Фота БЕЛТА

Кіраўнік Беларусі зрабіў шырокі жэст. Ён запрасіў Папу Бэнэдыкта XVI наведаць Беларусь зь візытам у любы зручны для яго час. Больш за тое, Беларусь і Рымска-каталіцкая царква будуць рыхтаваць да падпісаньня Пагадненьне аб супрацоўніцтве. «Я ўпэўнены, што мітрапаліт Кандрусевіч будзе змагацца за незалежнасьць і сувэрэнітэт нашай дзяржавы», — заявіў ён.

20 чэрвеня адбылася сустрэча кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зь Дзяржаўным сакратаром Ватыкану Тарчызіё Бэртонэ, які знаходзіцца ў нашай краіне на запрашэньне ўраду. Гэта першы афіцыйны візыт такога высокага чыноўніка Ватыкану ў Беларусь (дзяржаўны сакратар Сьвятога Пасаду адпавядае прыкладна прэм'ер-міністру ў сьвецкіх дзяржавах), таму і ў Нацыянальным аэрапорце кардынала сустракала ганаровая варта.

Зрэшты, Бэртонэ наведваў Беларусь яшчэ ў 1997 годзе, але тады ён яшчэ не знаходзіўся на пасадзе Дзяржсакратара.

«Я вельмі рады гэтаму візыту, вельмі рады такому сардэчнаму прыёму. Я прывёз пасланьне Папы Бэнэдыкта XVI», – сказаў адразу па прыезьдзе Тарчызіё Бэртонэ.

На сустрэчы з пасланьнікам Касьцёлу Лукашэнка параіў не шукаць у візыце палітычнага падтэксту, нібыта з дапамогай Ватыкану Беларусь хоча наладзіць адносіны з эўрапейскімі краінамі. «Беларусь абсалютна ня супраць нармалізацыі стасункаў ня толькі з Эўропай, але і з ЗША, але мы нікому не дазволім умешвацца ў свае ўнутраныя справы», – цытуе Лукашэнку агенцтва БЕЛТА.

“Мы даўно супрацоўнічаем з Ватыканам, яшчэ з часоў Яна Паўла ІІ, які вельмі любіў і паважаў Беларусь, гэта мне вядома. Калі ў выніку візыту Тарчызіё Бэртонэ адносіны Беларусі з Эўропай палепшацца, то мы гэта будзем толькі вітаць. Верацярпімасьць і талерантнасьць – гэта традыцыйныя рысы беларускага грамадзтва. Наша задача – з улікам асаблівасьцей рэлігійнага жыцьця і поліэтнічнага складу насельніцтва спрыяць паляпшэньню і разьвіцьцю верацярпімасьці, інтэрнацыяналізму, дружбы народаў», – сказаў А. Лукашэнка.

Многія ад пачатку пачалі разглядаць візыт Бэртонэ як падрыхтоўку да дзяржаўнага візыту Папы як кіраўніка Ватыкану ў Беларусь. І яшчэ адно важнае пытаньне, якое абмяркоўвалася: падпісаньне Беларусьсю канкардату з Ватыканам, які замацуе прававыя нормы адносін дзяржаў па самых розных пытаньнях. Калі канкардат урэшце будзе падпісаны, то гэта відавочна ўмацуе пазыцыі Каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі. З усіх постсавецкіх краін падобнае пагадненьне з Ватыканам мае толькі Літва.

Тарчызіё Бэртонэ мае падкрэсьлена насычаны візыт. Штодзень кардынал мае некалькі сустрэчаў і мерапрыемстваў, заплянаваныя яшчэ паездкі ў рэгіёны – Пінск і Горадню, а таксама ў Глыбокае на фэстываль хрысьціянскіх фільмаў «Магніфікат».

Апроч Лукашэнкі, Бэртонэ меў сустрэчу зь міністрамі замежных справаў Сяргеем Мартынавым. «Гэты візыт вельмі пазытыўны ў пляне двухбаковага супрацоўніцтва. Адбыўся грунтоўны абмен думкамі адносна магчымых шляхоў паглыбленьня супрацоўніцтва між Менскам і Сьвятым Пасадам», – адзначыў С. Мартынаў.

Адбылася сустрэча Тарчызіё Бэртонэ і з кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы мітрапалітам Філарэтам. «Гэта сустрэча прадэманстравала тую атмасфэру супрацоўніцтва, якая існуе ў Беларусі між дзьвюма цэрквамі і дзьвюма канфэсіямі», – адзначыў Т.Бэртонэ.

Дзяржсакратар Ватыкану яшчэ езьдзіў да дзяцей хворых на рак у Бараўляны, а таксама прачытаў лекцыю студэнтам БДУ на тэму «Вера і розум: як гаварыць пра Бога сучаснаму чалавеку».

У суботу а 18:30 адбудзецца сустрэча кардыналу з моладзьдзю і асьвячэньне нарожнага каменя пад касьцёл Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Серабранцы. А ў нядзелю, апошні дзень візыту, Тарчызіё Бэртонэ наведае Чырвоны касьцёл, ускладзе кветкі да на плошчы Перамогі, адслужыць урачыстую сьвятую Імшу ў менскім архікатэдральным касьцёле і дасьць прэс-канфэрэнцыю для журналістаў.

* * *

Аляксандар Лукашэнка запрасіў Папу Бэнэдыкта XVI наведаць Беларусь зь візытам у любы зручны для яго час», — паведамляе прэс‑служба прэзыдэнта.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што ў яго ўстанавіліся вельмі добрыя асабістыя адносіны з кіраўніцтвам Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі: «Я вітаў вяртаньне Тадэвуша Кандрусевіча, Архібіскупа Мітрапаліта Менска-Магілёўскага, на родную зямлю. Ён сапраўдны патрыёт сваёй краіны і з разуменьнем ставіцца да тых працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі. Я ўпэўнены, што ён будзе змагацца за незалежнасьць і сувэрэнітэт нашай дзяржавы, а дзяржава будзе яму надзейнай апорай у гэтым».

* * *

Тарчызіё Бэртонэ

(італ. Tarcisio Bertone) нарадзіўся 2 сьнежня 1934 году ў Рамана Канавэзе, недалёка ад Турыну. Італьянскі кардынал. Дзяржаўны сакратар Ватыкану ад 15 верасьня 2006. Выкладаў тэалёгію ў папскім унівэрсытэце Рыму, ад 1989 да 1991 быў яго рэктарам. Камэрленго Каталіцкага Касьцёлу ад 4 красавіка 2007. Архібіскуп Вэрчэлі ад 1991 да 1995. Сакратар Кангрэгацыі Дактрыны Веры ад 1995 да 2002, фактычна ў той пэрыяд ён быў намесьнікам сёньняшняга Папы Рымскага Ёзэфа Ратцынгера. Архібіскуп Генуі ад 2002 да 2006. Кардынал-сьвятар з тытулам царквы Санта-Марыя Аўсіліатрычэ ін віа Тусканола ад 2003 да 2008. Кардынал-біскуп Фраскаці з 10 траўня 2008.
Tarcisio Bertone. Photo by Julia Darashkevich
Сустрэча ў Нацыянальным аэрапорце. Фота Юліі Дарашкевіч
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?