10 ліпеня Прэсненскі суд Цэнтральнай адміністрацыйнай акругі Масквы прыняў рашэнне арыштаваць затрыманага 8 ліпеня ў расійскай сталіцы Рамана Менцюка, вінаватага ў ДТЗ на трасе Мінск — Мікашэвічы 2 сакавіка. Пра гэта БелаПАН паведамілі ва УУС Мінскага аблвыканкама.

Цяпер будзе вырашацца пытанне аб выдачы арыштаванага праваахоўным органам Беларусі.

Разам з Р.Менцюком у Маскве была затрымана яго жонка Вольга. У Беларусі яна абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага арт. арт. 318 КК (выпуск у эксплуатацыю технічна няспраўнага транспартнага сродку альбо незаконны допуск да кіравання ім). Расійскім судом яна вызвалена з‑пад варты, паколькі ў заканадаўстве РФ няма крымінальнай адказнасці за падобныя дзеянні.

Нагадаем, каб спыніць п’янага Р.Менцюка, які кіраваў аўтамабілем «Фальксваген», супрацоўнікі аддзела ДАІ Кастрычніцкага РАУС Мінска выстраілі «жывы шчыт» з грамадзянскіх аўтамабіляў, у якіх знаходзіліся людзі.

У дачыненні да Р.Менцюка пракуратурай Мінскай вобласці 17 сакавіка была распачата справа па ч. 1 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання). Пасля гэтага ён разам з жонкай Вольгай уцёк. Завочна парушальніку было прад’яўлена абвінавачанне, пракурорам абрана мера стрымання ў выглядзе зняволення пад варту. У красавіку ў дачыненні да Р.Менцюка была распачата яшчэ адна крымінальная справа — за крадзеж, паведамляе БелаПАН

Увесь гэты час Мянцюк жыў у Нара‑Фамінску, а ў Маскву прыехаў шукаць працы. Тут яго і злавілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0