Дзяжа — драўляная ёмiстасць, у якой ставiлi цеста (рошчыну) для хлеба, ежы, якую славянскiя народы лiчылi самай сакральнай.

У культуры ўсходнiх славян дзяжа надзялялася прадуцыравальнай магiяй i стала сiмвалам багацця, дабрабыту i здароўя, а таксама працягу жыцця на зямлi. Яна стала ўвасабленнем жыццёвай патэнцыi. Дзеяннi гаспадынi, калi яна апускала ў дзяжу рашчыну i выпякала хлеб, параўноўвалi з нараджэннем новага жыцця. Лiчылася, як «расце» цеста, так «спор» (поспех, дабрабыт) будзе «расцi» ў хаце.

У сувязi з гэтым дзяжу выкарыстоўвалi ў сямейна‑радавых i каляндарных абрадах. Так, сярод славян даволi вядомы абрад, падчас якога нявесту саджалi «на пасад». Пасадзiць нявесту на «пасад» азначала не што iншае, як пасадзiць нявесту на дзяжу, пакрытую кажухом. Часам у дзяжу клалi хлеб з соллю. Гэты абрад быў асаблiва характэрны для Беларусi i Польшчы. Абавязковай умовай гэтага абраду была цнатлiвасць нявесты. Лiчылася, калi «нячыстая» нявеста сядзе на дзяжу, то абразiць яе, i будзе пакарана ўся сям’я: сем гадоў не будзе радзiць хлеб, весцiся жывёла, нараджацца дзецi. У розных рэгiёнах гэты абрад маглi выконваць у розны час: нявесту саджалi на дзяжу, калi распляталi косы, калi апраналi вэлюм, пры сустрэчы ў нядзелю пасля вянчання, у аўторак пасля першай шлюбнай ночы.

Дзяжу выкарыстоўвалi i ў абрадах, звязаных з ахоўнай магiяй, каб спынiць град цi пажар, перасцерагчы ад удару маланкай i г.д. Так, у час навальнiцы цi пажару жанчыны выносiлi на падворак дзяжу, хлебную лапату i крышку ад дзяжы.

Часам дзяжу выкарыстоўвалi i ў лячэбнай магii.

У час улазiн першым у хату пушчалi кошку, пеўня, а потым уносiлi дзяжу. Гаспадар нёс дзяжу з рошчынай i прасiў Нябёсы, каб у новай хаце нiколi не зводзiўся хлеб.

Пры майстраваннi дзяжы неабходна было прытрымлiвацца шэрагу правiлаў: напрыклад, хлеб у дзяжы будзе заўсёды «расцi», калi дзяжу вырабiць за адзiн дзень з сасны, у якую трапiла маланка.

Калi куплялi дзяжу, неабходна было адрознiваць «мужчынскую» i «жаночую» дзяжу, набываючы, безумоўна, жаночую. Для гэтага лiчылi клёпкi: цотная колькасць называлася «дзiж», няцотная — «дзiжка».

У хаце да дзяжы былi самыя паважлiвыя адносiны. Дзяжу з цестам накрывалi ручнiком i ставiлi на стол цi ў чырвоны кут.

Дзяжа, якая лiчылася асноўным атрыбутам жанчыны, была надзелена рысамi чалавека i стала «жывой» рэччу ў хаце. Згодна павер’ям, дзяжа любiць цёплае месца, не церпiць шуму, мiтуснi, па ёй нельга стукаць, ставiць яе на зямлю, яна страшыцца «лiхога» вока. У адваротным выпадку цеста не вырасце i хлеб не атрымаецца.

Калi дзяжа «сапсавалася», гаспадынi неабходна было выканаць шэраг магiчных дзеянняў: пацерцi яе цыбуляй, часнаком, абкурыць купальскiмi травамi, абпырскаць хрышчэнскай вадой, пасыпаць чацвярговай соллю цi спасаўскiм макам.

Ва ўсходнiх славян было не прынята пазычаць дзяжу. Казалi, што «дзяжа не паважае чужыя парогi». Лiчылася, што той, хто дасць сваю дзяжу, назаўсёды развiтаецца з сямейным шчасцем, прыбыткам, дабрабытам, яго дочкi не выйдуць замуж, а сыны не ажэняцца.

Дзяжу не мылi, а скрэблi, каб у яе шчылiнах заўсёды заставалася крыху цеста. Гэта рабiлi наўмысна, каб хлеб у доме нiколi не скончыўся.

У некаторых мясцовасцях вядомы рытуал ачышчэння дзяжы, якi праводзiўся ў чацвер на Страсным тыднi. Дзе‑нiдзе гэты рытуал праводзiлi ў сераду цi пятнiцу на Страсным тыднi, а таксама напярэдаднi Ражства Хрыстова, у дзень Увядзення Багародзiцы ў храм. Дзяжу старанна скрэблi, церлi соллю, цыбуляй, часнаком, абкурвалi воскам, верасам, каб дзяжа была заўсёды «чыстай» i «удалай», г.зн., каб у ёй заўсёды «рос» хлеб. Затым дзяжу ўпрыгожвалi: перавязвалi чырвоным жаночым поясам, накрывалi ручнiком, белым абрусам i г.д. Пасля гэтага дзяжу выносiлi на падворак i ставiлi на слупе варот. Ранiцай з першымi промнямi сонца дзяжу неслi ў хату. Сэнс абраду быў заключаны ў тым, каб «асвяцiць» дзяжу, атрымаць падтрымку нябёсаў, далучыць яе да сiлы вясновага сонца.

Калi на дзяжы выпадкова лопаўся абруч, гэта прадказвала смерць гаспадынi.

Садзiцца цi уставаць на дзяжу дазвалялася толькi ў выключных выпадках i пры ўмове рытуальнай «чысцiнi», напрыклад цнатлiвай нявесце або малому дзiцяцi у час першага пострыгу, якое выконвалi роўна ў год.

Калi дзяжа прыйшла ў нягоднасць, выкiдаць яе забаранялася. Як пачэснага чалавека, яе накрывалi ручнiком i ставiлi у чырвоны кут. Далей яе выкарыстоўвалi для захоўвання пiрагоў, печыва i iнш. у днi вялiкiх святаў. Калiсьцi на Палессi у кожнай хаце ў чырвоным куце стаяла дзяжа, накрытая белым абрусам.

Аксана Катовіч, Янка Крук, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0