Юрась Петухоў
* * *
Вечар. Прыпынак. Зіма.
Мы чакаем аўтобуса.
Я. Сьпеўных вершаў няма.
Ты. Чакаеш аўтобуса.
Плошча. Сталіца. Сьвятло.
Спадзяваньне на лепшае.
Ты. Пачуцьцё не прыйшло.
Мы з табою ня першыя.
Сяргей Макарэвіч
* * *
Незнаёмка,
Падары мне ўсьмешку
З сваіх вуснаў
Жывых.
Усьміхніся сваімі вачыма,
Што,
Як каштоўныя камяні,
Надзяляюць мяне
Сваім зьзяньнем
Пры кожным дотыку позірку.
І толькі маўчы —
Я бяз слоў усё разумею.
Увайдзі ў мой храм
Душы
Нямой
Ды застанься там
Назаўжды.
Зьміцер Панкавец
Спн.Н.
вокны кватэры
выходзяць на Млечны шлях
пайду прайдуся
ПАРОДЫЯ НА ХАЙКУ А.ХАДАНОВІЧА
дзячу японцам
за лепшыя знаходкі —
хайку і танкі
Юрась Нераток
БЕЗ НАТХНЕНЬНЯ
Ты то корміш, то доіш хімэру,
Побач лярваю муза ляжыць.
Годзе тузаць алоўкам паперу:
Што тваё — ад цябе не зьбяжыць!
Скідвай німб і ня вер у харызму,
Зьлезь са сцэны, прастуй у фае!
Шмат падстаў у твайго пэсымізму,
А ці трэба падстаўкі твае?
Бо пасьля, як усе мы загінем
І згніюць у зямлі карані,
На ўспаміны нашчадкам пакінем
Не паперу — адны камяні.
Сяржук Жыцень
VIERŠ NA PERFAKARCIE
PAD NIEPRYTOMNAJ CIAŽKAŚCIU RAZVAHAŬ
DUMKI VYŁAZIAĆ Z HAŁAVY NA PAPIERU.
I, NIA MAJUČY ZŁYCH NAMIERAŬ,
RASPAČYNAJUĆ SVAJO PALAVAŃNIE;
ZASYNAJUČY MIŽ BAČYNAŬ KNIHAŬ,
ZACHOŬVAJUČY Ŭ SABIE VIERU
PAŹBIEHNUĆ RUK VIERŠAMIERAŬ,
ČAKAJUĆ KRASAK NA PACHAVAŃNIE.
Каментары