Ідэальны раварыст |
Згодна з распараджэннем міністра ўнутраных спраў Беларусі Уладзіміра Навумава з 17 па 26 сакавіка на тэрыторыі краіны будуць праведзены дадатковыя мерапрыемствы па арганізацыі бяспекі дарожнага руху веласіпедыстаў пад дэвізам «Калі сеў на веласіпед — не забудзь апрануць камізэльку!».
У іх рэалізацыі задзейнічаецца ўвесь асабовы склад міліцыі грамадскай бяспекі: супрацоўнікі ДАІ, патрульна‑паставой службы міліцыі, участковыя інспектары міліцыі, інспектары па справах непаўналетніх і г.д.
Разам з дружыннікамі і членамі маладзёжных фарміраванняў супрацоўнікі міліцыі правядуць абход прыватных падворкаў і правераць аснашчанасць веласіпедаў святлоадбівальнымі элементамі, звяртаючы ўвагу грамадзян на неабходнасць выкарыстання флікераў пры паездках на веласіпедзе.
Акрамя таго, актывізуецца работа па выяўленні пешаходаў, веласіпедыстаў і вадзіцеляў гужавога транспарту, якія не абазначылі сябе святлоадбівальнымі элементамі, з наступным прыцягненнем іх да адміністрацыйнай адказнасці.
Як паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Беларусі, у студзені—лютым гэтага года зарэгістравана 29 наездаў аўтатранспарту на веласіпедыстаў.