Сёньня лёгка жыць толькі з завязанымі вачыма, у сваіх мроях, у «залюстроўі». А ў каго мрояў няма, таму хутчэй трэба даць набор віртуальных «кампутарных прыставак» (чым тэлебачаньне не такая прыстаўка), каб камфортна пачувацца.
Але ж азірнемся навокал. Толькі тое, што цяпер, толькі тое, што навідавоку ў менчукоў, — прыводзіць у здранцьвеньне і роспач. Жахаесься і ад маштабнасьці, і ад цынізму ды неадступнасьці, зь якой крочаць гэтыя тэрмінатары па гістарычным Менску, па тых рэштках старога. Але самае страшнае — абыякавасьць і неразуменьне людзей. Толькі тады, калі гэта жыцьцёва кранае іх — яны ажываюць і пачынаюць дзейнічаць, як зварухнуліся жыхары вуліцы Маркса.
«Пацёмкінская, Бубноўская, Фасадная, Экскаватарная рэстаўрацыя» — якія толькі паняткі ні прыдумвалі неабыякавыя спэцыялісты, каб назваць гэтую праблему. Мне здаецца, тут трэба паставіць дыягназ: «Духоўная анэмія ў спалучэньні зь цемрашальскім невуцтвам». Менавіта гэта галоўныя ворагі нашай спадчыны — халодная абыякавасьць і страта адчувальнасьці, дрымучая непісьменнасьць, цемра народная. Праблема ня новая. Вялікі Багдановіч з абурэньнем пісаў: «Народ, беларускі народ! Ты — цёмны, сьляпы, быццам крот. Табою ўсягды пагарджалі, Цябе не пушчалі зь ярма І душу тваю абакралі, — У ёй нават мовы няма». А ў іншым вершы, з болем: «Краю мой Родны!… Столькі ты зносіш нядолі… Жалем сьціскаюцца грудзі!… Усюды панурыя людзі…».
Але ўзьнёсла‑мажорна пісаў клясык калісьці пра нашу архітэктурную спадчыну: «Каб залячыць у сэрцы раны, Забыць пра долі цяжкі глум, Прыйдзіце да касьцёла Ганны, Там зьнікнуць сьцені цяжкіх дум». А яшчэ: «Толькі ў сэрцы трывожным пачую За краіну радзімую жах, — Ўспомню Вострую Браму сьвятую І ваякаў на грозных канях…». Эх, дарагі Максіме! Чароўны віленскі касьцёл сьв. Ганны ды Вострая Брама цяпер апынуліся за мяжой (можа, таму яшчэ і стаяць), а тут у нас ужо іншая гісторыя. Тут забылі, адракліся, прадалі і аддалі…
Толькі пералік разбурэньняў за апошні час у Менску ўражвае: амаль цэлы квартал паміж Нямігай і Рэвалюцыйнай альбо ўжо катэджызаваны, альбо «ў працэсе». Уся вуліца Гандлёвая (усё ж, сымбалічная назва) у тым жа «працэсе». Мала што засталося ад дому былога кляштару бэрнардынак у пачатку цяперашняй вуліцы Кірыла і Мятода, што стаіць тут яшчэ з раньняга барока. Дый наагул, той кляштар, яго аб’ёмы і абрысы мы ўжо слаба бачым у панараме старога гораду, прынамсі, з боку Сьвіслачы: яго закрылі новенькія корпусы будучай праваслаўнай Духоўнай акадэміі. Для яе патрэбаў перадалі таксама дом № 27 па Гандлёвай, што выходзіць на Нямігу каля тралейбуснага прыпынку. Неўзабаве ён быў разбураны «до основанья, а затем…», канечне, «адноўлены» з зашклёным лесьвічным пралётам у стылі «Нацыянальнага дыямэнту». А хутка ўсё гэта хараство ўпрыгожыць, не — укарануе залацістая цыбулінка, як сымбаль неўміручай інтэграцыі. Ня важна, што гэта зусім не беларускі элемэнт праваслаўнай храмавай архітэктуры. А мо наадварот — важна! Для генэрал‑губэрнатара Мураўёва, прынамсі, так было. Памятаеце ягоныя словы: «Што не зрабіў расейскі штых, тое зробіць расейская царква і школа».
Да дзьвюх антыбеларускіх інстытуцыяў Мураўёва можна дадаць сёньня яшчэ і трэцюю — ужо нашу, айчынную — «рэстаўрацыю». І што казаць пра Менск. А Горадня, а … Апатэозам рэстаўрацыі нядаўна стала поўнае разбурэньне корпусу‑галерэі Нясьвіскага замку, адной з асноўных і найцікавейшых у мастацкім і гістарычным пляне частак палацу Радзівілаў, найважнейшага помніка гісторыі і культуры Беларусі, помніка сапраўды сусьветнага значэньня. No comments! Толькі што скажа ЮНЭСКА? Няўжо павесіць ганаровую шыльдачку на тую адзіную фасадную сьценачку звонку, якая яшчэ пакуль засталася, каб сорам прыхаваць?
Што ж стаіць за такімі фасадамі? Анічога! Асабліва красамоўна гэта выглядае падчас вялікай айчыннай рэстаўрацыі. Хацеў сказаць — «вайны» (так выглядае і такія наступствы мае), але ж тут не вайна. «Рэстаўрацыя»! Ужо потым, калі ўжо адбудаваны з нуля бяздушны муляжык — ня так уражвае. Стаіць нейкі аб’ём са шклопакетамі, адчуваецца, што нешта ня тое, няма духу старога места, чагосьці бракуе. Але звычайнаму чалавеку цяжка разабрацца — чаго. Адчуваньне толькі ёсьць, што гэта падробка, што цябе падманваюць! Толькі прафэсіяналы або людзі неабыякавыя ведаюць ці адчуваюць усю велічыню стратаў той аўтэнтыкі, якая больш ніколі ня вернецца.
Людзі Беларусі! Падыдзіце ў гэтыя дні да дому В. Дуніна‑Марцінкевіча ў Менску на вул.Койданаўскай (Рэвалюцыйнай). Ушануйце клясыка айчыннай літаратуры якраз на ягонае 200‑годзьдзе! Ускладзіце кветкі ці вянкі ў памяць пра дом пісьменьніка ў той катлаван, што на яго месцы. (А во пэрформанс быў бы, Алесь Пушкін пазайздросьціць.) Палова будынку № 14 ужо адноўленая, а палова «ў працэсе», разам з суседнім будынкам № 12. Раней падобнае здарылася з домам яшчэ аднаго беларускага клясыка XIX ст., сябра Дуніна‑Марцінкевіча — кампазытара Станіслава Манюшкі.
Палюбуйцеся на ўжо «адноўленыя» шэдэўры Верхняга гораду, «старасьвецкія» шклопакеты ды вытанчаныя «ляпныя» гзымсы ў барочнай (прабачце, барачнай) тэхніцы муроўкі «цэгла на цэглу», то бок цапу‑лапу. А яшчэ ж у 1950‑я ў Менску былі прафэсіяналы, што хораша «цягнулі» гзымсы — паглядзіце на будынкі праспэкту Скарыны ды іншыя, з «гораду СОНца». Умелі і рабілі! Сапраўды зь любоўю будавалі сваю мару, свой горад (згодны з фотамастаком і пісьменьнікам Артурам Клінавым).
ПадСУМоўваючы свае развагі, скажу, што ўжо даўно насьпеў час у Беларусі ўзнагароджваць у галіне рэстаўрацыі. Канечне, можна нават і мэдалём Ф.Скарыны. Яму ўсё роўна ўжо не баліць. І намінантаў будзе шмат.
Толькі на зваротным баку мэдаля прапаную прыгожа выгравіраваць экскаватар — галоўны інструмэнт «рэстаўратараў», альбо маляўнічую руіну фасаду з разяўленай ямай унутры, дзе нічога, дзе ўсё вырвана з падмуркам, з коранем, з сэрцам. А яшчэ можна там выгравіраваць сьпіс адрэстаўраванай, чытай — зьнішчанай за апошні час, спадчыны. Але ж вялікі будзе сьпіс! Ну і мэдаль, адпаведна, таксама вельмі вялікі.
![]() |
![]() |






далямі, прэміямі, ці чым іншым, у сучаснай беларускай дзяржаве - мара, і ўсё. А што са свайго боку, то абяцаю да 18.04.2008 г., а гэта Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных мясьцін, узнагародзіць ганаровымі граматамі за вялікі ўклад у руйнаваньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь спадароў Уладзімера Грыдзюшку, Ігара Чарняўскага, Міхала Паўлава і Віктара Нікіціна.
+1
Гэта такая генэрацыя . Яны любіць умеюць толькі мёртвых...
У Беларусі, ці прынамсі знаходзячыся ў Беларусі, *можна* зарабляць даволі вялікія грошы без прахіндзейства, аднак напэўна не настолькі вялікія, каб выкупляць такія аб'екты ў цэнтры сталіцы. Ёсьць і яшчэ іншыя перашкоды для такіх інвэстыцый, а менавіта зьвязаныя з іх бясьпечнасьцю ці захаванасьцю:
Сёньня законы дазваляюць Уладзе быць здольнай пры жаданьні накласьці «для дзяржаўныхз патрэб» кіпцістую дзяржаўную лапу практычна на любую прыватнцю маёмасьць грамадзян і юр. асоб, з сымбалічнай кампнсацыяй ці без, а калі законы не дазваляюць, гэтая жа Ўлада заўжды можа правілы гульні хуценька зьмяніць як ёй патрэбна. Бачылі гэта сто разоў, як з залатой акцыяй нават.
Яшчэ, напрыклад, вялікае пытаньне - уласнасьць на зямлю, на якой стаіць Ваш будынак. Сьцены Вашы - а зямля пад імі - ня Ваша? Трэба быць не заможным а супер-заможным, каб рызыкнуць значнай часткай сваіх актываў на такіх вар'яцкіх умовах.
Вашы разважаньні на ўзроўні Паўла Ізотавіча і Кампані. Размова не пра прыватныя інвестыцыі, а пра Гістарычны цэнтр Менску, якому сучасная ўлада надала статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. І справа тут у выкананьні дзеючага заканадаўства, кое спаганяецца з простых людзей праўдаю ці ня праўдаю, з парушэньнямі ўсіх працэдурных нормаў. Што гаварыць, толькі што прысутнічаў н судзе З.Касьпяровіча. А дзяржаўным органам можгна парушаць, і ў асабліва буйным памеры. Так што праблема не ў магчымасьцях фінансаваньня, а ў прававым і маральным асьпекце. І яшчэ раз, спадар Ізот. Калі Вы такі разумны, то чаму Вы ні капейчыны не паклалі на адраджэньне нашай спадчыны?
Адлеглы -
адыход старых будынкаў, гэта не 'натуральны' працэс, прынамсі ў гэтым выпадку і кантэксьце. Гэта гвалт акупантаў над гісторыяй, культурай ды й людзьмі Беларусі (большасьць з якіх нават не ўяўляе сабе цалкам, якія гвалт над імі чыняць)!
Там людзей няма а толькі адні помнікі ды помнікі навокал, лепата...!
І запісацца на прыем да доктара з падозраньнем на некрафілію.
грамадства такое, якое ёсьць. А такое яно таму, што тым, \"...хто зь дзяцінства біў надмагільлі на могілках, квасіў чарніла ў алтарах закрытых храмаў, пасьля разьдзіраў наш сьцяг...\", такія людзі як вы, адраджэнцы-інтэлігенцікі, з дзяцінства слова поперак сказаць баяліся, бо адразу МОЖНА АТРЫМАЦЬ У ПЫСУ, а на мужчынскія ўчынкі вы ня здольныя. Калі жадеце жыць у іншым грамадсве, то зьмяняйце яго. Спачатку зрабіце каб людзі навокал пачалі вас паважаць, а пакуль што можна толькі ўсьміхацца. Потым да вас будуць прыслуховывацца, толькі потым будуць раіцца з вамі.
2 Антосю
я што, павінен вам справаздачу дать куды укладаю свае грошы?
І калі ўлада вас не задавальняе, чаму вам не стаць на чале гэтай уладай? Уперад, мы падтрымаем.
можна гадзінамі сядзець па кухням на 4 кв.м. у сваіх панэльных дамах і чакаць, што хтосьці прыйдзе і выратуе, і адновіць, і адродзіць, што вы і робіце. Ці дачакаецесь?
Адлегламу.
Менск -- не ўся Беларусь. Па краіне тысячы помнікаў, якія патрабуюць рэстаўрацыі, а іх кошт... У тым годе ўлады прадавалі замак Сапегаў у Быхове за 64 млн рублёў, танней, чым аднапакаёўка ў Менску. Ніхто не купіў.
А маглі бы, спадар Стары, музыкі, мастакі, прафэсары з акадэмікамі, народныя пісьменьнікі выехаць са сваіх кватэр на Карла Маркса, Танкавай, Пуліхава ў Лошыцу, а на вызваліўшыяся грошы адрамантаваць, напрыклад, Быхаўскі замак.
Вось тады б можа і зьявілася ў іх вага ў грамадстве.
Шчыра кажу: да культуры ня маю ні наймалейшых адносінаў!!
І ў міністэрстве не працую, а увогуле ў «прыватным сэктары».
2 Istota
А выдаткі Вы *моцна* занізілі, нават на Быхаў!
Я толькі знешне глянуў, па старых фотках, выглядае будынак такога тыпу правесьці капрэмонт выйдзе, калі прыкінуць, мін. яшчэ 250 млн., гэта калі даглядаць за ашчаднасьцю. З улікам таго, што гэта гістарычны будынак, і што верагодна зьявяцца праблемы з інжэнернымі сеткамі, і калі не праводзіць «беларускую рэстаўрацыю» (!!) а рэстаўраваць сумленна - усе 380-400 млн. (І ацяпленьне-рамонт-абслугоўваньне такога аб'екта, таксама выйдзе істотна).
Ну, як на інвэстыцыю, гэта і ня так шмат. Аднак мы ня кажам аб ператварэньні падотнага аб'екта ў тым жа Быхаве (!) ў прыбытковы гатэль (выдаткі - на парадак больш, а камэрцыйная перспектыва ніякая). І жытло сваё ў Быхаў ці падобнае месца не перанясеш. Дзяржава, тая ў такіх будынках прынамсі разьмяшчае установы грамадзка-культурнага ці адукацыйнага прызначэньня...
Значыць для прыватніка гэта - *проста выдатак*, дарагая пакупка а не інвэстыцыя. Гэтак, ня ўкласьці, а так вось проста *патраціць* 400 млн. на аб'ект бяз нейкай вызначанай мэты ці прызначэньня - сапраўды, трэба раскошаваць, а ня проста быць заможным!
Кажаце, "Тым хто лепш сябе адчувае сярод помнікаў, а не сучасьнікаў - час перасяляцца на могілкі. Там людзей няма а толькі адні помнікі ды помнікі навокал, лепата...!"
Дзякуем за параду, але гэта ўжо як Госпад угледзіць.
А па сутнасьці - той хто не шануе помнікі, гісторыю, той не паважае і сучасьнікаў, і ня думае пра будучыню. Хоць тут гаворка не пра могілавыя помнікі (вы падмянілі паняткі). Здаровы "сучасьнік", поўнавартасная асоба можа сфарміравацца толькі ў нармальным асяроддзі, напоўненым нацыянальным гістарычным і культурным кантэкстам і найлепшымі дасягненьнямі сусьветнай цывілізацыі. Помнікі - гэта візуальныя, асноўныя апоры для чалавечай сьвядомасьці, у прыватнасьці яны фарміруюць яе, атачаючы асобы непаўторным краявідам. І гэта не проста бессэнсоўная "лепота"!