Сям’я Ларыных з Мінску больш за тры гады жыве ў стане шоку. Абсалютна здаровыя хлопчыкі‑блізнюкі на 20‑м годзе жыцця захварэлі.

Іх маці Вольга Уладзіміраўна падумала спачатку, што гэта звычайная прастуда, але праз некаторы час медыкі паставілі жахлівы дыягназ:

‑ Недзе з інтэрвалам у два тыдні стала кепска аднаму і другому. Жаліліся на болі ў грудзях. Але што можа непакоіць 20‑гадовага хлопца? Вядома ж, думалі, што прастыў. Зрабілі флюраграфію — усё нармальна. Але потым зрабілі кардыяграму і тэрмінова паклалі ў першую клініку, дзе паставілі гэты страшны дыягназ.

Адзін з хлопцаў — Саша — пайшоў у іншы свет праз тры месяцы. Маці кажа, што ён літаральна згарэў на вачах. Міхасю зрабілі аперацыю, але яна не дапамагла. Прафесар і адзін з лепшых у Беларусі кардыяхірургаў Юрый Астроўскі са скрухаю вымаўляе гэты дыягназ і кажа, што прычыны гэтага захворвання застаюцца для медыкаў невядомымі.

‑ Гэта дылітацыйная кардыяміяпатыя. Захворванне звязана з невядомай дагэтуль прычынай, якая выклікае паражэнне сардэчнай мышцы — і яна не здольная дастаткова актыўна скарачацца, каб падтрымліваць крывазварот у арганізме. Адзіным радыкальным спосабам лячэння з’яўляецца трансплантацыя сэрца або падлучэнне інжынерных сістэмаў, што здольныя замясціць сэрца.

Міхась ужо паўгода не выходзіць на вуліцу — ён падлучаны да апарату штучнага сэрца. Гэта агрэгат, які знешне нагадвае банкамат і важыць 300 кілаграмаў. Юры Астроўскі канстатуе — без гэтай сістэмы хлопец не можа жыць, але апарат можа толькі падтрымліваць жыццё

Адзінае выйсце ў гэтай сітуацыі — аперацыя па перасадцы сэрца, якая робіцца толькі за мяжой і каштуе 350 тысячаў еўра. Дзе ўзяць такія грошы бацькі Мішы Ларына не ведаюць — маці працуе заўгасам, бацька — вахцёрам. У Вольгі Уладзіміраўны ёсць адзін спадзеў — што дапамогуць неабыякавыя людзі:

‑ Міша хоча жыць. Вельмі хоча жыць. Таму звяртаюся да ўсіх добрых людзей — калі можаце дапамажыце ўратаваць дзіцёнка! Бо гэта немагчыма… Адзін, цяпер другі. Гэта вельмі страшна.

На просьбу сям’і Ларыных ужо адгукнуліся шэраг вядомых беларускіх музыкаў. Адзін з іх — Уладзімір Пугач з гурта «J:Moрс». На яго думку, у сённяшнім свеце, перанасычаным інфармацыяй, сапраўды цяжка дакрычацца да людзей. Але артысты, прынамсі, у змозе звярнуць увагу на пэўную праблему. Таму гурт «J:Moрс» адзін з першых далучыўся да акцыі «Сэрца жыве».

‑ Сутнасць акцыі палягае ў тым, што беларускія артысты будуць прыцягваць увагу да гэтай праблемы. Дзеля гэтага створаны сайт «Сэрца жыве», дзе як мінімум цягам усяго лета будуць выкладацца экслюзіўныя музычныя трэкі. Просім наўзамен пра адзінае — дапамагчы Міхасю.

Адмысловы сайт Сэрца жыве запрацаваў з 24 чэрвеня.

Акрамя «J:Moрс», у акцыі возьмуць удзел гурты N.R.M., «Крамбамбуля», «Ляпіс Трубяцкой», а таксама шэраг прадстаўнікоў папулярнай музыкі. Менавіта па гэтым адрасе можна будзе абсалютна бясплатна спампаваць трэкі гэтых артыстаў і дазнацца, як дапамагчы хлопцу, які так прагне жыць.

Сяргей Будкін, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0