стагодзьдзя, дык адчуеш у іх імкненьне даказаць, што беларускі этнас ня здольны нешта самастойна тварыць, што яго ў хуткім часе чакае… зьнікненьне.

Дунін‑Марцінкевіч сваёй творчасьцю, поглядамі ўпісваецца ў агульнае рэчышча літаратурнага працэсу ў беларусаў ХІХ стагодзьдзя. Усё, што можна сказаць дадатнага пра беларускую літаратуру таго часу, можна сказаць і пра Дуніна‑Марцінкевіча і яго творчасьць. Мне здаецца, і паўтараць няма сэнсу. А што ў яго адметнага? Адметны, перш за ўсё, аб’ём працы. Калі ў многіх аўтараў невялікія фрагмэнты, то ў Дуніна‑Марцінкевіча шырокія палотны адлюстраваньня беларускай рэчаіснасьці ХІХ стагодзьдзя. А разам з тым больш натуральна і больш глыбока адлюстраваная розная праблематыка. Ніхто зь беларускіх аўтараў ХІХ стагодзьдзя не напісаў столькі, колькі напісаў Дунін‑Марцінкевіч. Ён — клясык.

Для мяне доўга заставалася незразумелай «Пінская шляхта». Калі я чытаў, напрыклад, «Залёты» ці «Гапона», дык нібы апускаўся ў тыповую беларускую рэчаіснасьць сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя. Зь «Пінскай шляхтай» было ня тое. У ёй я не адчуваў ні тыповай цэнтральнай Беларусі, ні тыповай Піншчыны. Прычына выявілася пазьней. Аўтарам «Пінскай шляхты» зьяўляўся не Дунін‑Марцінкевіч, а нехта іншы. Дунін‑Марцінкевіч толькі перапісаў гэты твор. У 1984 г. апублікаваны арыгінал «Пінскай шляхты» (В.Дунін‑Марцінкевіч. Творы. Менск). Даецца інфармацыя, што твор напісаны «пінчуцкай гаворкай» (старонка 504).

Я, як спэцыяліст па народных гаворках Берасьцейска‑Пінскага Палесься, пра мову гэтага твору магу сказаць больш канкрэтна. У аснове гэтай мовы ляжаць гаворкі паўднёва‑ўсходняй часткі сучаснага Пінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Толькі «ў аснове», бо мова арыгіналу «Пінскай шляхты» не зусім ідэнтычная пінскім гаворкам. У гэтай мове адчувальны ўплыў традыцыяў афіцыйнай мовы эпохі Вялікага Княства Літоўскага. Хаця рэдка, але сустракаюцца ў арыгінале «Пінскай шляхты» звычайныя памылкі, якіх не заўсёды можна пазьбегнуць пры перапісваньні твору.

Такім чынам, ня ведаючы дасканала гаворак паўднёва‑ўсходняй Піншчыны, немагчыма было стварыць «Пінскую шляхту». Я цікавіўся біяграфічнымі дадзенымі Дуніна‑Марцінкевіча, спрабаваў знайсьці зьвесткі пра тое, якія былі ў яго асабістыя сувязі зь Піншчынай, якія б дазволілі яму дасканала засвоіць пінскую гаворку. Не знайшоў нічога. Праўда, у Дуніна‑Марцінкевіча былі сувязі з вёскай Альпень, што на Століншчыне. Але альпеньская гаворка да тыповых пінскіх гаворак не адносіцца. Гаворка вёскі Альпень адносіцца да гаворак так званага беражноўскага тыпу. Гэта пераходная гаворка паміж заходнепалескімі (берасьцейска‑пінскімі) і ўсходнепалескімі (тураўска‑мазырскімі) дыялектнымі сыстэмамі.

Зрэшты, «Пінская шляхта» — гэта асобная праблема. На агульную ацэнку творчасьці Дуніна‑Марцінкевіча яна не ўплывае…

Фёдар Клімчук

Фёдар Клімчук кандыдат філялёгіі, найлепшы знаўца Заходняга Палесься і заходнепалескіх дыялектаў у краіне.

Глядзі яшчэ
4 лютага - 200 гадоў Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу
Язэп Янушкевіч: «Займаецца падробкай дакумэнтаў»
Сяргей Харэўскі: «Што зьмяняе чалавека»
Нацбанк выпусьціў манеты «Дунін-Марцінкевіч. 200 год»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0