Сьвятлана Ходан прыляцела ў Менск на наступны дзень пасьля выбараў. І паскардзілася на тое, што раней выбрацца не ўдалося: « іначай абавязкова пайшла б на Кастрычніцкую плошчу». Дзіўныя для тутэйшага абываталя рэчы кажа гэтая бліскучая бляндынка з Playboy і адна з самых пасьпяховых мадэляў зь беларускім пашпартам. Інтэрвію ў яе ўзяў Сяргей Шчурко для gazetaby.com.

Навошта майдан таму, у каго і так усё добра, а настальгія па Радзіме вызначаецца выключна колькасьцю гадзінаў лёту да аэрапорту «Менск‑2»? Таго самага, выяжджаючы зь якога бачыш вялізны бігборд з выявай аголенай Сьвятланы. Пакуль гэта не знакамітыя здымкі «дзяўчыны месяцу» з красавіцкага нумару Playboy, але наша «Мілавіца» падбіраецца да яе ўсё бліжэй. Засталося толькі пазбавіцца ад карункавай бялізны, хаця тады гэта будзе рэкляма ўжо зусім іншага брэнду…

«А я моцна не перажываю, калі нейкі патэнцыйны кантракт сыходзіць ад мяне. Проста няма часу на гэта. Насамрэч працы шмат і трэба толькі выбіраць тое, што табе падабаецца болей» — кажа Сьвета, і я ня чуў ні ценю рысоўкі ў яе словах. Мы сядзім у адной зь ціхіх менскіх рэстарацыяў і згадваем той час, калі яна пакінула родны горад і накіравалася заваёўваць Маскву…

— Два гады таму я зразумела, што ў жыцьці трэба штосьці кардынальна мяняць. Менск валодае магчымасьцю спыняць час. Я ня бачыла тут аніякіх пэрспэктываў. І хаця Масква палохала поўнай невядомасьцю, не сумнявалася, што ехаць трэба было менавіта туды.

— Здымная кватэра, жыцьцё зь іншымі мадэлямі, цяжкасьці ўсялякія на пачатку, адсутнасьць працы…

— Акурат так. Яшчэ па дому сумавала. Але я ведала, што ўсё будзе добра. Я заўсёды аптымістычна гляджу на жыцьцё.

— А крэндзеля багатага нельга было знайсьці для хутчэйшага разьвязаньня матэрыяльных праблемаў?

— Крэндзель у мяне калісьці ўжо быў у Менску. Так што досьвед мела і зразумела, што ўсяго ў жыцьці трэба дасягаць самой.

Масква, дарэчы, і сапраўды сьлязам ня верыць. У мяне была праблема ў першай агенцтва — дырэктар не жадаў аддаваць грошы за працу. Груба кажучы, зьбіраўся «кінуць», як гэта адбываецца ў адносінах да многіх правінцыйных дзяўчынак. Ну што яны могуць зрабіць?

— А што зрабіла ты?

— Проста зразумела, што калі саступлю, то ўпаду ва ўласных вачох. Знайшла аргумэнты …

З агенцыі я сышла, але грошы мне вярнулі. На жаль, такія рэчы ў нашым бізнэсе на кожным кроку. Усялякага бруду хапае…

— Хм.

— Ты, напэўна, хочаш пачуць пра ўсялякія непрыстойныя прапановы?

— Заўваж, ня я пра гэта пачаў казаць…

— Але ў мяне іх не было. Чаму? Ведаеш, калі дзяўчына ўпершыню прыходзіць у агенцыю, то мэнэджэры назіраюць за тым, як яна сябе паводзіць, які характар мае…

У прынцыпе па чалавеку адразу відаць. І таму кагосьці могуць запрасіць потым адпачыць на мора ці яшчэ куды.

Але мяне ня звалі. І дзякаваць Богу…

— Грошай, значыць, па-лёгкаму рубіць не ўдавалася…

— Я добра зарабляю сама і мне нічога ні ад каго ня трэба. Акрамя таго,

я веру ў матэрыялізацыю жаданьняў і лішнім доказам таму стаў дзень, калі раздаўся званок з часопіса Playboy.

У мяне не было там знаёмых, я не праходзіла ніякіх спэцыяльных кастынгаў. Проста ў часопісе ўбачылі мае фотаздымкі, і яны ўсім спадабаліся. А пасьля здымак у Playboy пра мяне пачалі казаць і прапановы пасыпаліся з падвоенай сілай.

Калі прыходжу на які‑небудзь кастынг, то прозьвішча Ходан ужо многім вядомае. Усе чамусьці думаюць, што ў мяне нямецкае прозьвішча, але я тлумачу, што карані ў яго беларускія, і пад Менскам ёсьць нават цэлая вёска, дзе жывуць адныя Ходаны, і адтуль у мяне багата сваякоў.

— Падаецца, што здымкі дзяўчыны зь вясковымі сваякамі сталіся аднымі з самых адкравенных у гісторыі расейскага Playboy…

— Ну так, калі я адкрыла часопіс, то першае пачуцьцё было як шок. Асабліва калі ўявіла, якая вялікая колькасьць людзей усё гэта ўбачыць.

Насамрэч падчас фотасэсіі я не хвалявалася з гэтай нагоды. Чамусьці… Потым толькі ўсё закіпела…

— Што сказалі бацькі?

— А яны часопісу нават ня бачылі.

Маці жыве ў Швэцыі, інфармацыя, канечне, прасачылася, але я яе супакоіла: маўляў, здымкі былі ў купальніку.
А тата — мянчук…

— Ну далей можаш не працягваць. Зразумела, што Playboy для нашага гораду велічыня недасяжная і нават інфармацыя пра яго далей за Смаленск ня йдзе…

— Ды ты проста не даў дагаварыць! Мой тата не чытае глянцавых часопісаў.

Хаця самаіронія ўласьціва беларусам. Мы наагул, як мне здаецца, недаацэненая нацыя. У нас ёсьць свой твар …

— … і мы яго добра ведаем!

— Ну вось ізноў пачынаеш… Ведаеш, што ў мяне многія прадстаўнікі расейскага шоў‑бізнэсу пытаюць: «А ты, напэўна, не масквічка, так?» — «Так, я зь Беларусі» — «Ну мы так і падумалі…»

Тамтэйшыя дзяўчаткі могуць быць рэзкаватымі, нахабнымі, грубымі. Ды ўся Масква ў прынцыпе такая. А вось мы мяккія і добрыя. Вельмі таварыскія.

Я і раней чула, што ў былым СССР былі нейкія міжнацыянальныя праблемы, але беларусаў любілі ўсе. Дык вось думаю, што з часам нічога кардынальна не зьмянілася.

Хаця жыцьцё ў Маскве само прымушае цябе рабіцца больш жорсткай. На кожным кроку можа чакаць які‑небудзь падман ці падвох. У прыватнасьці, мадэлям заўсёды трэба правяраць дамовы, якія яны падпісваюць.

— Гавораць, ты яшчэ і ў кіно зьнялася…

— Так, у Сяргея Гінзбурга ў фільме «Сьцерва».

— У галоўнай ролі?

— Калі б… (сьмяецца). Я граю сяброўку баксёра (актор Андрэй Чарнышоў), мэнэджэрам якога і зьяўляецца тая самая сьцерва. Там згодна зь сюжэтам патрэбна такая сэксуальная бляндынка. У яе лямур з галоўным героем.

Яшчэ ў ролі дублёршы Сьвятланы Ходчанкавай зьнялася ў фільме Грышы Канстанцінопальскага «Ў гасьцях у казкі». Ролі зусім невялічкія, але ж гэта толькі пачатак!

— Гэх, Сьвета, ведаем мы гэтыя пачаткі. Там шлях у зоркі пэўне такі самы, як і ва ўсім вашым мадэльным шоў‑бізнэсе…

— Ты маем на ўвазе праз ложак?

— Празь яго.

— Ды ўсялякія шляхі ёсьць. Напэўна, можна пераспаць з прадусарам альбо рэжысёрам, але мне гэта ня трэба. У мяне і так усё атрымаецца.

— Адкуль такая ўпэўненасьць, што ты станеш добрай актрысай? У прынцыпе многія дзяўчынкі цешацца падобнай ілюзіяй…

— …Але яны нічога для гэтага ня робяць. А я ўсё‑ткі скончыла інстытут культуры па спэцыяльнасьці рэжысёр масавых сьвятаў і народных абрадаў. На працягу пяці гадоў мы вывучалі акторскае майстэрства. Зараз у Маскве займаюся на акторскіх курсах і яшчэ вельмі хачу павучыцца па гэтай спэцыяльнасьці ў Амэрыцы.

Ну і, акрамя таго, увесь час камунікую з кастынг‑дырэктарамі, якія дасылаюць мне сцэнары. Нядаўна паклікалі ў паўнамэтражны фільм, аўтарскім калектывам якога зьяўляецца Наша Russia.

— Ну і як?

— Ды дурная роля ў дурным фільме. Я не хачу здымацца абы дзе. Па‑мойму гэта глупа з усіх пунктаў гледзішча. Даволі часта адмаўляюся ад рэклямы, калі патрабуецца фатаграфавацца аголенай, хаця, як правіла, за яе добра плацяць.

— А якія зараз ганарары ў мадэляў?

— Відэаздымкі ад 1 да 5 тысяч даляраў, фота — таньней, дзесьці ад 500 даляраў да 1500. Усё залежыць ад замоўцы і ягоных магчымасьцяў. Краіна ў прынцыпе не адыгрывае ролі — у Маскве ці, скажам, у Мілане, плацяць аднолькава.

Калі ўлічыць, што бяз працы я практычна не сяджу, то жыць можна даволі няблага. Ды яшчэ і вандруеш па сьвеце ўвесь час.

— То бок ты жывы прыклад для беларускіх дзяўчынак, якія таксама хочуць нечага дамагчыся ў мадэльным бізнэсе.

— Я, хутчэй, прыклад незалежнасьці. Я не шукаю, як ты сказаў, багатага крэндзеля, каб сесьці яму на шыю, а ўсяго дабіваюся сама. І атрымліваю ад гэтага вельмі вялікі кайф.

— Дарэчы, які ён, мужчына тваёй мары?

— Цяльцы наагул вельмі доўга шукаюць сабе пару. Ён павінен цьвёрда стаяць на нагах — па‑мойму, гэта галоўнае для мужчыны, іначай ён будзе пачувацца ня вельмі ўпэўнена па жыцьці. Хачу, каб быў такім самым, як я — любіў чытаць разумныя кніжкі, спорт і падарожжы. Хаця, нягледзячы на вялікую колькасьць прыхільнікаў замуж у бліжэйшыя некалькі гадоў не зьбіраюся.

— Ці праўду кажуць, што беларускія жанчыны мацнейшыя за мужчын?

— Мне здаецца, гэтая зьява ня мае нацыянальнасьці.

Жанчына па сваёй сутнасьці маральна стаіць вышэй за мужчыну.
Мы ўмеем выжываць у такіх сытуацыях, калі прадстаўнікі моцнага полу ламаюцца.
Моц чалавека вызначаецца не ягонымі фізычнымі кандыцыямі, а воляй і розумам.
Менавіта таму я б пайшла на плошчу пасьля выбараў пратэставаць супраць фальсыфікацыяў іх вынікаў. З прынцыпу. Вось ты хадзіў на выбары?

— Ды што я, блазан, ці хто?

— Ну вось, усё дзіўна неяк у нас атрымліваецца. У часы СССР таксама, памятаецца, народ аднагалосна галасаваў «за». І чым усё скончылася? Імпэрыя рухнула за адну хвіліну.

Шлях у мінулае — гэта шлях у нікуды. Ты заўважыў, што людзі, якія зьяжджаюць зь Беларусі, пачынаюць думаць і жыць зусім іначай? І да сваёй краіны адчуваюць нешта накшталт настальгічнага шкадаваньня?

— У мяне сябар жыве ў Амэрыцы ўжо гадоў 10. Кажа, што Буш значна горшы за Лукашэнку, але вяртацца сюды адмаўляецца катэгарычна…

— Мне крыўдна, што вельмі шмат разумных людзей і кваліфікаваных спэцыялістаў зьяжджаюць адсюль, таму што даволі хутка ўтыкаюцца ў тупік у сваім разьвіцьці. Сіла сёньняшняга грамадзтва ў ягонай інтэграцыі ў роўнасьці магчымасьцяў для ўсіх, а мы па‑ранейшаму павінны абабіваць парогі амбасадаў, каб атрымаць візы і даводзіць, што не зьбіраемся заставацца за мяжой для нелегальнай працы …

Ну чаму баўгары ці румыны могуць вучыцца і працаваць у Італіі, Ангельшчыне альбо Францыі, а беларусы — не? Мы што, горшыя?

— Да як мінімум — не.

— Я вельмі хачу, каб Беларусь далучылася да Эўропы. А пакуль даводзіцца працаваць у бандыцкай Расеі, дзе, прынамсі, можна легальна зарабіць добрыя грошы.

— А ты ведаеш, што «Беларусьфільм» абвясьціў акцыю — напоўнім сьвет новым айчынным кіно. Нібыта 10 фільмаў за год хочуць зьняць…

— У нас акцыяў шмат, толькі карысьці ад іх ніякай. Дзе мы гэтыя фільмы ўбачым? У беларускіх кінатэатрах?

Які сэнс тады закапваць грошы ў зямлю? Здыміце адзін, але добры, якасна яго спрадусуйце, прадайце ў Расею, Украіну, Польшчу. Далей пакуль наўрад ці атрымаецца, але ж з чагосьці трэба пачынаць.

Так крыўдна за нас… Мая суразмоўніца засмучана паварочвае галаву да акна і ўтыкаецца поглядам у самую сябе. Ходан двухгадовай даўніны глядзіць на нас зь вітрыны крамы на супрацьлеглым баку вуліцу.

Гэта быў добры кадр для канцоўкі поўнамэтражнага фільму з сэрыі сапраўды новага беларускага кіно. Калі‑небудзь, празь некалькі доўгіх гадоў…

Сьвета ўсьміхаецца нейкім сваім думкам, і мы сьпяшаемся выйсьці на вуліцу імя Леніна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?