25 жніўня 1991 г. 5-я нечарговая сэсія Вярхоўнага Савету БССР прыняла закон «Аб наданьні статусу канстытуцыйнага закону Дэклярацыі Вярхоўнага Савету БССР аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» і пастанову «Аб забесьпячэньні палітычнай і эканамічнай самастойнасьці Беларускай ССР».
Тым самым фактычна была абвешчана незалежнасьць БССР.
Як падкрэсьлівае ў сваёй кнізе «Сем гадоў адраджэньня…» Сяргей Навумчык, супраць наданьня Дэклярацыі ад дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага акту выступіў дэпутат Лукашэнка.
Тая сэсія адбывалася на трэці пасьля правалу путчу ГКЧП дзень і праходзіла досыць бурна.
24 жніўня БНФ вывеў на плошчу Леніна дзясяткі тысяч людзей, а ў залю, дзе адбываліся паседжаньні, Валянцінам Голубевым, Зянонам Пазьняком і Галінай Сямдзянавай быў унесены бел-чырвона-белы сьцяг, а потым дэпутаты ад фракцыі БНФ не дапусьцілі да трыбуны галоўнага камуніста Беларусі Анатоля Малафеева.
24 жніўня старшыня Вярхоўнага Савету БССР Мікалай Дземянцей падаў у адстаўку, першым кіраўніком незалежнай Беларусі стаў Станіслаў Шушкевіч, што дагэтуль займаў пасаду намесьніка старшыні.
19 верасьня 1991 г. сэсія Вярхоўнага Савету прыняла рашэньне называць БССР надалей Рэспубліка Беларусь, у скарочаных назвах – Беларусь.
Тады ж была прынята пастанова Вярхоўнага Савету аб дзяржаўных сымбалях. Дзяржаўным сьцягам абвяшчаўся бел-чырвона-белы сьцяг, гербам – «Пагоня».