29 студзеня спаўняецца 125 гадоў ад нараджэння Антона Луцкевіча. Чалавека, дзякуючы якому мы жывем сёння ў незалежнай дзяржаве.

Калі ў Беларусі будуць грошы з выявамі гістарычных дзеячаў, на адной з купюраў дакладна мае быць партрэт Антона Луцкевіча. Можа, на самай хадавой, кшталту $1 з Вашынгтонам, першым прэзідэнтам ЗША. Ці то на самай саліднай у грашовай сістэме, як $100 з Франклінам, чый подпіс стаіць пад Дэкларацыяй незалежнасці і амерыканскай Канстытуцыяй.

Антон Луцкевіч быў менавіта «бацькам беларускай дзяржавы». Без яго беларусы маглі б застацца племенем на картах Яўхіма Карскага.
Ператварэнне з этнічнай супольнасці ў мадэрную палітычную нацыю — заслуга Луцкевіча і яго аднадумцаў. Роля асобаў у гісторыі.

Іх дбаннямі на сацыяльным і нацыянальным уздыме пачатку ХХ стагоддзя паўстала першая наша палітычная партыя — Беларуская Сацыялістычная Грамада. Каля яе, калі царызм пачаў лібералізацыю, утварыўся першы беларускамоўны СМІ — легальная газета «Наша Ніва». Яна стала цэнтрам нацыятворчых працэсаў. А з нашаніўскага кола выраслі палітыкі, настаўнікі, навукоўцы, класікі літаратуры. Здзяйсненнем мараў, плёнам працы таго пакалення стала ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 году, калі ў Мінску была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Малавядомы факт: аўтарам тэксту ІІІ Устаўной граматы быў Антон Луцкевіч.
Хоць подпісу яго пад дакументам няма. Ён не гнаўся за пасадамі і пазіцыямі.

Дый айцоў Беларускай савецкай сацыялістычнай рэспублікі не прывезлі нам у апламбаваным вагоне. Яе, паверыўшы бальшавікам, стваралі людзі таго ж грамадоўска‑нашаніўскага прызыву — Жылуновіч, Чарвякоў, Шантыр… Яшчэ пытанне: ці была б з Масквы згода на БССР, каб не пагроза страты кантролю над беларускімі тэрыторыямі, на якіх паўставала БНР?

І наколькі лепшыя стартавыя пазіцыі мелі б беларусы ў 1991‑м, калі б удалося, як літоўцам і латышам, вырваць тады незалежнасць на міжваеннае дваццацігоддзе…

Але гэтыя пытанні ўжо не да Антона. Зерне, кінутае ім у ніву, хавалі ад маразоў іншыя. За ўсе ж даброты, якія мы маем ад беларускай незалежнасці, варта яму падзякаваць.

***

Антон Луцкевіч (1884—1942), палітычны і грамадскі дзеяч. З шляхецкага роду гербу «Навіна». Брат Івана Луцкевіча. Дзяцінства іх прайшло ў Мінску. Вучыўся на фізіка‑матэматычным факультэце Пецярбургскага, юрфаку Дэрпцкага універсітэтаў. Адзін з заснавальнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады (1903). Удзельнік рэвалюцыі 1905—1907. У лютым 1906 перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню. Удзельнічаў у заснаванні газет «Наша доля» і «Наша Ніва» (1906). Аўтар канцэпцыі дзяржаўнага ўладкавання Беларусі, Літвы і Украіны ў выглядзе Злучаных штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мораў. Ініцыятар абвяшчэння незалежнасці БНР. Займаў пасады старшыні Рады міністраў, міністра замежных справаў БНР. У пачатку верасня 1919 інтэрнаваны ў Варшаве польскімі ўладамі. Стварыў Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. Арыштаваны польскімі ўладамі, абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Германіі і СССР, апраўданы судом (1928). Крытыкаваў нацыянальную і аграрную палітыку СССР. У 1930‑я адышоў ад палітыкі, працаваў у Беларускім навуковым таварыстве. 30 верасня 1939 арыштаваны НКВД. Памёр на перасылцы ў Аткарску Саратаўскай вобласці у 1942. Рэабілітаваны ў 1989.

***

Луцкевіч на допытах

Бальшавікі арыштоўвалі Антона Луцкевіча двойчы. Першы раз ён трапіўся карным органам пры «першых саветах», у ліпені 1920 г. Справа асобага аддзелу ВЧК 4‑й арміі па абвінавачанні ў контррэвалюцыі Луцкевіча Антона захоўваецца ў Асобым архіве Літвы.

20 ліпеня 1920 г. з заяваю ў ЧК звярнулася лекар Абрамовіч (Зоф’я Абрамовіч, жонка Луцкевіча, цяжарная ў той час іх першым сынам). Яна паведамляла, што 19 ліпеня яе муж быў затрыманы на вуліцы, прасіла высветліць прычыны арышту і вызваліць, бо ён хворы на сухоты, што пані Зоф’я сведчыла як лекар.

Ператрус на кватэры Луцкевіча праводзіў чэкіст А.Корф. Контррэвалюцыі не знайшоў — ні зброі, ні боепрыпасаў, ні антысавецкіх матэрыялаў. Але Луцкевіча пакінулі пад вартай на Лукішках, завялі справу за №74 і пачалі дапытваць. Следчы Гурэвіч загадаў вязню апісаць сваё жыццё з 1917 г. і да арышту. Паколькі Луцкевіч прызнаўся, што належыць да Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі і быў прэм’ер‑міністрам Беларускай Народнай Рэспублікі, следства зацікавілася, чым займалася БСДП і як ставілася да бальшавікоў, ці былі ў Радзе БНР паны і іншыя «класава чужыя элементы». Асаблівы інтарэс выклікала Беларуская вайсковая камісія. Нічога сенсацыйнага ў прызнаннях падследнага няма. Звяртае ўвагу тое, што Луцкевіч не пісаў няпраўды. Нявыгадныя (з пункту гледжання бальшавікоў) факты проста не згадваў. Затое акцэнтаваў увагу на тым, што супрацьстаяў польскім захопніцкім планам у дачыненні да Беларусі, за што быў інтэрнаваны ў Варшаве ўвосень 1919‑га. А якраз у разгары была савецка‑польская вайна. Пра Беларускую вайсковую камісію Луцкевіч напісаў, што сам удзелу ў яе фармаванні не браў, складу не памятае, і адаслаў следчых да газет, у якіх гэты склад быў апублікаваны. А пра тое, што БВК паўстала пасля яго сустрэчы з Пілсудскім, сціпла прамаўчаў.

У заключэнні следчы адзначаў, што А.Луцкевіч у БСДП займаўся партыйнай працай (то бок, не тэрарыст), што ў якасці прэм’ер‑міністра БНР змагаўся супраць «анексіянізму Польшчы і ўраду Калчака». А на пачатку 1919‑га, калі ў Мінску быў урад першай БССР, Луцкевіч у Гродне займаўся арганізацыяй сялянскіх радаў, што БСДП стаіць на савецкай платформе, разыходзячыся з камуністамі ў аграрным пытанні… Следчы пастанавіў 31 ліпеня 1920 г. Луцкевіча выпусціць і справу закрыць. Адзінае ўзялі падпіску, што без ведама ЧК з Вільні не паедзе і будзе жыць на вул.Віленскай, д. 33, кв. 1.

Чаму бацька БНР так лёгка выскачыў? Многа прычынаў. Бальшавікі яшчэ не пачалі татальнага пераследу іншадумцаў. Таксама ў першай палове жніўня 1920‑га яны ішлі на Варшаву і хацелі мець у Беларусі надзейны тыл. Дый расправа з Луцкевічам, знаёмым з паловай кіраўніцтва БССР, ударыла б па іміджы.

Следчы называў Луцкевіча «таварыш». Яшчэ не збудавалі тады бальшавікі мур між сабой і іншымі сацыялістамі, яшчэ не пачала партыя жыць паводле законаў крымінальнай шайкі, дзе адны «мочаць» другіх.

Зусім іншыя гутаркі вяліся з Луцкевічам пасля арышту ў 1939 г. У кнізе «Антон Луцкевич: материалы следственного дела НКВД БССР» (1997), выдадзенай гісторыкамі Уладзімірам Міхнюком, Аляксандрай Гесь ды Мікалаем Клімовічам, ёсць пратаколы шасці допытаў А.Луцкевіча ў мінскай турме № 1 паводле справы, заведзенай 30 верасня 1939 г. У фотакопіях матэрыялаў справы, якія перадаў мне з Вільні гісторык Алесь Смалянчук, пятнаццаць пратаколаў.

З іх вынікае, што вязня толькі ў пяці выпадках дапытвалі ўдзень. Як правіла, «працаваць» следчыя пачыналі пасля 22.50. Допыт мог скончыцца і а 3‑й ночы, і пазней. 14 лютага 1940 г. яго дапытвалі з 1.00 да 5.15, а на наступныя суткі паставілі «на канвеер», бо допыт працягваўся 24 гадзіны 15 хвілін. І гэта не рэкорд. У пратаколе ад 14 студзеня 1940 г. запісана, што допыт пачаўся ў 12 гадзін дня і скончыўся ў 24 гадзіны 15 студзеня. Выходзіць, з Луцкевічам «гутарылі» 36 гадзін запар.

Следства дабівалася, каб Луцкевіч прызнаў, што дзеячы Беларускай сялянска‑работніцкай грамады і «Вызвалення» (Дварчанін, Тарашкевіч, Рак‑Міхайлоўскі), пасля разгрому беларускіх сілаў у Польшчы, былі засланыя ім у БССР «для арганізацыі тэрарыстычна‑паўстанцкай дзейнасці». Большасць гэтых людзей былі ўжо расстраляныя НКВД па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру», сфабрыкаванай для расправы над імі.

Сваім прызнаннем Луцкевіч легітымізаваў бы вынішчэнне заходнебеларускай палітычнай эліты. Ён разумеў гэта.
Бацьку беларускай дзяржаўнасці тады было амаль 56 гадоў. Нават турэмныя лекары фіксавалі ў яго аслабленне сардэчнае мышцы, малакроўе, агульнае знясіленне.

Але Антон Луцкевіч не парадаваў следчых. Не пацвердзіў таго, што тэрарыстычна‑паўстанцкі «Беларускі нацыянальны цэнтр» існаваў (і, адпаведна, расстрэлы былі справядлівыя). Не пацвердзіў, як дамагалася НКВД, што сябры БНЦ былі агентамі польскай контрразведкі, а сам ён у часы Першай сусветнай працаваў яшчэ і на нямецкую…

Тады для абвінаваўчага заключэння былі выкарыстаныя матэрыялы допытаў тых самых грамадоўцаў, якіх ён нібыта «засылаў» у БССР.
Выпіскі з паказанняў Браніслава Тарашкевіча (1938 г.) занялі ў следчай справе 49 старонак. Следам ідуць выпіскі з паказанняў Сымона Рак‑Міхайлоўскага (14 старонак), Язэпа Лагіновіча (28 старонак).

Луцкевічу далі восем гадоў Варкуцінска‑Пячорскага лагеру. Аднак аўтару Акту 25 Сакавіка было наканавана памерці 23 сакавіка 1942 на перасыльным пункце Аткарск у Саратаўскай вобласці.

Следчыя справы Луцкевіча павінны ўбачыць свет у поўным аб’ёме. Як і матэрыялы сённяшніх палітычных справаў, гэта гістарычны дакумент, які кажа пра час напісання болей, чым апасродкаваныя навуковыя працы. Беларуская ўлада, якая зрабіла «лінію Сталіна» ўзорам для патрыятычнага выхавання, не будзе займацца такімі выданнямі. Як не будзе яна, адчуваючы пераемнасць, рассакрэчваць архівы НКВД на сваёй тэрыторыі. Публікацыя матэрыялаў справы Луцкевіча кладзецца на незалежнае грамадства.

Анатоль Сідарэвіч

***

Дзякуючы таму збегу абставінаў, што Луцкевіча арыштавалі ў Вільні, а дапытвалі ў Маскве, мы можам азнаёміцца з яго справай

Яна захоўваецца ў адкрытых сёння літоўскіх архівах, бо матэрыялы следства высылаліся па месцы арышту. Прычым трапілі яны туды ў паваенны час з Масквы. Адпаведна, не згінулі, як справа арыштаванага і дапытанага ў Беластоку Макара Краўцова, якая магла згарэць разам з турмой у першую ж бамбёжку. І не захоўваецца ў закрытых для даследчыкаў фондах беларускага КДБ, як справы арыштаваных у Мінску і Гродне беларускіх дзеячаў.

Навуковыя артыкулы Луцкевіча, канфіскаваныя падчас арышту, так і ляжалі ў архівах НКВД

Гэта 16‑старонкавы рукапіс на польскай мове «Нарысы з гісторыі беларускае літаратуры», і машынапіс «Культура і цывілізацыя» з аўтарскімі праўкамі. Якія яшчэ працы хаваюць следчыя справы нашых дзеячаў навукі і культуры, рэпрэсаваных у 1930—1950‑я?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?