Жыў на сьвеце рабочы — Бессаромныя вочы. Украў на працы ён лом І схаваў у сябе пад сталом. Прыйшлі да яго пралетарыі, І не з пустою шклатараю. Кажуць: — Вярні нам лом. Але ён прагнаў іх калом. Прыйшоў да яго брыгадзір, Надзеў парадны мундзір. Кажа: — Аддай мне лом, Што схаваў пад сталом. Прыйшла да яго міліцыя, Як да якога патрыцыя. Але ўсім гегемон Паказваў на дзьверы: — Вон! Так і застаўся рабочы Безь сяброў, Без капейкі сірочай. Затое вялізны лом Упрыгожвае дом.
- * * *
Жыў на сьвеце рабочы —
Бессаромныя вочы.
Украў на працы ён лом
І схаваў у сябе пад сталом.
Прыйшлі да яго пралетарыі,
І не з пустою шклатараю.
Кажуць:
— Вярні нам лом.
Але ён прагнаў іх калом.
Прыйшоў да яго брыгадзір,
Надзеў парадны мундзір.
Кажа:
— Аддай мне лом,
Што схаваў пад сталом.
Прыйшла да яго міліцыя,
Як да якога патрыцыя.
Але ўсім гегемон
Паказваў на дзьверы:
— Вон!
Так і застаўся рабочы
Безь сяброў,
Без капейкі сірочай.
Затое вялізны лом
Упрыгожвае дом.
* * *
З ранку да ночы,
З ночы да ранку
Точыць
рабочы
балванку.
Точыць балванку,
Сьцяўшы зубы,
Радзіме
на славу,
Буржуям —
на згубу.
Точыць рабочы
Гэту балванку:
Будуць
ракеты
А можа —
танкі.
З ночы да ранку,
З ранку да ночы
Рабочы
балванку
точыць.
* * *
Такая бель,
Што не адрозьніць воку,
Дзе неба, дзе зямля.
І далягляд
Магчыма распазнаць
Хіба што
Па стажку
Ці выпадковым дрэве.
Няма што там лавіць,
Нішто ня цешыць вока,
І заміжволі апускаесься назад
Углыб душы —
Але і там
Такая ж бель.
І сузіраеш выпадковасьць думкі
Нібы варону,
Што ўзьнялася па-над сьветам,
Дзе не адрозьніць
Неба ад зямлі.
* * *
Запрасілі мяне ў залю суду, нібы ненадоўга.
Калі сьведкам, думаю я, — мне няма чаго сьведчыць, а падсудным — дык я не злачынца.
Бачу, прада мною чалавекі са тры. (А суд ідзе: усё новым і новым выносяць прысуды, радзей — адпускаюць.) І чамусьці ўсе ідуць мне наперад. А я — зноў апошні: чакаю прысуду камусьці? Ці, можа, сабе?
* * *
Як загаралася першае лісьце на дрэвах,
Як ішоў наперад, наперад
Па хісткай кладцы вясны —
Радок за радком
Зьбягала ўдалеч чароўная стужка…
І вось яшчэ адна вясна за плячамі,
А ў далонях — новыя вершы.
* * *
Возера — старасьць.
Гэта рэчка спынілася ўспомніць
Сваё мінулае.
* * *
Быў музыкант,
Пісаў прыгожыя песьні.
Скончыў жыцьцё самагубствам
І трапіў у пекла.
Засталіся прыгожыя песьні,
Што клічуць за ім.
* * *
Праімчалася вайна, нібыта баль,
Слаўнай дзедавай Назе далі мэдаль,
Ёй да неба з бронзы помнік узьвялі,
А вакол — квітнеюць родныя палі:
Ні вайны цяпер табе, ні іншых бед —
Дзівіцца з вышынь Нага на мірны сьвет.
Ленін і Дзяржынскі
Ленін — круглы,
Дзяржынскі — доўгі.
Фэлікса мала,
Ульянава — многа.
За Леніным — Кайзэр,
У Дзяржынскага — маўзэр.
Ленін у Маўзалеі,
Дзяржынскі — у глеі.
Але і адзін, і другі
Носяць бараду і кепку
І ўсёй душой аддадзены
Ідэі дыктатуры пралетарыяту
І сусьветнай рэвалюцыі.
* * *
Зноў май
Варыць сваю страву:
Кіпіць
Вэтэранамі плошча,
Вецер ім
Языкі палошча.
Сьцягі
Зьлева і справа.
* * *
Недзе п’е за перамогу здраднік-дзед,
А Нага — Нага пайшла ў белы сьвет.
Холад дзікі: на двары сабака здох,
А Нагу ніхто ня пусьціць на парог,
Дзед забыўся пра яе і вынес бот,
А ў вайну Нага закрыла целам дот.
Ды ад праўды ад зямной ніхто ня зьбег,
Пад сабачы закапаюць дзеда брэх.
А Нага, яна між намі назаўжды,
Яе імем называюць гарады.
Каментары