Байку пра пірата Палямона, які аказаўся каралём, я помню з маленства. Напісаў гэтую байку таленавіты польскі пісьменьнік Ян Бжэхва. Яшчэ і сёньня ў маёй памяці застаюцца радкі гэтага выдатнага твору дзіцячай літаратуры: «Плыне окрэнт пшэз одмэнты не звычайны, леч закленты» — «Плыве човен над вірамі не звычайны, а закляты».

Але Палямон — герой зусім не дзіцячай літаратуры. Ён зьявіўся на пачатку XVI ст. на старонках твору, зь некалькіх назваў якога («Летапісец», «Кроніка», «Кніга») найбольш верагодная наступная: «За кройнікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Арыгінал твору не захаваўся. Самы даўні тэкст перадаюць летапісы Красінскага і Яўрэінаўскі, але нават у іх відаць выразныя сьляды пазьнейшай пераапрацоўкі. Чарговыя рэдактары даволі моцна ўмешваліся ў першапачатковы тэкст, мяняючы прытым і яго ідэйны зьмест.

Легенда

Твор пачынаецца з паведамленьня аб шляхетным рымскім паходжаньні жамойтаў і літоўцаў. Легенду аб рымскім паходжаньні літоўцаў, жамойтаў і яцьвягаў першым падаў польскі гісторык Ян Длугаш, але наш невядомы летапісец нічога, апрача канцэпту, ад яго ня ўзяў. Расказвае аб тым, як у час жорсткага панаваньня Нэрона, які ўласнаручна забіў родную маці і свайго «найвышэйшага доктара» Сэнэку, нейкі рымскі князь Палямон, Нэронаў сваяк, на чале пяцісот чалавек рымскай шляхты сеў на караблі і ўцёк з Рыму, кіруючыся на Захад. Са згаданай шляхты найбольш выдатнымі былі чатыры роды — Кітаўрасы, Калюмны, Ружы і Угры (Урсіны). Дзякуючы парадам нейкага вучонага астранома ўцекачы зь «Міжземскага мора» (тут зусім не Міжземнае, толькі Паўночнае мора) праз раку Шуму (так аўтар называе Дацкія пралівы) выплылі на мора-акіян (па сёньняшняму — Балтыйскае). Па гэтым моры паплылі да вусьця Нёману і ўвайшлі ў адно зь яго адгалінаваньняў, якое называецца Скіля, далей падаліся ўверх Нёману да вусьця ракі Дубісы, дзе й пасяліліся. Прышэльцы назвалі гэтую зямлю па-славянску Пабярэжная зямля, а па-літоўску — Жамойцкая зямля. Размножыўшыся, выйшлі за раку Сьвятую й засялілі тэрыторыю да правага берага Вяльлі. Тут «ігралі на трубах дубасных», ад чаго іхны князь Кернус назваў гэтую краіну Літустуба, ад лацінскіх словаў litus — бераг i tuba — труба. Паколькі простыя людзі не змаглі правільна вымавіць лацінскую назву, сталі гэтую зямлю называць «Літва».

Па нашэсьці Батыя вялікі князь жамойцкі Мантвіл даведаўся, што Руская зямля стаіць спустошаная, а яе князі разагнаныя. Вялікі князь кіеўскі Дзьмітры ўцёк са спаленага Кіева да дручанаў і заснаваў горад Друцак (ад яго пайшлі «вялікія князі» Друцкія). Мантвіл паслаў свайго сына Скірманта з панамі раднымі за Вяльлю і Нёман. Скірмант знайшоў за Нёманам «гару красную» і пабудаваў на ёй горад Наваградак ды стаў вялікім князем наваградзкім. Пасьля заснаваў Горадзен і аднавіў зруйнаваныя татарамі Берасьце, Дарагічын і Мельнік. Між Вяльлёй і Нёманам Скірмант пасяліў над ракой Ашменай Крумпя і надаў яму ўсе землі будучага Ашменскага павету; ад гэтага Крумпя нарадзіўся Гаштаўт. Землі будучага Ейшыскага павету надаў Эйкшу, ад якога нарадзіўся Давойна, а Граўжыскага павету — Гроўжу, ад якога нарадзіўся Манвід.

Пасьля сьмерці Скірманта вялікім князем наваградзкім стаў ягоны сын Мінгайла. Ён разьбіў пад Гарадцом палачан, якія абыходзіліся тады бяз князя, узяў Полацак і такім чынам стаў яшчэ і вялікім князем полацкім. Пасьля сьмерці Мінгайлы ў Наваградку княжыў ягоны сын Шварн, а ў Полацку другі — Гінвіл. Шварн далучыў да Вялікага княства Наваградзкага Пінск і Тураў, пасьля разьбіў войскі татарскага цара Балаклая на мяжы Наваградзкага княства пад Койданавам і захапіў Мазыр, Чарнігаў, Старадуб і Карачаў. У міжчасьсе ў Полацку Гінвіл прыняў хрышчэньне, а зь ім — імя Барыс. Гінвіл-Барыс пабудаваў у Полацку некалькі цэркваў, у тым ліку Барысаглебскую, і заснаваў горад Барысаў. Меў Гінвіл-Барыс двое дзяцей, Глеба й Парасковію. Парасковія стала манашкай, служыла Богу і пісала кніжкі, пасьля пераехала ў Рым, дзе з часам пахрысьцілася і прыняла імя Пракседыс. Глеб памёр бязьдзетна і на ім абарвалася гэтая лінія нашчадкаў Палямона.

Апошнім з наваградзкіх нашчадкаў Палямона быў вялікі князь наваградзкі Рынгальт. Пасьля ягонай сьмерці наваградзкія паны ўзялі сабе князем Швінтарога, сына вялікага князя літоўскага і жамойцкага Ўценуса з роду Кітаўрасаў. Род Кітаўрасаў прыйшоў да ўлады ў Літве пасьля сьмерці Кернуса, які ня меў сына, а сваю дачку Паяту аддаў за Гіруса з Кітаўрасаў менавіта. Апошнім з нашчадкаў Швінтарога, які займаў велікакняжацкі столец, быў Тройдзень. Пасьля ягонай сьмерці паны вынесьлі на Вялікае Княства Літоўскае, Жамойцкае і Рускае Віценя з роду Калюмнаў. Сынам Віценя меўся быць Гедымін. На тым канчаецца ўвесь легендарны пэрыяд. Расказ пра Гедыміна, хоць таксама напалову легендарны, абапіраецца на вядомы здаўна «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх».

Першы код

Паводле М.Улашчыка, першапачатковы тэкст легенды заканчваўся на сьмерці Рынгальта, пра што сьведчаць словы «Таму канец» у палове летапісаў. Але й сама легенда падзяляецца на дзьве часткі — пачатковую, уласна жамойцка-літоўскую, і наваградзкую, да якой адносіцца 80% легендарнага тэксту да сьмерці Рынгальта. Прытым Наваградкам валодаюць Палямонавы нашчадкі па мячы, тады як Літвой і Жамойцю — па кудзелі. Паколькі да таго ў першай частцы больш дакладна апісваецца толькі тэрыторыя на паўночны ўсход ад Вільні (затое геаграфія Жамойці вельмі недакладная, проста фантастычная), а ў другой частцы — Наваградчына, Улашчык прыйшоў да думкі, што аўтараў легенды было двое. Усё ж у першай частцы першапачатковая Літва апісваецца як зямля Завялейская, г.зн. аўтар бачыць яе вачыма жыхара паўднёвага берагу Вяльлі, скажам, Вільні. Такім чынам, аўтарам абедзьвюх частак мог быць і адзін чалавек, які пабываў і за Вяльлёю, і ў Наваградку.

З гісторыяй твор Ананіма ня мае абсалютна нічога супольнага. Загаловак «За кройнікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» нават як быццам падказвае, што пісалася нешта замест сапраўдных хронік. Уведзеныя аўтарам імёны — гэта або эпонімы (як Кернус — ад Кернава), або звычайныя літоўскія імёны. Інтэнцыя невядомага аўтара пры першым прачытаньні ясная: падкрэсьліць рымскае паходжаньне жамойцкай і літоўскай шляхты. Рымскае паходжаньне, у чым згодныя ўсе камэнтатары легенды, абазначае тут адвечную сувязь ахрышчанага ў заходнім абрадзе літоўскага народу са сталіцай каталіцкага сьвету. Жамойцкая шляхта тут, безумоўна, на першым месцы — выхадцы з Рыму пасяліліся сьпярша ў Жамойці, а «Літоўская дзяржава пачала называцца і множыцца ад Жамойці». Чарговая, хаця па важнасьці ня менш важная за папярэднія, мэта напісаньня твору — праслаўленьне чатырох згаданых у ёй родаў таварышаў Палямона, перш за ўсё Кітаўрасаў.

Важнае «воспак»

Адылі ці так было ў першапачатковай вэрсіі? Пазьнейшыя ўстаўкі выразна зазначаны ў летапісе Красінскіх словамі «вернемся назад (воспак)». Два «воспак» няважныя, бо наступаюць па ўстаўленых апісаньнях паганскага культу часоў князёў Сьперы і Кукавойта. Трэцяе стаіць пасьля аповеду аб наданьні Скірмантам земляў на правым беразе Нёману продкам Гаштаўтаў, Давойнаў і Манвідаў. Гэта абазначае, што ў першапачатковым тэксьце легенды гэтага фрагмэнту не было. Яўная ўстаўка таксама — аповед пра князёў Друцкіх.

Важнае «воспак», што стаіць пасьля аповеду пра полацкае адгалінаваньне Палямонавічаў. Першая частка «жыція» Парасковіі-Пракседыс створана на аснове жыція сьвятой Эўфрасіньні і яе сястры Эўпраксіі, дачкі Барыса Ўсяславіча. Адсюль узятае і хрысьціянскае імя Гінвіла. Імя Барысавага сына Глеба вынікае з таго, што Барыс і Глеб выступаюць разам як сьвятыя ў жыціі сьв.Эўфрасіньні, а таксама як патроны Барысаглебскай царквы ў Полацку. Другая частка сюжэту — поўнасьцю фантастычная, што паказаў яшчэ ў XVI ст. Мацей Стрыйкоўскі.

Аўтарства гэтай фантастычнай гісторыі, безумоўна, належыць полацкім бэрнардынцам, паселеным у 1498 г. у Полацку з заданьнем навяртаць праваслаўных на каталіцтва. Пытаньне толькі, ці ўстаўлены быў цэлы аповед пра полацкіх Палямонавічаў, ці толькі сюжэт з Парасковіяй-Пракседыс? Адназначна адказаць на гэта немагчыма, але ёсьць падставы меркаваць, што ўстаўлена была цэлая полацкая гісторыя, бо расказ пра полацкіх і наваградзкіх князёў ідзе асобна, безь ніякай сувязі між імі. Спачатку нейкі полацкі бэрнардынец стварыў «жыціе» Парасковіі-Пракседыс, у якім пра яе літоўскае паходжаньне не гаварылася, бо бэрнардынцы меліся навяртаць русінаў, і важным зь іхняга гледзішча было толькі перахрышчаньне рускай полацкай князёўны ў каталіцызм.

Постаці Мінгайлы і Гінвіла, відаць, былі прыдуманы рэдактарам новай вэрсіі легенды дзеля далучэньнья да яе «жыція» Парасковіі-Пракседыс. Гэты рэдактар працаваў іншым спосабам, чым аўтар легенды, — не прыдумваў зусім фантастычных асоб і падзей, а толькі ствараў фіктыўныя асобы і падзеі на аснове рускіх летапісаў ды канцылярскіх дакумэнтаў.

Мінгайла і Гінвіл — гэта звычайныя літоўскія імёны, але вялікаму князю наваградзкаму і полацкаму Мінгайлу аўтар даў, відаць, імя Мінігайлы, у хрышчэньні Міхала (як у летапісе Альшэўскага), віленскага кашталяна часоў Вітаўта. Вітаўтавым баярам і канюшым быў таксама гістарычны Гінвіл. Сюжэт зь бітвай Мінгайлы з палачанамі пад Гарадцом аўтар мог узяць, як заўважыў менскі гісторык Юры Заяц, толькі з Іпацьеўскага летапісу. Паводле гэтага летапісу, у 1161 г. пад Гарадцом войска полацкага князя Рагвалода-Васіля Барысавіча было разьбітае Валадарам Глебавічам, якому дапамагалі літоўскія атрады.

Таксама імя Шварн, якое сапраўды належыць валынскаму княжычу, які стаў наваградзкім князем, узятае з Іпацьеўскага летапісу. Рэдактар відавочна прыпісаў Шварну пачыны Мантвілавага сына Скірманта, у якога ў арыгінальнай легендзе, відаць, не было ні сына Мінгайлы, ні ўнукаў Шварна і Гінвіла. Дарэчы, гэтыя ўстаўкі — доказ таго, што на пачатку XVI ст. у Вільні захоўваўся летапіс тыпу Іпацьеўскага, а гісторыя Вялікага княства хвальшавалася сьвядома.

Рука Гаштаўта

Дынастыі зьмяняліся — традыцыя жыла. Кароль Рэчы Паспалітай Ян ІІІ Сабескі ў старажытнарымскім уборы.

Сярод рымскай шляхты ў легендзе вылучаюцца чатыры роды найважнейшых таварышаў Палямона, але прысьвячаецца ім неаднолькавая ўвага. Пра пачыны Гаштаўтаў, Манвідаў і Давойнаў і не апавядаецца практычна нічога, хоць рэдактары ўлічвалі магчымасьць дапісваньня сяго-таго і пра іх. Сьведчыць аб тым занатоўка «Тут Давойна», якую мэханічна перапісаў капіст летапісу. Вядома, любы аўтар так пазначае месца, дзе мае намер зьмясьціць нейкі сюжэт.

Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што ў легендзе маецца на ўвазе, што Палямон быў з роду Калюмнаў, да якога належалі Ягелёны, а Мікола Ўлашчык далучае Палямона да Кітаўрасаў. Тым часам у самім тэксьце няма нават намёку ні на першае, ні на другое. З гербавых родаў таварышаў Палямона вылучаюцца толькі Кітаўрасы, да якіх пераходзіць улада пасьля таго, як адмерлі Палямонавічы. Дынастыя Калюмнаў зьяўляецца толькі ў асобе Віценя. Вынясеньне як Швінтарога Ўценусавіча, так і Віценя на вялікае княжаньне панамі мае падмацаваць права паноў-рады выбіраць вялікага князя і ў час, калі створана была гэтая легенда. Так ці інакш, вылучэньне Кітаўрасаў выразна паказвае на ініцыятара стварэньня легенды: Кітаўрасам (лац. Centaurus) пячаталіся князі Гальшанскія і князі Гедройскія, якія раней карысталіся гербам «Ружа». З князёў Гедройскіх у час напісаньня легенды ніхто асабліва не вылучаўся. Так што, відаць, тут перш за ўсё рука Паўла Гальшанскага, запісанага ў Кракаўскі ўнівэрсытэт у 1504 г., а ў 1507 г. ужо каталіцкага луцкага біскупа, з 1522 біскупа берасьцейскага і з 1536 біскупа віленскага.

Паколькі большая частка легенды — гэта аповед пра «Вялікае Княства Наваградзкае», а на пачатку стагодзьдзя наваградзкімі ваяводамі былі Альбрыхт Гаштаўт, пасьля ягоны сын Станіслаў, а раней яшчэ і бацька Альбрыхта Марцін, Мікола Ўлашчык напісаньне гэтай часткі легенды зьвязаў, перш за ўсё, з гэтым родам. Найбольш праўдападобным ініцыятарам ён лічыць Станіслава, але гэты ўсё жыцьцё ва ўсім падпарадкоўваўся свайму магутнаму бацьку, якога, зрэшты, перажыў толькі на тры гады. Такім чынам, дачыненьне да стварэньня легенды мог мець толькі Альбрыхт Гаштаўт.

Ініцыятарскай роляй Альбрыхта Гаштаўта можна растлумачыць шмат якія сюжэты легенды. Магчыма, гэта датычыцца нават першпапачатковай легенды: выхадцы з Рыму, як заўважыла Альбіна Семянчук, прызямляюцца ля зьліцьця Дубісы зь Нёманам, а першы гістарычны Гаштаўт быў старастам Вялёны, якая ляжыць якраз у гэтым месцы; недзе тут разьмяшчалася і сядзіба Гаштаўта. Калі ідзе гаворка пра гісторыю «Вялікага Княства Наваградзкага», тут супадзеньні ўжо шматлікія і, безумоўна, невыпадковыя. Альбрыхт Гаштаўт ваяваў з татарамі, у прыватнасьці абараніў ад іх Наваградак у 1505 г., калі быў тут намесьнікам. У 1508-м ён стаў наваградзкім ваяводам, з 1513 г. — бельскім старастам на Падляшшы. У 1514—1519 гг. быў полацкім ваяводам; у 1518 годзе абараніў Полацак ад маскоўцаў. З 1515 г. быў мазырскім старастам, а з 1525 г. яшчэ і барысаўскім старастам.

Пасады Гаштаўта тлумачаць, адкуль у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага ўзяліся Полацак, Барысаў і Мазыр, якія часткай Літвы ніколі не лічыліся. Альбрыхт быў унукам Сямёна Сямёнавіча Гальшанскага, які стаў называцца Трабскім, і Марыі з князёў Зубрэвіцкіх-Друцкіх, якая ўсю сваю вялікую маёмасьць адпісала менавіта яму і ягонай сястры. Гэта вычарпальна тлумачыць устаўку ў легенду аповеду пра князёў Друцкіх і дадаткова зьяўленьне ў легендзе Трабуса. Разам з рукой Сафіі з князёў Вярэйскіх Альбрыхт атрымаў яе ўладаньні, у тым ліку Койданава, якое ляжала на мяжы гэтых уладаньняў. Таму легендарны хан Балаклай быў разгромлены пад Койданавам, на мяжы «Вялікага Княства Наваградзкага».

Сама маляўнічы з падобных сюжэтаў — гісторыя з Тройдзенем, які нібыта быў заснавальнікам Райгораду і вельмі жорсткім ды ваяўнічым ўладаром гэтага «панства». Сапраўднае «райгорадзкае панства» пасьля бунту Глінскага дасталося Мікалаю Радзівілу. Такім чынам Радзівіл, тады галоўны вораг Альбрыхта Гаштаўта, стаў ягоным суседам на Падляшшы. У 1519 г. адзін з радзівілаўскіх старастаў напаў і спаліў замак у Тыкоціне, зь якога Гаштаўт ледзьве ўцёк жывым. Таму пра Тройдзеня пішацца ў легендзе, што «горшы быў тым землям, ніжлі Антыёх Сырыйскі, і Ірад Ерусалімскі, і Нэрон Рымскі». Каб больш яшчэ дапячы Радзівілам, іх род увогуле ня быў згаданы сярод названых у легендзе найбольш выдатных родаў рымскай шляхты, хаця такое месца Радзівілам па значэньні, безумоўна, належалася. Толькі Стрыйкоўскі далучыць іх да легенды, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя…

Уважлівы і лепей азнаёмлены з гісторыяй роду Гаштаўтаў чытач, пэўна ж, знойдзе яшчэ больш падобных супадзеньняў, але й вышэйпералічаных дастаткова, каб сьцьвердзіць, што летапіс «Вялікага Княства Наваградзкага і Полацкага» аказваецца зашыфраваным жыцьцяпісам Альбрыхта Гаштаўта — наваградзкага намесьніка і ваяводы ды бельскага і мазырскага старасты, затым полацкага ваяводы і барысаўскага старасты — «Вялікае Княства Наваградзкае» пашырае свае межы разам з кожнай чарговай Альбрыхтавай пасадай і кожным ягоным маёмасным набыткам. «Роля» Гаштаўтаў у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага першапачаткова засакрэчаная, у наступных жа разьдзелах, пачыначы з панаваньня Гедыміна, будзе асьвятляцца больш адкрыта. Самае важнае — Гаштаўты абвяшчаюць сябе Калюмнамі, што абазначае роўнасьць іхнага паходжаньня зь Ягайлавічамі. Альбрыхтава пахвальба свайго апагею дасягне ў хроніцы Быхаўца, абшырныя фрагмэнты якой — гэта проста панэгірык Гаштаўтам.

Улічыўшы шырокамаштабную інтэрвэнцыю Гаштаўта ў першапачатковы тэкст легенды, можна меркаваць, што легенда спачатку расказвала толькі пра прыбыцьцё Палямона і стварэньне Кернусам назвы Літвы. Калі ж усё-такі згадваўся і Наваградак, дык толькі ў кантэксьце далучэньня да Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага менавіта яго. У такім выпадку легенда магла абмяжоўвацца імёнамі Скірманта і Рынгальта.

Палямон жыў у Турцыі

Але прыхаваная пахвальба Гаштаўтаў — гэта не апошні код легенды. Найважнейшы, самы асноўны код хавае імя «Палямон». Палямонаў у антычнай гісторыі было шмат, але ў эпоху Нэрона жыў толькі адзін сваяк імпэратара з такім імем, пры тым кароль, — зусім як у байцы з майго дзяцінства: Палямон ІІ, кароль Понту, эліністычнай дзяржавы на беразе Чорнага мора ў Малой Азіі, на тэрыторыі сёньняшняй Турцыі. Як Нэрон, так Палямон былі па кудзелі праўнукамі Марка Антонія.

Бацька Палямона ІІ Палямон І стаў каралём Кілікіі й Понту менавіта дзякуючы Марку Антонію, якога затым збройна падтрымаў у вайне з Актавіянам. Пасьля паражэньня Антонія пры мысе Акцыюм Палямон І нейк выкруціўся ад віны перад пераможцам. Як сябру і саюзьніку рымскага народу Палямону І выдзелілі яшчэ й Баспорскае каралеўства (у Крыме і на Таманскай паўвысьпе). Тут Палямон І зьнішчыў непаслухмяны горад Танаіду ля ўпадзеньня Дону ў Азоўскае мора. Пасьля па-здрадніцку, прыкідваючыся сябрам, напаў на барбарскае племя аспургаў, але трапіў у іх палон і быў пакараны сьмерцю.

Яго сыну Палямону ІІ Калігула надаў Понцкае і Баспорскае каралеўства, зь іх другое празь нейкі час было заменена Кілікійскім. Разам зь іншымі суседзкімі каралямі Палямон наведаў аднойчы юдэйскага караля Ірада Агрыпу І у Тыбэрыядзе (пэўна ж, рыхтавалася нейкая супрацьрымская змова). Юдэйская князёўна Бэраніка выбрала яго сваім трэцім мужам, каб выправіць сваю рэпутацыю, пацярпелую ў выніку яе скандальных паводзін. Палямон, са свайго боку, ажаніўся з Бэранікай ня столькі дзеля яе слаўнай на ўвесь антычны сьвет прыгажосьці, колькі дзеля багацьця. Згадзіўся нават прыняць юдаізм і паддаўся абразаньню. Бэраніка неўзабаве яго кінула, і Палямон таксама хутка кінуў юдаізм. Недзе ў 62—64 г. ад Нараджэньня Хрыстовага ён быў прымушаны Нэронам адрачыся ад Понцкага трону (і гэтае ягонае каралеўства стала часткай Рымскай імпэрыі), але захаваў Каралеўства Кілікіі. Паводле папулярнай легенды пра сьвятога Варфаламея-апостала, гэты сьвяты быццам бы навярнуў Палямона ў хрысьціянства. Калі нават так было, Палямон хутка зноў вярнуўся ў паганства. Памёр у 74 годзе.

Тым часам у Понце пасьля сьмерці Нэрона былы камандзір понцкага флёту, Палямонаў вызваленец Аніцэт, падняў у 69 г. паўстаньне і спаліў рымскі чарнаморскі флёт у выніку раптоўнага нападу на Трапэзунд. Аніцэт набраў у сваё войска ўсялякага роду барбараў, шукальнікаў прыгод і трафэяў ды нейкі час рабіў пірацкія набегі на рымлянаў на адмыслова сканструяваных ладзьдзях зь нізкімі бартамі і шырокім дном. Рымляне ўрэшце абкружылі Аніцэта ў вусьці ракі Кгоба (у Заходняй Грузіі). Выдадзены тутэйшым барбарскім каралём рымлянам, Аніцэт быў пакараны сьмерцю. Так закончылася гэтая нявольніцкая вайна.

Г.Берасьнявічус бачыць гістарычную аснову міту пра Палямона ў кантактах Палямона ІІ з прыбалтыйскімі землямі. На жаль, праца Берасьнявічуса мне вядомая толькі з трэціх рук, дык ня ведаю, ці адказаў ён на асноўнае пытаньне: калі міт пра Палямона створаны, каб даказаць рымскае паходжаньне літоўцаў, то чаму аўтар надаў іхнаму быццам бы рымскаму роданачальніку грэцкае імя?

Палямонаў шлях</p>
<p>

Усе пададзеныя вышэй зьвесткі пра понцкіх Палямонаў рассыпаны па старонках прац антычных аўтараў — «Геаграфіі» Страбона, «Аналаў» і «Гісторый» Тацыта, «Юдэйскай даўніны» Язэпа Флявіюса, «Паралельных жыцьцяпісах» Плютарха, «Дванаццаці Цэзараў» Свэтонія і «Гісторыі Рыму» Дыёна. Апрача апошняй, усе гэтыя працы на пачатку ХVI ст. былі ўжо надрукаваныя: Тацыт, Флявіюс і Свэтоніюс яшчэ ў 1470 г., Страбон у 1516 і Плютарх — у 1517 г.

Геній маніпуляцыі

Ня думаю, каб наш Ананім прачытаў усё вышэйзгаданае, хаця тэарэтычна мог гэта зрабіць. Можна сабе ўявіць, што, атрымаўшы заказ напісаць старажытную гісторыю Літвы, ён пачаў працу як дасьледчык. Адштурхнуўся ад Длугаша, паводле якога міграцыя продкаў літоўцаў з Рыму адбылася ў часы грамадзянскіх войнаў, сьпярша між Марыем і Сулам, пасьля між Цэзарам і Пампэем і пазьней між іхнымі наступнікамі. Таму Ананім стаў гартаць антычных аўтараў, каб высьветліць усю справу. Сьпярша прачытаў пра войны Сулы, а пасьля Пампэя, і, нічога не знайшоўшы, шукаў далей, пакуль не дайшоў да Нэрона і Палямона. Гартаў-перагортваў, чытаў-перачытваў і нарэшце зразумеў — Длугаш змахлярыў: ніякага перасяленьня рымлянаў у паўночныя краіны не было, і ўся антычная гісторыя Літвы — проста выдумка. Тады вырашыў прыдумаць нешта «замест» літоўскіх і жамойцкіх хронік. Канцэпт з Палямонам і ягоным мараплаваньнем прыйшоў яму на думку, безумоўна, пад уплывам аповеду пра бунт Аніцэта, зьмешчанага ў трэцяй кнізе «Гісторый» Тацыта. Але мог мець месца ўплыў і «Геаграфіі» Страбона, які расказвае пра Палямона І і ягоную сьмерць у краіне аспургаў у адзінаццатай і дванаццатай кнізе сваёй працы.

Аўтар легенды пра Палямона мог поўнымі жменямі чэрпаць з Тацыта імёны рымскіх нобіляў, але выбраў грэка. Ніхто не сумняваецца, што ў час узьнікненьня твору «За кройнікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» пад «рымскім» мелася на ўвазе «каталіцкае». Затое «грэцкае» атаясамлівалася з «рускім» і «праваслаўным». Такім чынам, сьцьверджаньне, што Палямон быў сапраўды грэкам, а ня рымлянінам, ставіць усю легенду з галавы на ногі: Вялікае Княства Літоўскае, Жамойцкае і Рускае аказваецца творам грэка-праваслаўнай, а ня рыма-каталіцкай цывілізацыі. З гэтага вынікае, што аўтар легенды мусіў быць русінам, які ў імені Палямон зашыфраваў свой погляд на сутнасьць Вялікага Княства.

Сапраўднае паходжаньне Палямона тлумачыць, чаму ў арыгінальнай вэрсіі легенды Палямон накіроўваецца на захад. Заходні напрамак падарожжа Палямона бянтэжыў яшчэ рэдактараў легенды, бо, плывучы з Рыму на захад, у Жамойць ніяк не пападзеш. Дасьледчыкі легенды палічылі пазьней, што яе аўтар нібыта ня ведаў геаграфіі. Тым часам згаданае ў «Летапісе» мора-Акіян — гэта зусім не Балтыйскае, а толькі Чорнае мора, якое грэкі звычайна называлі Понт, гэта значыць Акіян.

Але гэтага яшчэ мала. Літоўскі роданачальнік аказваецца ня толькі грэкам, але яшчэ і… жыдам. Палямонава кампанія таксама падазроная — ніякай шляхты, толькі рознага роду Аніцэты, зьбеглыя нявольнікі і шукальнікі прыгод ды трафэяў, сармацкі (чытай — славянскі) зброд з пабярэжжа Чорнага мора, на спрытных лодках — проста казакі на чайках. З геніяльнай інтуіцыяй апісаў іх Ян Бжэхва: «Ukazuje się załoga / Rozbójnicza i złowroga: / A więc sternik-kuternoga / Pięćdziesięciu marynarzy, / Strasznych zbójów i korsarzy». Іхны шлях вёў з Чорнага мора ў «малое» Азоўскае, а адсюль уверх па Доне (Танаісе), уздоўж мяжы Эўропы і Азіі, і далей на захад, у глыб Сармацыі, да краіны раксаланаў, гэта значыць у Русь; і толькі адсюль іхныя нашчадкі пайшлі за Вяльлю і назвалі гэтую зямлю па-простаму: Літва.

Дзяржавастваральным цэнтрам Вялікага Княства аказваецца Наваградак, да якога былі далучаны спачатку Горадзен, Берасьце, Драгічын і Мельнік, пасьля Полацак, затым Пінск і Тураў, пасьля яшчэ Мазыр, Чарнігаў, Старадуб і Карачаў (фактычна ў сёньняшнім разуменьні ўся беларуская этнаграфічная тэрыторыя), ды нарэшце Літва і Жамойць. Горад Вільня быў пабудаваны ў межах Наваградзкага княства, на Рускай зямлі, апусьцелай пасьля татарскага нашэсьця, г. зн. стаіць на месцы рускага гораду. Падумаць толькі, усё гэта амаль што на пяцьсот гадоў да Міколы Ермаловіча!

Аўтар легенды, як адзначыў яшчэ Ян Якубоўскі, пісаў гісторыю Літвы і Жамойці, а не гісторыю Русі. Кажучы дакладней, яму было гэта даручана Паўлам Гальшанскім і Альбрыхтам Гаштаўтам. Апынуўшыся паміж Сцылай заказу з боку ўлады і Харыбдай гістарычнай праўды (адсюль, відаць, назваў вусьце Нёману менавіта Скіляй), аўтар геніяльна прашмыгнуў між страшнымі скаламі. Заданьне выканаў, на першы погляд, згодна з заказам, хаця заказчыкаў відавочна не зусім задавальняў канчатковы вынік ягонай працы. Пасьля літоўцы памалу разьбіраліся ў сваёй сапраўднай гісторыі, і ў наступных рэдакцыях зьнікае славянская назва Жамойці, замест фантастычных даюцца імёны сапраўдных літоўскіх і жамойцкіх князёў. Тым ня менш, асноўны сэнс легенды заставаўся непарушным так доўга, як доўга на картах летапісаў і хронік красаваўся Палямон. Што нешта тут з гэтым Палямонам ня тое, адчуваў, відаць, Мікалай Венцлавовіч, сапраўдны літоўскі нацыяналіст (які схаваўся за літаратурным псэўданімам Міхалон Літвін), і адкінуў гэтую легенду. Рымскае паходжаньне літоўцаў ён даказваў на моўным матэрыяле. Дарэчы, Венцлавовіч дзесяцігодзьдзямі быў пісарам пры Альбрыхце Гаштаўце, дык напэўна ведаў аўтара легенды пра Палямона.

Жамойцкая небыліца

Наш аўтар літоўскай мовы, відаць, ня ведаў. Паводле яго, рымскія прышэльцы спачатку назвалі сваю новую зямлю славянскай мовай, а толькі затым літоўскай. Да таго аўтар называў Жамойць па-славянску «Пабярэжнай зямлёй», хаця зь літоўскай мовы Жамойць перакладаецца на «славянскую» як «Ніжняя зямля». Улічыўшы, што Літва стала называцца «ад Жамойці», можна прачытаць славянскі адпаведнік «лацінскай» назвы «Літустуба» («Пабярэжная труба») і як «Жамойцкая труба». Далей, «трубы дубасныя» асацыююцца з фразэалягізмам «смаленыя дубы плясьці», які абазначае небыліцу, недарэчнасьць. Такім чынам, маем пэўнае права прачытаць назву «Літустуба» і як «жамойцкая небыліца», што добра перадае адносіны аўтара да ўсёй гісторыі.

Сюжэт з трубамі дазваляе ўдакладніць і тэрмін аd quem напісаньня твору. Польскі гісторык і географ Мацей Мяхоўскі зь недаверам прыводзіць чутку, што назва Літвы нібыта паходзіць ад лацінскага слова «lituus», якое абазначае «паляўнічую трубу». Значыць, чуў, што звоняць, але ня ведаў, у якой царкве. З гэтай згадкі вынікае, што легенда аб Палямоне ўзьнікла да другога выданьня «Трактату аб дзьвюх Сармацыях» Мяхоўскага у 1521 г., знаёмага мне з польскага перакладу. Магчыма, гэтая згадка ёсьць ужо ў першым выданьні 1517 г., якім скарыстацца я пакуль што ня меў магчымасьці.

«Вяртаючыся «воспак» да аўтара найвялікшай у гісторыі беларускай літаратуры маніпуляцыі, ды ня проста маніпуляцыі, а сапраўднага зьдзеку з заказчыка (ён надуў, ці, як кажуць ляхове, «zrobił w trąbę», усю паноўную нацыю), я разумею, што ў галаве чытача гэтых радкоў няўмольна паўстае пытаньне: хто ён, гэты геній літаратурнай маніпуляцыі? Адкажу рытарычным пытаньнем: ды колькі было тады ў Вільні русінаў, здольных чытаць антычных аўтараў і шкадаваць Сэнэку? Хто з усіх водаў, што абліваюць Эўропу, мог назваць якраз спалучэньне Паўночнага мора з Балтыйскім праз Дацкія пралівы? Хто вядомы любоўю шыфраваць свае тэксты? Так, так — ён, толькі ён…

Хто б ён ні быў, мусіў усьміхацца пад вусам, чуючы выхваляньне сваіх цёмных чытачоў іхным рымскім паходжаньнем. А ў карчме ў Вільні, калі сядзеў над куфлем піва са сваім найлепшым сябрам (з кімсьці ж мусіў сваёй таямніцай падзяліцца), таксама някепска начытаным, мабыць, аўтарам наваградзкай часткі легенды, хапала, каб увайшоў пышны жамойцін. Малюнак Сяргея ХарэўскагаТады сябры коратка абменьваюцца над куфлямі адным ім зразумелымі словамі: «Палямон!» — «Рымскі шляхціц!» — і заходзяцца ў шчырым, грэка-рускім, проста гамэрычным сьмеху. Будзьма!

Где ж одно княже римское именем Полемон, которыи же цесару Нерону был кровныи, забралъся з жоною и з дѣтми, и з скарбы своими, и подъданными своими, c которым жо княжетем собралося пятсот шляхты з жонами и з дѣтми и з многыми людми. И вземши c собою одного остронома, и пошли в кораблех морем по заходу слонца, хотечи собе знаити на земли месцо слушное, игде бысь мели поселити a мешкати c покоем. A c тыми шляхты чотыри были рожаи наивышшие, именем Китоврасы, Колюмны, Рожи, Ургы. A так они не малыи час по морю ходечи, пришли Межиземского моря и дошли до реки до Шума и тою рекою Шумою в море окиян, и морем окияном дошли до устья, игде река Немон впадываеть в море окиян. Потом пошли Немном y верх, ажь в море зовемое Малое, которое называется /л.65/. море Немновое, a c тое причины тое море Немновое называется, ижь в тое море впадаеть Немон дванадцатми устьи и кождое зовется своим именем, Скиля. И пошли тым устьем уверх, и дошли цѣлого Немна, где вжо он сам во одном месци течеть весь, a y верх Немном пошли до реки Дубисы, где ж вшедши в тую реку Дубису, и над нею нашли горы высокие, и на оных горах ровнины великие, и дубровы роскошные и розмаитое офитости наполненых розного рожаю звереи, то есть напервеи туров, зубреи, лосеи, еленеи, серн, рысеи, лисиць, бѣлок, горнастаев, ласиць и иных розмаитых рожаев. И ту теж в реках великую объфитось рыб непосполитых, иж не толко тые рыбы, которые в тых ся реках плодять, але множьство рыб розмаитых a дивных з моря приходять, a то за тою причиною, иже недалеко устье Немновое, где Немон в море впады

Алег Латышонак — доктар гістарычных навук. Жыве ў Беластоку.

Адзін з лідэраў беларусаў Польшчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0