Культура

Нават вецер гнёзды ўе

Рыгор Барадулін, убачаны Ўладзімерам Някляевым.

Рыгор Барадулін, убачаны Ўладзімерам Някляевым.

Субяседнік Паэта зусім не чытач. Субяседнікі Паэта – Ён і Яна. Бог і Вечнасьць. Больш размаўляць Паэту няма з кім і няма пра што.

Але што да Паэта Богу і Вечнасьці? Калі наперад ведаюць яны ўсё тое, што ён скажа, бо самі ж і нашэптваюць, і падказваюць яму магічныя словы, падаюць таямнічыя знакі...

Ім цікава: «Ці ўгадае?» – іх займае Гульня.

Паэт – дзіця, Бог і Вечнасьць – таксама дзеці.

Тым часам нехта з дарослых будзе сур’ёзна даводзіць мне, што Рыгор Барадулін – у адрозьненьне ад Янкі Купалы – вэрсыфікатар. Што ж, няхай сабе, але з адным істотным удакладненьнем: у адрозьненьне ад геніяльнага паэта Янкі Купалы, геніяльны паэт Рыгор Барадулін яшчэ і геніяльны вэрсыфікатар.

Як-ніяк стагодзьдзе прамінула.

Адлегласьць у сто гадоў наша паэзія прабегла, нібы алімпійка. Нягледзячы на ўсе бар’еры на дыстанцыі. На ямы з крывёй, на лесапавалы. Гэта фэнамэнальная зьява ў сусьветнай культуры, з чаго і вынік фэномэн Рыгора Барадуліна. І не самоціцца б нам, жалячыся, што ўсё нашае прахне, а шчасьлівіцца тым, што красуе.

Зашмат у белым сьвеце суму беларускага. Дальбог, замнога.

І старац зношаны, і маладзён,

Ніхто і не падумае, што, зрэшты,

Ён – саркафаг сваіх пражытых дзён.

«Першыя – навечна першыя, і палепшыць іх немагчыма», – напісаў у прадмове да барадулінскага збору твораў Васіль Сёмуха, маючы на ўвазе Купалу, Коласа, Багдановіча. Яно так. Як і тое, што ўжо цяпер відавочна: Барадулін разам зь імі, роўны сярод роўных.

Роўных яму няма сярод сучасьнікаў. Ён адзіны, хто здолеў, як і тыя першыя, якіх немагчыма палепшыць, увабраць у сябе ці ня ўсю беларускую спрадвечнасьць. У якой нават вецер гнёзды ўе.

Хрышчоны ва ўніяцтве, ён называе сябе крывічом і кшчоным паганцам. Друвінам. Называе нездарма, бо ўвабраў у сябе ці ня ўвесь крывіцкі дух, удыхнуўшы зь ім усю мову крывіцкую. Ён адзіны беларускі паэт, які існуе толькі ў мове і выключна ў ёй. Існуе гэткім жа неверагодным цудам, якім сама мова існуе ў пабураным – альбо дасюль ня створаным – беларускім сьвеце.

Музыка не патрабуе перакладу, паэзія не перакладаецца. Геніяльны паэт роўны самому сабе толькі на сваёй мове. Рыгор Барадулін якраз гэткі паэт, роўны самому сабе адно па-беларуску. Зрэшты, як і народ роўны самому сабе толькі на сваёй зямлі з усім сваім.

Яно не азначае, што ня трэба мкнуцца ў сьвет… Яшчэ як трэба – мы і так ужо ўсіх пераседзелі ў лясах ды балотах. Пакуль выжывалі – жыцьцё ішло.

Што істотна, для Барадуліна не існуе калізіі паэт і народ. Прынамсі гэтак, як існавала яна для Купалы: «Па колькі нам дасі чырвонцаў, калі мы пойдзем за табой?..» Калі Барадулін і вылучае сябе з народу, дык толькі тым, што, пакуль народ сьпіць, ён робіць ягоную народную работу: мовастваральную. Прачнуўшыся, народ знойдзе ў Барадуліну тое, што і ня сьніў.

Уявіце, якім выданьнем з выданьняў стане некалі слоўнік мовы Рыгора Барадуліна. Зь якога хтосьці дазнаецца, што ўручча – не адно мікрараён Менску, дзе чамусьці няма ручаёў.

Нязмушанасьць мэтафары, палётная лёгкасьць радка, электрычнай дугой са словам счэпленае слова – гэтак паўстагодзьдзя таму пачынаўся Рыгор Барадулін. Кнігамі «Нагбом», «Неруш», «Рум», «Абсяг»... У маладосьці – пры гульні з Богам і Вечнасьцю – яно ня дзіва: кіпень вершаў. Але і ва ўзросьце сямідзесяці гадоў, калі пачуваесься, «як беспрытульны дым, перад якім пазачынялі дзьверы», ён стварае «Ксты» – кнігу-малітву, кнігу духоўнай паэзіі, пранізаную энэргетыкай. Выпадак зноў жа, як амаль усё, што зьвязана з Барадуліным, фэнамэнальны.

Кніга «Ксты» яшчэ на вянец, амаль да даху ўзвысіла сьцены храму, які ўсё жыцьцё ўзводзіць Рыгор Барадулін. Але да крыжа – далёка, да неба – высока… І ён піша новыя вершы, кладучы на вянец «Кстоў» вянец «Рунаў Перуновых».

Гэткае дойлідзтва заслугоўвае не абы-якой адзнакі… Пасьля прэзэнтацыі кнігі «Ксты», якая адбылася ў Менску ў касьцёле Сьв.Сымона і Сьв.Алены, усе прысутныя там разам са сьвятарамі прыйшлі да думкі, што такой адзнакай магла б стаць Нобэлеўская прэмія. На што ўсе разам, памаліўшыся, і пачалі працаваць.

Дай Божа, каб праз Рыгора Барадуліна (як і праз Васіля Быкава, чаго, на жаль, ня сталася, не пасьпелася) Нобэлеўскай прэміяй узнагародзілася ўся наша нацыянальная культура, літаратура, паэзія, а найперш – мова. Тая самая, якая выстаяла, выжыла насуперак зьнішчэньням. Тая самая, празь якую мы – не на пустым месцы. Тая, якая для Рыгора Барадуліна – ад мамы Голас. Урэшце тая, на якой чуе нас Бог – і ці прымае, ці не прымае нашых малітваў.

Барадулін, Рыгор. Руны Перуновы: Выбраныя творы. – Укл. А.Камоцкі, У.Сіўчыкаў; Прадм. У.Някляева; Маст. А.Кашкурэвіч. – Менск: Радыёла-плюс, 2006. – 496 с.

Уладзімер Някляеў – паэт, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру. Гэты тэкст – прадмова да кнігі выбранага Рыгора Барадуліна «Руны Перуновы».

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Юрась Зянковіч расказаў пра сваё вызваленне і шлях у ЗША3

Юрась Зянковіч расказаў пра сваё вызваленне і шлях у ЗША

Усе навіны →
Усе навіны

У Полацкім раёне міліцыянеры спынялі п'янага трактарыста стрэламі па колах

Зянковіч пра Верамейчыка: Ужывалі фізічны гвалт, каб прымусіць яго сказаць на БТ тое, што хочуць пачуць12

У Мінску гатовыя плаціць 2000 рублёў у месяц за паяданне піцы1

Прэм'ер Канады — Трампу: Канада не прадаецца1

Што вядома пра былога каліноўца Васіля Грачыху, які трапіў у рукі беларускага КДБ?4

Сёння ў Ватыкане пачынаецца канклаў кардыналаў. Будзе абраны новы Папа

Культура «бум-бум» захоплівае Захад. Замест сціпласці — вульгарнасць і паказное багацце6

Індыя нанесла ўдар абмежаванага маштабу па некалькіх цэлях у Пакістане6

Polityka пра зніклыя грошы КР: Агулам былі знятыя 118 тысяч еўра11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Юрась Зянковіч расказаў пра сваё вызваленне і шлях у ЗША3

Юрась Зянковіч расказаў пра сваё вызваленне і шлях у ЗША

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць