Сёньня а 21:45 барысаўскі БАТЭ правядзе чацьвёрты матч групавога турніру Лігі чэмпіёнаў супраць піцерскага «Зэніту». Два тыдні назад гэтыя каманды на «Пятроўскім» разышліся зь нічыйным лікам — 1:1. На гол нашага Пашы Няхайчыка напрыканцы матчу адказаў турак Фаціх Тэке.

Каманда «Газпраму» рашуча настроеная на рэванш. Тую нічыю расейскія журналісты растлумачылі нешанцаваньнем сваёй каманды і шалёным фартам барысаўцаў. Трэнэр «Зэніту» Дзік Адвакаат на ўчорашняй прэс‑канфэрэнцыі зазначыў, калі ягоная каманда створыць столькі ж момантаў, як у Пецярбурзе, то перамогу яна наўрад упусьціць.

Настаўнік БАТЭ Віктар Ганчарэнка дыпляматычна адзначае, што ягоны клюб ня ставіць ніякіх задач, а проста набіраецца досьведу.

«Як толькі мы пачнём ставіць нейкія задачы, гуляць на вынік, будзе нашмат цяжэй — на нас зваліцца дадатковы псыхалягічны груз. Таму мы рыхтуемся спакойна і ня думаем пра турнірную сытуацыю»
, — кажа В.Ганчарэнка.

Зрэшты, пасьля выдатнай гульні ў Расеі беларусы чакаюць ня менш натхнёнай гульні і ў Менску. БАТЭ гэтай восеньню прывучыў нас да прыгожай гульні. Хочацца верыць, што сёньня будзе працяг.

Сумневаў, што стадыён вечарам будзе бітма няма. Належная падтрымка забясьпечаная і «Зэніту». Паводле папярэдніх лічбаў у Беларусь прыехала каля 4 тысяч заўзятараў.

Для тых, хто не патрапіць на стадыён будзе жывы эфір на тэлеканале БТ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?