кнігі паміраюць
зь цёмных спальняў
дзе адзіная дарога
пракладзеная жоўтай лямпай
вяла да кніжнай старонкі
іх рассоўваюць па ўсіх вуглах дому
ператвараючы яго ў вялікі кніжны могільнік
тых чые імёны ўжо нічога ня кажуць
зносяць на паддашак
дзе яны па дваццаць асобнікаў у адной каробцы
як у брацкіх магілах
кнігі ўдавеюць
у пустых кватэрах
нічыё сэрца больш ня б’ецца над імі
ніхто ня дзеліць зь імі вячэры
не ўпускае ў ванну
ніхто не заўважае
як яны губляюць старонкі
як валасы
як памяць
кнігі старэюць у адзіноце
і самая ўражлівая кніга
назаўсёды застаецца
ў халодным ложку
накрыўшы галаву падушкай
душыць крык сваіх чорных літар
старыя кнігі —
закінутыя магілы
Мілбрук, красавік 2006 — Бэрлін,
травень 2006
Каментары