Меркаванні
15 каментароў Андрэй Дынько, заснавальнік ARCHE | 23:00, 24 кастрычнiка 2008

24 кастрычніка ў Берасьці на мытні сканфіскавалі на экспэртызу дзесяць асобнікаў апошняга нумару часопісу ARCHE. Іх вёз у сваім чамадане грамадзянін Беларусі Аляксандар П.

Мытніца Нядбаева Рэната Юр’еўна западозрыла, што «зьвесткі, надрукаваныя ў часопісе, могуць шкодзіць нацыянальным інтарэсам РБ». Быў складзены пратакол — часопіс апублікуе яго ў наступным нумары.

10 сканфіскаваных экзэмпляраў таўшчэзнага (1082 старонкі вялікага фармату, кожны вагою па-над кіляграм) выпуску прызначаліся польскім аўтарам выданьня (у тым нумары надрукаваная 300-старонкавая кніга маладога гісторыка Конрада Бабятынскага «Ад Смаленску да Вільні. Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654—1655)» і праца Рафала Ўнука пра беларускі антыкамуністычны супраціў пасьля Другой сусьветнай вайны), а таксама групе польскіх прафэсараў гісторыі — Закшэўскаму, Нагельскаму, Рахубу, — якія спэцыялізуюцца на тэмах, што абгаворваюцца ў гэтым нумары. Рэшта мела трапіць у бібліятэкі шэрагу ўнівэрсытэтаў. Цяпер сядзяць экспэрты, чытаюць ARCHE. Ну-ну.

Такія выпадкі здараліся і ў мінулыя гады — часам часопіс у выніку прызнавалі законным, бо ён такі і ёсьць, і прапаноўвалі прыехаць забраць на мытню, а часам паасобнікі зьнікалі ў лябірынтах сыстэмы. Гэтым разам адбылася рэкордная, прынамсі па вазе, канфіскацыя.

Аўтар гэтых радкоў адчувае агіду і гнеў кожны раз, калі ў мытнай дэклярацыі адказвае на пытаньне, ці вязе ён «інфармацыйныя матэрыялы» побач з зброяй і радыеактыўнымі матэрыяламі.

Беларусь, разам з Карэяй, Бірмай і саюзным Узбэкістанам застаецца сярод апошніх краінаў сьвету, дзе на мяжы палююць на выданьні кшталту ARCHE. Прыпускаю, што нават у Зімбабвэ, Кітаі, Расеі і Віетнаме такой параноі ўжо няма. Гэта толькі адзін з прыкладаў, які паказвае, дзе мы апынуліся. Ані Бэл лорд, ані Бэл чорт, ніхто імідж такой сыстэме не паправіць.

У выніку карпатлівае, сыстэмнае індактрынацыі мільёны людзей у краіне, дзе захоўваецца «внутренний мир и общественное равновесие», жывуць у атмасфэры недаверу і пільнасьці, пошуку ворагаў, выкрыцьця дэструктыўных элемэнтаў, якія рыхтуюць правакацыі.

Гэта таксама вынік паранаідальнае русіфікацыі. Мільёны людзей у краіне, што называецца Беларусьсю, гадамі не сутыкаюцца ні зь якімі выданьнямі ані СМІ на беларускай мове, акрамя школьных падручнікаў (зрэшты, як і на ўсіх астатніх мовах, акрамя тае, на якой зьясьняецца кіраўнік дзяржавы) — усё закрыта, усё забаронена ці прыбаронена, загнана ў цесныя офісы, і кантакт з выданьнем па-бел выклікае шок і падазрэньні.

Чаго яны там пішуць пра парлямэнцкія выбары? Нечага пра гэта пісаць. Прагаласавалі — і няма чаго ваду муціць. А пра XVIІ стагодзьдзе? А эта што — пра какую-та эвалюцыю палітычнага народу ў ВКЛ? Хутчэй на экспэртызу! А раптам гэта шыфроўкі латвійскай разьведкі?

Прашу — вазіце! Сябры, туды і сюды вазіце ўсё, што піша пра Беларусь, на ўсіх носьбітах інфармацыі. У інтэлектуальна ўбогай, оруэлскай рэальнасьці лукашэнкаўскай Беларусі ані вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй, ані беларускага антыкамуністычнага супраціву ніколі не існавала, ніякай эвалюцыі палітычнага народу ў ВКЛ не адбывалася. Кожная публікацыя ці то на гістарычную, ці то на палітычную тэматыку на вагу золата ў нас.

Падзяліцца навіной:         
15 каментароў падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Maga напiсаў(ла) Кастрычнiк 24, 2008 у 23:26
У нас на мытні толькі такія рэнаты нядбаевы і працуюць. Мо часопіс беларускі пачытае, дык хоць будзе ведаць, што беларуская мова існуе. Цікава, а на трохпавярховы катэджык пад Брэстам, тая Рэната ўжо напрацавала?:)
Рэната Юр'еўна вас навучыць "родіну любіць"... напiсаў(ла) Кастрычнiк 24, 2008 у 23:33
Некаторыя боўдзілы не цямяць, што маем справу з антынацыянальнай адміністрацыяй, самі сябе падманваюць, спадзяюцца на законнасьць дзеяньняў існуючай мытні,ды іншай бюракратычнай шаціі. У выніку ў іх адбіраюць цэнтнеры ўлётак, газэтаў і вось цяпер навуковы гістарычны часапіс.
Яблык з саду Лукашэнкі напiсаў(ла) Кастрычнiк 24, 2008 у 23:37
Файна напісаў. Вельмі палітычна
bL8dy_R8ts 2 Андрэй Дынько напiсаў(ла) Кастрычнiк 25, 2008 у 0:22
От сп. Дынько, ад вас у пятнічны вечар хацелася што больш аптымістычнае пачуць...
кніга знайшла чытача напiсаў(ла) Кастрычнiк 25, 2008 у 2:03
мо ім таксама варта чытаць? хай такім, паўтаемным чынам... ну не падпісвацца ж ім!
Кнехт напiсаў(ла) Кастрычнiк 25, 2008 у 6:38
НЯДБАЕВА ПРЫДБАЛА

Пэўна, мытніца Рэната,
Жаханулася фармату
І без мовы, балазе,
Ўчула шкоду па вазе.

Вось Нядбаева й прыдбала
Быццам кот кавалак сала...
Адлеглы напiсаў(ла) Кастрычнiк 25, 2008 у 15:28
Хто ведае, магчыма мытнікам даюць прэміяльныя за канфіскат - па вазе канфіската? вось Рэната Юр'еўна пабачыла *такі* выпуск часопіса, і... спакусілася. :-)
Пан напiсаў(ла) Кастрычнiк 25, 2008 у 16:05
Згода. Вазілі і будзем вазіць.
sid напiсаў(ла) Кастрычнiк 25, 2008 у 19:30
"Гэта таксама вынік паранаідальнае русіфікацыі".
А параўнанне Расеі з Зімбабве, Кітаем і Вьетнамам -- вынік паранаідальнай русафобіі аўтара.

Рэд. А з кім яшчэ параўноўваць палітычны рэжым Расіі? Зьніміце ружовыя акуляры.
sid напiсаў(ла) Кастрычнiк 25, 2008 у 20:18
Ну, з Венесуэлай, напрыклад, можна параўнаць.

Аўтар. Вэнэсуэла - дэмакратычная краіна, на чале якой устаў папуліст, які хоча праславіцца, і на шляху да славы гатовы разбурыць дэмакратыю. Гэта краіна з даўнімі традыцыямі грамадзянскай супольнасьці, дзе доўгія дзесяцігодзьдзі сілавыя структуры былі пад грамадзкім кантролем, дзе дзесяцігодзьдзямі існавалі незалежныя суды. У Вэнэсуэле дагэтуль ёсьць легальная апазыцыя, якая кантралюе некаторыя гарады і штаты, і легальныя незалежныя электронныя СМІ.
Звычайны хлапец напiсаў(ла) Кастрычнiк 26, 2008 у 1:30
А чаго б праз звычайную пошту не адпраўляць?
Няўжо й пошту трасуць?

Аўтар. Поштай - дорага. Грошы ашчаджаем.
Maga напiсаў(ла) Кастрычнiк 26, 2008 у 12:51
Трэба вам вучыцца, як праз мяжу перавозіць часопісы у простага народа, які файкі праз мяжу шмуглюе. Раздалі б у аўтобусе, ці цягніку па аднаму часопісу ў рукі і людзі вам бы перавезлі, а мо і новых чытачоў бы знайшлі. Э-эх.., усяму вас вучыць трэба.:)
Наталля напiсаў(ла) Кастрычнiк 26, 2008 у 13:24
Звычайны хлапец, пошту таксама трасуць, бо цэльны аддзел дармажэрцаў у КДБ зараз шукае подзігаў ды зоркі на пагоны. Арганізаваную злачыннасць ды карупцыю яны не шукаюць, бо яна побач сярод улады, а дзядзьку з кніжкамі затрымаць - гэта для іхніх нэрваў здаравее ды і прэміяльныя атрымаюць.
Цікава, як хуценька гэтая ўлада стала акупанцкай на нашай партызанскай тэрыторыі. Але прыйдзе яе час.
Здань напiсаў(ла) Кастрычнiк 27, 2008 у 10:36
А хто гастарбайтэра на мытню уладкавау?
Сяргей напiсаў(ла) Кастрычнiк 27, 2008 у 13:02
"У інтэлектуальна ўбогай, оруэлскай рэальнасьці лукашэнкаўскай Беларусі ані вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй, ані беларускага антыкамуністычнага супраціву ніколі не існавала..."

ГРАНДЫЕЗНЫЯ СЛОВЫ!!!!!! ))
  падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Апошнія ў рубрыцы
Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Верасень 2010г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).