Віка* за пяць год напісала дзвесце кніг. У Маскве яны выходзяць накладамі ў 10 000 асобнікаў, а пасля распаўсюджваюцца па былым СССР, у тым ліку і ў Баранавічах. І гэта не падман. Іншая справа, што за кнігі выйшлі з‑пад пяра жыхаркі Мінска?

Напярэдадні Сусветнага дня пісьменніка, які адзначаўся 3 сакавіка, Віка як прадстаўнік новай генерацыі літаратараў расказала газеце «Intex-Press», як робяцца папулярныя выданні пра народную медыцыну і пішуцца раманы з серыі «Камбат» і «Спецназ».

— Віка, на каго ты працуеш?

— Кіраўнік нашай структуры — вядомы беларускі пісьменнік. Калісьці ён быў такім жа бедным, як многія іншыя. Свой бізнес ён пачаў з таго, што напісаў працяг сусветнавядомых раманаў «Унесенные ветром», «Поющие в терновнике» і г.д.

Кнігі карысталіся шалёным поспехам. Калі і іншыя зразумелі, што могуць таксама зарабляць грошы, ён прыдумаў геніяльную рэч: забіў Скарлет і Рэда з «Унесенных ветром» — напісаў у адной са сваіх кніжак, што яны памерлі! Усе натуральна перасталі пра іх пісаць. Акрамя яго. Ён напісаў кніжку «Дзяцінства Скарлет»…

Трэба сказаць, што структура нашага кіраўніка не самастойная — яна з’яўляецца адгалінаваннем аднаго маскоўскага выдавецтва. Праца ідзе так: наш кіраўнік складае спіс тэмаў для будучых кніг, у Маскве гэты спіс зацвярджаюць і кажуць, якім павінен быць памер выданняў. Пасля праца пачынаецца ўжо тут.

— Калі ты пачала працаваць у гэтай сістэме?

— Пяць гадоў таму. Мне патрэбны былі грошы, я звязалася з пісьменнікам і папрасіла даць мне працу. Па адукацыі я філолаг, кніжак раней не пісала — займалася журналістыкай і перакладамі.

Першую сваю кніжку, невялічкае выданне на сто старонак, я рабіла аж тры месяцы. Да першага вопыту я паставілася вельмі сур’ёзна: сядзела ў бібліятэцы, гартала вялікія кнігі. Кніжка называлася «100 пророчеств и предсказаний о судьбах России».

Я тады не разумела, што калі мне не хапае гістарычных асоб з прадказаннямі, то іх можна проста прыдумаць!

Калі пасля я пісала, да прыкладу, кнігу пра 100 чароўных рэцэптаў для захавання прыгажосці ад бабкі Вангі, а ў мяне іх набіралася толькі 45, то астатнія рэцэпты я проста брала ад іншых лекараў.

Самая сур’ёзная і цікавая мая кніжка — адна з серый пра «рускага Гары Поттэра» Пятра Ларына. Гэта была паўнавартасная дзіцячая кніжка, яе хвалілі нават дзеці маіх сяброў. А так у асноўным я пішу кніжкі па лекаванні, народнай медыцыне.

Гэта як праца над дыпломнай работай — трэба проста ўмець карыстацца літаратурай і знаходзіць яе. Ну і пажадана мець хоць трохі літаратурных здольнасцей, каб не кідалася ў вочы, што твая кніга з’яўляецца кампіляцыяй тэкстаў розных аўтараў.

— Як выбіраюцца тэмы для кніжак?

— У нашага кіраўніка даволі прадуманая сістэма: ён адсочвае рэйтынг найбольш прадаваемых кніг і стварае выданні на гэтую ж тэму. Напрыклад, калі гады чатыры таму пачалася паранойя вакол залатога вуса (усе пачалі купляць і вырошчваць дома гэту расліну, рабіць з яе настойкі для лекавання літаральна ўсіх хвароб), мы выдалі пра вус некалькі кніг.

Памятаю, як аднойчы мяне падкалола сяброўка. На дзень нараджэння яна падарыла мне парастак гэтага залатога вуса. Аказалася, што яна ўзяла яго ў сваёй маці, якая, начытаўшыся маіх кніг, набыла расліну на Камароўцы за 50 тысяч рублёў. Сяброўка пасмяялася: калі б яе маці не набыла гэты парастак, то яна магла б купіць мне нармальны падарунак.

— На каго разлічаны вашы кнігі?

— Гэтыя кніжкі звычайна купляюць людзі ва ўзросце пасля 35 год. Яны прывыклі з савецкага часу: усё, што напісана на паперы, — праўда. Да таго ж наш кіраўнік своечасова зразумеў, што трэба выдаваць танныя кніжкі. Усё‑ткі чалавек не такі бесталковы, каб аддаць вялікія грошы за кнігу аб народнай медыцыне. Нашых жа брашур у стракатай вокладцы і на таннай паперы людзі могуць накупіць шмат.

Усё напісанае намі ідзе на Маскву, дзе нашы кнігі выдаюцца вялікімі накладамі: 10 тысяч экземпляраў як мінімум.

Увогуле ў мяне складаецца ўражанне, што беларусы разумнейшыя за суседзяў. Падобную літаратуру купляюць у асноўным рускія і ўкраінцы, нашым такую прадукцыю прадаць цяжэй.

Хаця калі мы зараз пройдзем па кнігарнях, мае кніжкі будуць усюды (зразумела, пад рознымі псеўданімамі).

Ведаеш, дарэчы, якія кнігі зараз самыя папулярныя? «СМС для мальчиков», «СМС для девочек», «СМС для любимой», «СМС для пьяной компании». Людзі іх купляюць! Для мяне гэта таямніца. Няўжо чалавек не можа сам напісаць сваёй дзяўчыне, што ён яе кахае?

— Колькі часу ў цябе сыходзіць на напісанне адной кнігі зараз?

— Калі кніга не цяжкая — кшталту «Новые рецепты для микроволновой печи» — гэта суткі ўпартай працы. Трэба толькі цярпліва перагледзець усе сайты, якія ёсць па гэтай тэме, і скласці ўсю інфармацыю ў адзін тэкст.

— Колькі ты зарабляеш на напісанні адной кніжкі?

— У кіраўніка расцэнкі заўсёды аднолькавыя — долар за старонку. А на старонку фармату нашых кніг змяшчаецца 1 800 знакаў.

— Прабач, але ж ты, калі пішаш кнігі па народнай медыцыне, не правяраеш прыве‑дзеныя табой рэцэпты? А калі твая кніга можа нашкодзіць здароўю чалавека?

— У нашага кіраўніка ёсць правіла: галоўнае — не патруціць людзей масава.

Вядома, прыведзеныя ў кнігах рэцэпты ніхто не правярае, і ніякі ўрач нас пры напісанні кніг не кансультуе
. Але адкуль мы бярэм гэтыя рэцэпты? З тэкстаў шматлікіх расійскіх знахароў, якія вынайшлі сваю траўку і ўсяляк яе папулярызуюць. Наўрад ці нехта з іх хоча атруціць людзей.

— Сітуацыя на кніжным рынку і ў вашай працы ў апошнія гады мяняецца?

— Зараз ад бізнесу нашага кіраўніка фактычна засталіся толькі кніжкі, што выдаюцца пад зборным псеўданімам Андрэй Варонін — серыялы «Камбат», «Спецназ», «Слепой». Чамусьці людзі іх чытаюць. Прычым нават не задумваюцца аб тым, што ўжо чыталі кніжкі з падобнымі сюжэтамі.

Звычайна ў такіх кніжках ёсць прэзідэнт, ворагі прэзідэнта і ёсць сучасныя тры мушкецёры, якія выконваюць патрыятычны абавязак, абараняюць прэзідэнта, выкрываюць змову, змагаюцца з тэрарыстамі…

Працуем мы і з кіно. Амерыканскія блокбастэры забываюцца вельмі хутка, хаця доўга рэкламуюцца: кшталту за 24 гадзіны герой робіць немагчымае, ЦРУ супраць ФБР і г.д. Мы пасля бярэм сюжэт з гэтага фільма і пераносім яго ў ра‑сійскую рэчаіснасць.

— Сюжэт у гэтых кніжках павінен быць абавязкова пра Расію?

— Толькі пра Расію. Людзі любяць бачыць пазнавальныя расійскія рэаліі. Вось зараз мы пішам кнігу, дзе ра‑сійскага прэзідэнта Мядзведзева завуць… здаецца, Волкавым. У гэтай кніжцы ёсць Расія, Германія, газавая вайна ва Украіне (прозвішча ўкраінскага прэзідэнта, дарэчы, Кушчанка).

— Але ж такую кніжку за дзень не напішаш…

— Наш кіраўнік лічыць, што нармальны чалавек, які не хоча быць галодным, здольны напісаць такі літаратурны твор за тры месяцы — калі ён не п’е і штодня працуе. Дарэчы, на напісанне кнігі пад зборны псеўданім Андрэй Варонін ёсць цвёрды тарыф — 1 000 даляраў.

— Колькі чалавек занята ў гэтам бізнесе?

— Дакладную лічбу я не скажу, але думаю, што палова мінскіх літаратараў жыве не з таго, што выдалі нейкі зборнічак вершыкаў, а з таго, што напісалі «Камбат».

— Сама ты як адносішся да сваёй працы?

— Спачатку мне было крыўдна марнаваць на гэтыя кніжкі час. Было крыўдна, што жывеш у краіне, дзе замест таго, каб працаваць па прафесіі — перакладаць якую‑небудзь файную кніжку з польскай мовы, — сядзіш і выдумляеш смс для дзяўчынак, прычым калі выкарыстаны ўжо ўсе сайты, выдумляеш нейкую лухту. Але пасля разумееш, што больш ніхто табе не заплоціць, і працягваеш далей зарабляць на дзіцёнка і сям’ю.

А здаўшы сваю агідную, пошлую, вульгарную кніжку, заходзіш у кнігарню набыць томік вершаў беларускага паэта, каб пасля дома прачытаць яго сваёй дачцэ.

— Я да чаго вяду: не сорамна табе трымаць людзей за дурняў?

— Людзі будуць чытаць гэтыя кніжкі заўсёды. Калі ў краіне такія ўмовы, што чалавек не можа пайсці на платнае абследванне ў медычны цэнтр і сапраўды нешта вырашыць са сваім здароўем, ён за 3 600 рублёў купіць кніжку з надзеяй, што траўка яму дапаможа.

Калі ў кожнай жанчыны будуць грошы пайсці да псіхолага і высветліць, чаму муж перастаў з ёю размаўляць, яна не будзе чытаць танныя кніжкі «100 советов, как завоевать мужчин», «100 советов, как удержать взаимопонимание на третьем году брака» і г.д. Вось і ўсё.

* Па этычных меркаваннях імя гераіні інтэрв’ю зменена.

Гутарыў Руслан Гарбачоў, Intex-Press

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0