культура. рознае
3 каментары Антон Тарас | 20:35, 25 красавiка 2008

25 красавіка ў 10‑й дзіцячай бібліятэцы Менску адбыўся дэбютны спэктакль тэатру «…і іншыя» паводле казкі Я. Маўра «Падарожжа ў пекла».

Ролі выконвалі Вера Бурлак (Піянэр), Віктар Жыбуль (Паэта) і Ягор Баўбій (Чорт і іншыя). Пастаноўку ажыцьцявіў Мюр Фарыдовіч ‑‑ навучэнец 5‑га курсу Беларускай акадэміі мастацтваў.

Спэктакль ішоў па‑беларуску, а аўдыторыю склалі пераважна навучэнцы малодшых клясаў. Аднак прысутнічалі і старэйшыя школьнікі, выкладчыкі, бацькі.

Казка «Падарожжа ў пекла» напісаная ў 1928 г. і расказвае пра тое, як з дапамогай грэшнікаў‑бацюшак і чарцей Піянэр зьдзяйсьняе рэвалюцыю ў пекле.

Уласна, да твора Маўра, 125-годзьдзе якога будзе адзначацца 10 траўня, спэктакль мае ўмоўнае дачыненьне. Гэта, хутчэй, вольная інтэрпрэтацыя казкі. Напрыклад, у арыгінальным творы няма такога пэрсанажу, як Паэта — у новай пастаноўцы гэта адна з ключавых роляў. Менавіта Паэта падказвае Піянэру шлях у пекла й апявае ягоную перамогу ў рэвалюцыі напрыканцы дзеі.


Фота Алёны Варанавец
Вершы напісаныя адмыслова для пастаноўкі самімі акторамі. Пачатковы ж варыянт тэксту быў прапанаваны рэжысэрам.

«Падарожжа ў пекла» — даволі аб’ёмны твор. Аднак адаптацыя была зробленая ў кароткі тэрмін, а пастаноўка й рэпэтыцыі занялі ўсяго тыдзень. Тым ня менш, акторы, зь якіх спадар Баўбі — адзіны прафэсійны артыст — гралі вельмі жыва й арганічна. Публіка ўважліва сачыла за прыгодамі Піянэра, сьмеючыся з кожнага жарту ў пастаноўцы.

На першы позірк магло здацца, што мы патрапілі ў мінулае стагодьдзе, на пралеткультаўскую пастаноўку. Узгадаліся чамусьці й пэрфомансы Артура Клінава «Сьмерць піянэра»… Аднак гэта зьнешняе ўражаньне.

Натхненьнем для рэжысэра зьяўляюцца Пітэр Брук і Ян Шванкмаер. Уплыў апошняга асабліва праяўляецца ў вялікай колькасьці лялек і ўласна сюррэалістычнай скіраванасьці спэктакля.

Апроч таго, «Падарожжа ў пекла» — перш за ўсё, казка, драматургія багатая на даволі празрысты падтэкст. Напрыклад, у адзін з даволі сьмешных для дзетак момантаў дзеі, які суправаджаўся рэплікай «горш, чым у пекле, быць ня можа», мала хто з дарослых гледачоў усьміхнуўся.

Па заканчэньні спэктакля Вера Бурлак, усё яшчэ ў вобразе Піянэра, зьвярнулася да дзетак: «Ну што, пабудуем камунізм?» «Тааак!» — уголас адказалі маленькія гледачы.

Па словах спадарыні Місевіч, загадчыцы бібліятэкі, падобныя мерапрыемствы адбываюцца тут ня часта, але рэгулярна. На пытаньне: «Ці часта наведвальнікі чытаюць Маўра» спадарыня Місевіч адказала: «Літаратура на беларускай мове ўвогуле карыстаецца малой папулярнасьцю».

«Мы ня ведаем, з чым гэта зьвязана», — дадала загадчыца, — «але робім усё, што ад нас залежыць, каб прыцягнуць да яе ўвагу».

Існуе такі афарызм: «пісаць для дзяцей трэба, як для дарослых, толькі лепей». Па заканчэньні спэктакля мы запыталі маленькую глядачку Еву, ці спадабалася ёй. «Так, спадабалася», адказала дзяўчынка, — «Вельмі сьмешна».

На пытаньне, ці будзе яна чытаць Янку Маўра, калі вырасьце, за дачку адказала маці: «Так, канешне будзе».

Наступным разам удзельнікі тэатра «…і іншыя» плянуюць правесьці спэктакаль у менскім Музэі Ваньковіча 18 траўня. Тады яго зможа пабачыць больш шырокая публіка.

Падзяліцца навіной:         
3 каментары падпіска на каментары   каментары праз RSS  
памылка напiсаў(ла) Красавiк 26, 2008 у 19:02
прозвішча актора - Ягор БАБІЙ
памылка-2 напiсаў(ла) Красавiк 28, 2008 у 2:11
Правільна нават ня Бабій і ня Баўбі, а БАЎБІЙ - праз Ў, але з Й на канцы!!!
Антон Тарас напiсаў(ла) Красавiк 28, 2008 у 11:59
Прашу прабачэньня. Канешне ж, Баўбій. Мая віна.
  падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Лiпень 2010г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).