Новая геатэрмальная станцыя, што працуе з пачатку месяцу, грэе батарэі сотняў дамоў, крамаў і офісаў, і не патрабуе ні вугалю, ні газу, ні ўрану з плютоніем.
Геатэрмальная станцыя ў мястэчку Хэерлен – першая ў сьвеце станцыя, якая награе ваду ў скарыстаных шахтах. Вугальная рудня ў Хэерлене была зачыненая з 1970-х, але зараз выкарыстоўваецца на карысьць гораду.
Экалягічна чыстая бясплатная энэргія бярэцца з глыбіняў Зямлі. Тэхналёгія даволі простая: станцыя пампуе ваду са ствалоў выпрацаваных шахтаў глыбінёй 800 метраў, дзе вада натуральна награецца да 35 градусаў Цэльсію. Калі патрэбна большая тэмпература – вада падаграецца бойлерамі. Гарачая вада выкарыстоўваецца для ацяпленьня 350 будынкаў, пасьля чаго заліваецца назад у шахту, дзе зноўку награецца.
Летам з вяршыні шахты можна браць ваду, дастаткова халодную, каб ахладжаць пабудовы бяз кандыцыянэраў.
Тэхналогія не дае шкодных выкідаў і можа адрадзіць іншыя шахторскія раёны, даючы танную невычарпальную энэргію. Адзіная хіба – будынкі мусяць стаяць дастаткова блізка да шахтаў.
«З геатэрмальнай энэргіяй вы маеце пастаянны ўзровень цяплыні, - кажа Карл-Гайнц Вольф, прафэсар Тэхнічнага Ўнівэрсітэту гораду Дэльфт. – Круглы год вы маеце ацяпленьне, а калі яно вам непатрэбнае, проста перакрыйце кран да часу. Гэта нескладана, ўсё, што вам трэба – шахта паблізу з прадпрыемствамі ці дамамі, якія вы хочаце ацяпляць».
ЯС, паводле TIMES