Супрацоўнікам УУС Цэнтральнага раёну Менску даручана правесьці праверку па факце разбурэньня помніку архітэктуры XIX стагодзьдзя па вуліцы Рэвалюцыйная, 17

Супрацоўнікам УУС Цэнтральнага раёну Менску даручана праверыць факты, зьвязаныя з разбурэньнем у сталіцы помніку архітэктуры — жылога будынку XIX стагодзьдзя ў стылі клясыцызму з элемэнтамі эклектыкі па вуліцы Рэвалюцыйнай. Пра гэта гаворыцца ў лісьце пракуратуры Цэнтральнага раёну сталіцы да старшыні грамадзкага аб’яднаньня «Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры» Антону Астаповічу.

14 сакавіка быў зьнішчаны ўнікальны двухпавярховы жылы будынак з дэкараваным фасадам па вуліцы Рэвалюцыйная, 17, унесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка‑культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Гэты будынак рэстаўраваўся, і працэс яго аднаўленьня знаходзіўся ў апошняй стадыі. Аднак на працягу некалькіх дзён ТАА «ТаПас» будаўнічага ўпраўленьня № 2 ААТ «Будтрэст № 7» поўнасьцю разбурыла гэты помнік айчыннага дойлідзтва, на месцы якога заплянавана збудаваньне комплексу адміністрацыйных будынкаў.

У сувязі са зьнішчэньнем будынку А.Астаповіч накіраваў у Генэральную пракуратуру хадайніцтва аб распачынаньні крымінальнай справы, праінфармаваў Камітэт дзяржаўнага кантролю, а таксама зьвярнуўся да кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Неўзабаве ў офіс аб’яднаньня паступіла паведамленьне Генэральнай пракуратуры, якая даручыла пракуратуры Менску праверыць абставіны зносу будынку. Празь некалькі дзён сталічная пракуратура накіравала гэтае даручэньне ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску.

У інтэрвію БелаПАН А.Астаповіч выказаў шкадаваньне ў сувязі з тым, што разгляд пытаньня аб зьнішчэньні помніку даручаецца па ланцужку ніжэйшым інстанцыям.

Паводле БелаПАН

Глядзі яшчэ:
Аляксей Фралоў. Час глухіх

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0