Сёньня жыхары сталічнага мікрараёну Малінаўка‑4 на сустрэчы ў Менгарвыканкаме паспрабуюць яшчэ раз адхрысьціцца ад суседзтва з аўтазаправачнай станцыяй, будаўніцтва якой ужо пачатае. У 2003 годзе ім гэта ўдалося, але не надоўга.

Першая спроба пабудаваць АЗС на скрыжаваньні вуліц Слабадзкой і Рафіева была зробленая яшчэ ў 2004 годзе. Але тады жыхары вакольных дамоў змаглі пераканаць гарадзкія ўлады, што ў яе пабудове сталіца патрэбы ніякай ня мае, а вось экалягічнае становішча й умовы іх пражываньня пагоршацца. Празь некалькі гадоў Менгарвыканкам дае паўторны дазвол на будаўніцтва АЗС.

Але і цяпер 300 жыхароў паставілі свае подпісы супраць разьмяшчэньня АЗС у зваротах, накіраваных у адміністрацыю Маскоўскага раёну й Менгарвыканкам.

У сваім звароце да кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Генадзя Нявыгласа жыхары пішуць:

«будаўніцтва разгортваецца літаральна ў 50 мэтрах ад жылых дамоў. Усё дзікунства й абсурднасьць у тым, што на вул. Слабадзкой будуецца ўжо другая АЗС: менш як праз кілямэтар ад будпляцоўкі на скрыжаваньні Слабадзкой і Рафіева аўтазапраўку будуе «Белнафтахім»… Мы зьвярнуліся ў Менгарвыканкам, але загадзя ведаем, які адказ прыйдзе адтуль — гэта будзе адпіска.

Як маглі гэткае ўзгадніць у камітэце па экалёгіі? Чыноўнікі, да жалю, не жывуць у такіх убогіх дамах, як нашы. Іхнія дзеці напэўна ня дыхаюць паветрам ад вакольных ЦЭЦ, кальцавой аўтадарогі, гаражоў, гіганцкага аўтарынку. Калі ласка, прышліце ў Малінаўку сваіх работнікаў, хай яны паглядзяць у вочы жыхарам, удыхнуць паветра, якое складаецца з куродыва і смальля, зойдуць у кватэры й пачуюць, які грукат стаіць ад мноства машын…»

Практычна кожнага дня пасьля працы людзі прыходзяць да будпляцоўкі. Карэспандэнт «БЧ» прыехала на адну з такіх сустрэч.

— Выслухайце мяне, каб вам было ўсё зразумела, — заклікаў прысутных вядучы спэцыяліст ЗАТ «Белаграпрамрэсурс», якое ёсьць замоўцам, Андрэй Нікішкін. — Што зьмянілася з 2003 году? На зямельным участку, які падлягае асваеньню, былі пракладзеныя сеткі, вельмі вялікія камунікацыі… Гэтыя работы адбываліся (у грамадзе: «восеньню, калі мы думалі, што ліўнёўку робяць…»), так, восеньню. З‑за іх паўсталі праблемы ў гаражнага каапэратыву…

…Трубаправод высокага ціску — гэта шалёныя грошы… Гаражнікі адмаўляюцца плаціць, пазьбенуць грашовых страт яны могуць, калі тут пабудуюць АЗС. Таму пішуць у адміністрацыю раёну, гарвыканкам і прэзыдэнту: кампэнсуйце нам грошы…

Менгарвыканкам — не гумовы, зь бюджэту грошы ня возьме… Вось і было зноў прынятае рашэньне пра будаўніцтва АЗС…»

Чаму ж не спыталі жыхароў, а рабілі ўсё цішком? Аказваецца, ёсьць сьпісы, згодна зь якімі былі апытаныя жыхары дамоў 31, 98 і 100. Знаходзяцца яны ў адміністрацыі Маскоўскага раёну. Гэтае шчыраваньне выклікала такую хвалю абурэньня, што ініцыятыўнай групе зь цяжкасьцю ўдалося супакоіць людзей.

Лідзія Дзьмітрыеўна, сталая жанчына, кватэра якой месьціцца на першым паверсе і вокны глядзяць акурат на будпляцоўку вельмі засмучаная:

— Нам нiхто не казаў, што тут пабудуюць запраўку, а толькi што дрэвы пасадзяць, ды для дзетак пляцоўку зробяць. Iм жа зусiм гуляць няма дзе. Вось я i падпiсала. Я перасяленка з Чарнобыльскай зоны, дужа хворая на рак, а тут так дымна, асаблiва летам. Нельга тут, людцы добрыя, гэту запраўку рабiць.

— Усё вельмі сур’ёзна — кажа адзін з прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы Валер Карнейчык. — Пакуль будаўніцтва прыпыненае. Мы выйгралі нейкі час, каб адысьціся ад шоку. Людзі супакоіліся, паверылі раённым і гарадзкім уладам, што будоўлі ня будзе. А тут бах — і панеслася!

Жыхары дамоў вельмі спадзяюцца на сустрэчу, якая мае адбыцца сёньня ў Менгарвыканаме з удзелам памочніка прэзыдэнта па Менску Анатоля Сівака.

Паводле: Натальля Міласэрдава, фота Ксеніі Авімавай, «Беларускі час»

Глядзі яшчэ:
Фотанарыс у блоґу ak-bara

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0