Першы беларускі сьвін-скарбонка-касманаўт адпусьціў усе ступені сваёй ракеты ды ўжо трэція суткі круціцца на калязямной арбіце.
Першы беларускі сьвін-скарбонка-касманаўт адпусьціў усе ступені сваёй ракеты ды ўжо трэція суткі круціцца на калязямной арбіце. «Выходзьце ў адкрыты космас!» — натужліва равуць дынамікі Цэнтру кіраваньня касьмічнымі станцыямі. Але нешта яму замінае. «Вяртайся на Зямлю — мне безь цябе кепска», — плача па той бок проваду жонка. Але гэта няпраўда. Яна кажа гэта, ды ён уяўна чуе мужчынскія галасы на заднім пляне. Сябры ўмаўляюць яго не ад’ядаць сабе сэрца і разысьціся. Баба з возу. Але нешта яму замінае.
Дзеці першага беларускага сьвіна-скарбонкі-касманаўта, худзенькія сіненькія, паляць за гаражамі плястмасу. Яны прыходзяць дадому, разгортваюць падручнікі і пачынаюць лізаць літары. Ён дасылае поштаю ўсе заробленыя баксы і ў лістах просам просіць сваіх бацькоў ня кідаць у выбарчыя скрыні ўстаўных сківіц. У яго ванным пакоі жыве кракадзіл. У яго ўсё ў парадку. Проста цудоўна. Усім прывітаньні.
Па гулкіх калідорах касьмічнае станцыі гайнямі бегаюць байструкі Белкі і Стрэлкі.
Салянка ў цюбіках даўно скісла.
Больш за ўсё на сьвеце ён бы хацеў быць першым сьвінам-скарбонкай-касманаўтам, але ж не беларускім, а ўкраінскім. Ужо другія суткі яму мроіцца гэтае ціхае блізкае шчасьце — межаваць з Малдовай, закідвацца тлустым, хоць лыжкай, чарназёмам і, прахапіўшыся пасярод ночы, зьмеціць побач з сабою на ложку, як падасца ў цемнаце на тле бялюткай начнухі, смуглую патыліцу незнаёмай жанчыны.
М-м, у выпадку гэткай украінізацыі ён бы працягваў любіць бульбу, але ўжо не калаціўся б над ёю, а так ставіўся б да яе, як ставяцца да сяброў і проста харошых людзей — з лагоднай абыякавасьцю. Гэтаксама працягваў бы любіць, як і любіў, сала, але тады, мусіць, пры дужа сонечным надвор’і фанатычна абмазваў яго крэмам супроць загару.
Лэдзі энд Джэнтэльмэн! Яго Вялікасьць Рэп:
- Я размаўляў з шахцёрамі,
Я размаўляў з ліфцёрамі,
Зь ліфцёрамі ў шахтах,
З шахцёрамі ў Данецку —
Усе яны ўпэўнены, што ў насусё будзе зэбска.
Сасьпелі памідорчыкі,
Гангрэна-макарончыкі,
Аматара-кандуктары,
Трывушчыя кампостэры,
У чарговыя канікулы панюхай, братка, клей.
Чыхайце мундыялямі,
Плювайце сэрыялямі,
Рабіце натуральненька,
Штампуйце сьцяг брыгаданькі,
Па ўмаўчаньні Матрыцы залазьце ў трусы.
А я? Што я...
Што можна
Чакаць ад паліцая?
Люблю цябе, смародзіну,
Кілдык, ялдык і родзіну.
Этапы кубку сьвету я прабаўлю ў цішыні.
Сьмешна перабіраючы ў паветры нагамі, першы беларускі сьвін-скарбонка-касманаўт залятае ў варывеньку, выграбае з нагруднай кішэні ключык і адмыкае ім тумбачку, што стаіць побач зь мініятурнай лядоўняй. З тумбачкі ён дастае мяшэчак з цукрам і папяровую пушачку з гарбатнымі пакетыкамі «Індыйская прынцэса». Вылівае кіпень з электрычнага чайніка проста ў паветра. Вада імгненна набывае форму шара і застывае на вышыні паўтара мэтра над падлогай. Чамусьці хапатліва, але беспамылкова разьвязвае па-сялянску тугі вузел на мяшэчку. Напятымі і зьведзенымі да аднаго пункту пальцамі бярэ цукар у шчопаць. Круціцца ў паветры і, выхапіўшы вольнай рукой з дасканалага шыхту гарбатны пакецік, фарбуе ім паверхню шара. Крышталёвы шар паступова ператвараецца ў паўпразрысты бурштынавы, у якім выразна адбіваецца лямпачка пажарнага выхаду. Потым перазасяроджваецца на руцэ з цукрам і нясьпешна (каб не апаліць кончыкаў пальцаў), амаль бязважка (не раўнуючы як цень птушкі, якая разам з самой птушкай вымушаная схіляцца над зернем) ён дакранаецца шчопцем да паверхні шара ў тузіне месцаў. Выкідвае скарыстаны пакецік у плястыкавую сьметніцу. Лунаючы ў позе палена з рукамі па швах, першы беларускі сьвін-скарбонка-касманаўт чакае якіх тры хвіліны і потым з прыжмурам і падсёрбам пачынае аблізваць з усіх бакоў сваю інтэрактыўную гарбату.
Звыклым курэцкім плескачом ляпае сябе два разы па кішэні, дастае адтуль касьмічныя запалкі, зьдзіўлена круціць іх у руках, успамінае, што кінуў, апускае назад, выходзіць у перадлазьнік, адчыняе наросхрыст люк і на поўныя грудзі ўдыхае даўкі пах неабдымнага стэпу.
Каментары