Грамадства
12 каментароў Прысутны | 18:16, 15 сакавiка 2008

15 сакавіка а 14-й на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Менску стартавала Першая агульнананацыянальная дыктоўка. Удзел у ёй бралі паслы замежных краінаў, дзеячы культуры, прадстаўнікі СМІ.

Дыктоўка, прымеркаваная да 90-годзьдзя БНР, задумлялася найперш як акцыя салідарнасьці, пісаць яе ўсенародна прапануецца 23 сакавіка. "Сёньняшняя сустрэча на ТБМ была выкліканая тым, што ня ўсе дыпляматы, якія захацелі выказаць падтрымку беларускай мове, змогуць узяць удзел у дыктоўцы 23-га", — кажа ініцыятар ідэі Ўладзімер Падгол.

На Сядзібу ТБМ прыйшлі дыпляматы зь Вялікай Брытаніі, ЗША, Літвы, Польшчы, Славакіі, Украіны, Чэхіі і Швэцыі. Перад уласна пісаньнем адбыўся імправізаваны паэтычны фэстываль, зладжаны сіламі дыпляматычнага корпусу. Часовы павераны ў справах Славаччыны ў Беларусі Любамір Рэгак прачытаў верш клясыка славацкае літаратуры Паўла Орсага Гвездаслава, прысьвечаны роднай мове. Пераклад рабіў сам спадар Рэгак з дапамогаю Васіля Сёмухі. Сьледам гучалі па-беларуску творы зь літоўскае, польскае, украінскае клясыкі, якія чыталі прадстаўнікі гэтых краінаў -- саветнік пасла Літвы Дарыус Віткаўткас, прэс-сакратар пасольства Польшчы Моніка Садкоўска, пасол Украіны Ігар Ліховы. Часовы павераны ў справах Вялікабрытаніі Найджэл Гулд-Дэвіс прачытаў па-ангельску адзін з санэтаў Янкі Купалы. Гэтыя выступы-прысьвячэньні, паводле словаў ініцыятараў, мусіла распачаць чытаньнем па-беларуску «Білю аб правах чалавека» пасол ЗША Карэн Ст'юарт.

У якасьці тэксту дыктоўкі была абраная трохі адаптаваная прадмова да «Дудкі беларускай» Францішка Багушэвіча. Замежнікі, хто не пачуваўся пэўным у мове, пісалі дыктоўку па-свойму, празь перакладчыкаў.

Прадстаўнік Швэцыі Стэфан Эрыксан пісаў дыктоўку па-беларуску і сярод першых здаў яе на праверку. Іншы выдатны знаўца беларускай мовы, амбасадар Ізраілю Зэеў Бэн-Ар'е, ня змог прысутнічаць з прычыны шабату. Але ён паабяцаў узяць удзел у агульнанацыянальнай дыктоўцы 23 сакавіка.

«Галоўная ж тут ня колькасьць памылак, галоўнае — удзел, — кажа У. Падгол. — Галоўнае — паказаць, што мова наша для нас сьвятая».

Падзяліцца навіной:         
12 каментароў падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Кіндзюліс напiсаў(ла) Сакавiк 15, 2008 у 23:30
А дзе фотка Эрыксана з высалупленым ад старання языком і кропелькай поту на кончыку носа?
тут напiсаў(ла) Сакавiк 16, 2008 у 11:37
http://naviny.by/rubrics/society/2008/03/15/ic_articles_116_156075/
Ецi напiсаў(ла) Сакавiк 16, 2008 у 13:33
хто-небудзь можа растлумачыць дурню: ЧАМУ менавіта дыктоўка?
у гэтым ёсць нейкі утоены сэнс?

няўжо ад гэтага ёсць нейкая карысць для беларускай мовы??
Ецi напiсаў(ла) Сакавiк 16, 2008 у 13:42
калісьці, адна невялічкая купка людзей пасялілася ў міфічнай дзяржаве, якая называлася БНР...
і яны працягваюць там жыць дагэтуль...


з.ы.
Беларуская мова памрэ.
Мы сядзем шчыльнымі радамі напiсаў(ла) Сакавiк 16, 2008 у 15:21
Калі нейкія А і Б пяць ці дзесяць разоў збяруцца і памяркуюць, як лепш пісаць, "прынтэр" ці "прынтар", то адразу знаходзяцца 15 ці 25 каментатараў, якія, вядома ж, давядуць, што такія пасядзёлкі карысныя для беларускай мовы.
А вось калі замежныя дыпламаты (небеларусы!) збяруцца і прадэманструюць, што яны імкнуцца засвоіць звонкае "дзе" і густое "чаго", то чамусьці карысць такой імпрэзы ставіцца пад сумненне.
Гэта яўны знак таго, што мы жывем у грамадстве, у якой шкала каштоўнасцяў перавернута з ног на галаву.
Кнехт напiсаў(ла) Сакавiк 16, 2008 у 15:50
«Галоўная ж тут не колькасьць памылак, галоўнае — удзел, — кажа У. Падгол. — Галоўнае — паказаць, што мова наша для нас сьвятая». (У.Падгол)
===================================

Дык хто каму што паказаў? Амбасадары паказалі нам, што "наша мова для нас святая"?
Бедныя амбасадары, куды іх толькі не пхаюць: на мітынгі, у суды, у турмы, а зараз яшчэ адну ініцыятыву затыкнулі імі.
Слаўка напiсаў(ла) Сакавiк 16, 2008 у 16:37
2 Еці. Але ж доўга жывуць. А монстр, пабудаваны на ілжы, - здох. І не мае ніякіх шанцаў адрадзіцца. І гэты, прышчэпак, здохне. Бо усё, што збудавана на ілжы, - не жыццяздольна. І мова наша выжыве, раз ужо такія \"праціўнікі\" як Вы, ёю валодаюць.
Дзядзька з Піншчыны напiсаў(ла) Сакавiк 16, 2008 у 20:48
Ецi напiсаў(ла)

Сакавiк 16, 2008 у 12:33

хто-небудзь можа растлумачыць дурню: ЧАМУ менавіта дыктоўка?
у гэтым ёсць нейкі утоены сэнс?

23 САКАВІКА – АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНАЯ ДЫКТОЎКА

23 сакавіка спаўняецца 90 год з таго дня, як фракцыя Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў Радзе БНР пастанавіла аддаць усе свае галасы за незалежнасць краіны. Паколькі фракцыя БСГ мела большасць у Радзе, прыняцце Акту 25 сакавіка было прадвырашана.
Сёлета 23 сакавіка католікі лацінскага і грэцкага абрадаў святкуюць Пасху Хрыстову.
У гэты дзень адбудзецца таксама агульнацыянальная дыктоўка.
Ідэя агульнацыянальнай дыктоўкі ў тым, што людзі збіраюцца ў адным месцы і пад дыктоўку пішуць тэкст – вызнанне нейкіх каштоўнасцяў.
Ніхто не правярае напісанае на захаванне правілаў граматыкі. Само напісанне дыктоўкі сімвалізуе еднасць людзей у вызнанні пэўных ідэяў, каштоўнасцяў, прынцыпаў.
Такія дыктоўкі пішуцца, напрыклад, у Дзень незалежнасці Літвы.
Тэкст першай беларускай агульнанацыянальнай дыктоўкі, якая будзе працягвацца да 20 хвілін, будзе складацца з фрагментаў 2-й і 3-й Устаўных Грамат, у якіх гаворка ідзе аб правах і свабодах грамадзян Беларусі, а таксама з аднаго артыкулу Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.
Сябры палітычных партый могуць напісаць агульнанацыянальную дыктоўку на офісе БНФ (праспект Машэрава, 8) паводле наступнага графіку:
11:00 – Савецкі і Перашамайскі раёны,
12:00 – Ленінскі, Цэнтральны і Кастрычніцкі раёны,
14:00 – Маскоўскі і Фрунзенскі раёны,
14:00 – Заводскі і Партызанскі раёны,
15:00 – тыя, хто не паспеў напісаць дыктоўку разам з калегамі са сваіх раёнаў,
16:00– тыя, хто не паспеў напісаць дыктоўку разам з калегамі са сваіх раёнаў.
Амбасадары еўрапейскіх краін будуць пісаць дыктоўку 15 сакавіка.
Кіндзюліс напiсаў(ла) Сакавiк 16, 2008 у 21:43
Сябры палітычных партый Савецкага, Ленінскага, Кастрычніцкага і Маскоўскага раёнаў...
А куды ж беспартыйнаму падзецца?
Auhien напiсаў(ла) Сакавiк 17, 2008 у 9:52
A dzie mozna aznajomicca z tekstam dyktouki ? Chto autar jaja ? I kamu paslia napisannia dyktouki jaje zdavac( pierasylac )?
Сяргей напiсаў(ла) Сакавiк 17, 2008 у 14:38
Еці, ці ты не разважаў, чаму на Беларусі беларуская мова - прызнак апазіцыйнасці?
Паспрабуй патлумачыць гэта французам, немцам ці тым жа расіянам.
Расійская мова на беларускай зямлі - ненармальна. Гэта кажу я, расіянін з паходжання, які жыве на Беларусі шмат гадоў. Ніколі не разумеў, чаму тутэйшыя з такой непавагай ставяцца да роднай мовы. А дыктоўка - гэта дэманстрацыя падтрымкі нацыянальнай свядомасці, не больш за тое. І не толькі з боку замежных паслоў. Далучайся, Еці, і тады насупярэк твайму свярджэнню мова не памрэ.
akuj напiсаў(ла) Сакавiк 17, 2008 у 14:55
А мо яны падтрымалі ня так мову як БНР?
  падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Лiпень 2010г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).