Жылічы

У Беларусі на рэканструкцыю гісторыка-культурных аб’ектаў у 2008 годзе будзе накіравана 97 мільярдаў рублёў (гэта ўсяго толькі 45 мільёнаў даляраў), паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намесьнік міністра культуры Ўладзімер Грыдзюшка.

Працы будуць весьціся на 15 аб’ектах, уключаных у дзяржаўную інвэстыцыйную праграму на сёлета па Міністэрстве культуры.

Сярод новых аб’ектаў — рэканструкцыя будынку Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы . Сёлета будзе распрацавана праектна-каштарысная дакумэнтацыя правядзеньня рэканструкцыі й капітальнага рамонту. Працы плянуецца пачаць у 2009 годзе.

Сёлета пачнецца рамонт будынку Нацыянальнага музэю гісторыі й культуры Беларусі , а таксама філіялу Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры ў вёсцы Завосьсе . Прыступяць і да будаўніцтва спартова-культурнага комплексу Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры й мастацтваў, праектна-досьледныя працы ўжо праведзеныя. На аб’ект вылучана 3 мільярды рублёў.

Самым маштабным аб’ектам, які будзе ўведзены ў эксплюатацыю сёлета, стане будынак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры й балету . Тут плянуецца асвоіць амаль 70 мільярдаў рублёў. Заплянаваны да ўводу ў эксплюатацыю першы пускавы комплекс помніку архітэктуры XVI-XX стагодзьдзяў у Міры ў складзе ўсходняга комплексу, унутранага дворыку, дзьвюх галерэй, дзьвюх вежаў, апартамэнтнай часткі й рэстарану. Працягнуцца працы ў палацава-паркавым ансамблі ў Нясьвіжы .

Заплянавана праектаваньне кварталу вуліц Леніна й Кірава, які зойме Нацыянальны мастацкі музэй . Ад сёлетняга ліпеня пачнуцца працы па рамонце будынку Менскага дзяржаўнага вучылішча імя Глебава .

Праектна-досьледныя працы для ўзнаўленьня гісторыка-культурнай каштоўнасьці ХІХ стагодзьдзя — палацава-паркавага ансамблю ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну Магілёўскай вобласьці праведзены летась, у 2009-м пачнецца рэканструкцыя. Гэта ўнікальны комплекс. Там захавалася шмат ляпніны, пазалоты, дэкору. Пасьля ўзнаўленьня сядзібны комплекс у Жылічах па многіх парамэтрах практычна ня будзе саступаць Нясьвіскаму палацава-паркаваму ансамблю, адзначыў намесьнік міністра.

Працы будуць працягнутыя на гісторыка-культурнай каштоўнасьці ХVIII стагодзьдзя — комплексе былога калегіюму езуітаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці, а таксама XIX стагодзьдзя — сядзібным комплексе (музэі) ў вёсцы Красны Бераг Жлобінскага раёну Гомельскай вобласьці. Мінкультуры прымае долевы ўдзел у рэстаўрацыі гэтых аб’ектаў.

АК; інф. БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0