Незарэгістраваная арганізацыя «Белы легіён« была заснаваная на пачатку 1990‑х часткай маладзейшых сяброў зьліквідаванага Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ) на базе ягонага моладзевага крыла ДРАБ (Дружыны рэгіянальнай аховы і бясьпекі, т. зв. «Чорныя драбы»).

Пры канцы 90‑ых колькасьць удзельнікаў «Белага легіёну» не перавышала 200 чалавек. Яны бралі ўдзел у штогадовых спартовых вышкальных зборах і летніках у розных кутках Беларусі. Мэтай арганізацыі была абарона незалежнасьці Беларусі, якая тады апынулася пад пагрозай праз падпісаньне саюзных дамоваў з Расеяй. Дзейнасьць арганізацыі згарнулася пасьля зьнікненьня пагрозы незалежнасьці.

Сябры «Белага легіёну» ахоўвалі нацыянальныя культурныя акцыі і незалежныя СМІ. Яго ўдзельнікі былі заўважаныя ў маніфэстацыі 17 кастрычніка 1999 г., якая скончылася сутычкамі зь міліцыяй на рагу вуліц Фрунзэ і Першамайскай. Тады 20 тысячаў чалавек выйшлі на вуліцы Менску, каб запатрабаваць адстаўкі Лукашэнкі і расьсьледаваньня зьнікненьняў вядомых палітыкаў. Міліцыя і спэцназ некалькі разоў атакавалі і адступалі, у выніку падчас акцыі 53 міліцыянты атрымалі пашкоджаньні.

Затрыманы ў сакавіку 2000 г. за распаўсюд улётак «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі быў першым асуджаным па артыкуле Адміністратыўнага кодэксу 167.10 («дзейнасьць ад імя незарэгістраваных ці не перарэгістраваных палітычных партыяў, прафэсійных саюзаў ці іншых грамадзкіх аб’яднаньняў»), які быў уведзены ў дзеяньне пры канцы 1999 г.

У жніўні 1998 г. за распаўсюд улётак «Белага легіёну» быў асуджаны і Ігар Корсак. Яго абвінавачвалі таксама ў «распаўсюдзе фашыстоўскай сымболікі», але экспэрты‑мастацтвазнаўцы прызналі, што эмблема «Белага легіёну» — знак «спарыш» — ня мае дачыненьня да фашызму і зьяўляецца элемэнтам беларускага традыцыйнага арнамэнту (у тым ліку, ён зьмешчаны на сучасным дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь). На судзе Корсак «прызнаў сваю вiну часткова». Ён быў аштрафаваны на 2,5 млн рублёў.

Антось Каберац

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0