Францішканскі кляштар, дзе месьціцца музэй

Францішканскі кляштар, дзе месьціцца музэй

Філіял Нацыянальнага музэю ў Гальшанах празь месяц будзе зачынены. Праз аварыйны стан кляштару, дзе месьціцца экспазыцыя.

Кажа Часлава Акулевіч, загадчыца музэю: «Загад ужо ёсьць. Будынак будзе закансэрваваны. Закалоцяць вокны, а мо і замуруюць. Будынак кляштару знаходзіцца ў аварыйным стане і існуе праўдзівая небясьпека, што ён абрынецца. А сродкаў рапараваць — гаворка ідзе пра мільёны даляраў — няма. Музэйны пэрсанал пойдзе на біржу працы».

Францішканскі кляштар, дзе месьціцца музэй, малой драбніцай не раўналетка знакамітаму Гальшанскаму замку. Кляштар заснаваны ў 1618 годзе, а замак — у 1610. Манастыр найперш вядомы сваім прывідам. Паводле легендаў будаўнікі кляштара, стомленыя пастаяннымі абваламі толькі што пабудаваных сьценаў, дзеля спраўнага завяршэньня працы прынесьлі ахвяру — замуравалі ў адну са сьценаў жанчыну. Стуль людзі шмат разоў бачылі здань у абліччы кабеты, што ходзіць па калідорах кляштару, а таксама чулі енкі ды дзіцячыя крыкі, якія далятаюць як бы ніадкуль. Ускосным доказам гэтай легенды служыць той факт, што калі ўжо ў нашыя часы рэстаўратары пры разборы лёхаў выпадкова пабурылі кавалак сьцяны, дык у нішы быў знойдзены шкілет.

Нацыянальны музэй зачыняе свае філіялы — засталіся толькі самыя знакамітыя: Мірскі замак, сядзіба Ваньковічаў і г.д. Мясцовыя ўлады, у сваю чаргу, можа, і зацікаўленыя ў аднаўленьне музэя, але ня маюць такіх калясальных сродкаў на рэстаўрацыю.

«Шкада — без паветру і руху наведнікаў кляштар рассыплецца яшчэ хутчэй, — дадае спадарыня Часлава, — але на маю думку выйсьце ёсьць — трэба ўключыць рэстаўрацыю кляштара ў інвэстыцыйны плян хаця б на 2010 год, або ўзьняць гэтае пытаньне перад парлямэнцкім сходам».

Кажуць, што кляштарныя муры трымаюцца дзякуючы злосьці замураванай жанчыны. Ці ўратуе адна тая злосьць?

* * *

Сьвежыя чытацкія рэпартажы з Гальшанаў чытайце таксама на блогах Ягора Бурага і Дарыюса, з шыкоўнымі фатаграфіямі .

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?