культура. рознае
0 каментароў | 16:32, 14 мая 2009

У выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў сэрыі «Школьная бібліятэка» нядаўна выйшла новая кніга прозы Івана Пташнікава з сымбалічнай назвай «Пагоня».

У яе ўвайшлі хрэстаматыйныя апавяданьні майстра беларускай прозы «Львы», «Тры пуды жыта», «Францужанкі» ды інш.

Чатыры гады таму пісьменьнік перанёс інсульт, да таго ж, ён ніколі не даваў інтэрвію — прынцыпова. Але дзеля перадачы «Дом літаратара» Іван Пташнікаў згадзіўся парушыць ім самім усталяванае правіла і адказаў на пытаньні Міхася Скоблы.

Міхась Скобла: «Спадар Іван, віншую вас з выхадам новай кнігі. У вас вельмі своеасаблівая, пташнікаўская, манера пісьма. Каго вы лічыце сваім настаўнікам у літаратуры?»

Іван Пташнікаў: «Сваім літаратурным настаўнікам, у першую чаргу, я лічу Кузьму Чорнага, яшчэ — Максіма Гарэцкага. З больш сучасных — Івана Мележа і Янку Брыля. Васіль Быкаў таксама вельмі блізкі мне. Расейскую клясыку я ўсю перачытаў, пачынаючы ад Гогаля. Так што вучыцца было ў каго. Як правіла, мне цяжка прыходзіць першая фраза.

Прыходзіцца многа думаць, шукаць варыянты. Памятаю, доўга ня мог пачаць апавяданьне «Львы». Пакуль у «Іслачы», на праходцы ў лесе, не пабачыў зялёны парастак, што прабіўся праз бэтонны ходнік. І тут раптам прамовілася: «Джукі блажыла». І — далей пайшло».

Скобла: «Вас шмат перакладалі — на польскую, на расейскую мовы. Ці задаволеныя вы перакладамі?»

Пташнікаў: «Больш‑менш задаволены. Хоць часам і карцела нешта паправіць, асабліва ў расейскіх перакладах. Сам сябе, як некаторыя пісьменьнікі, я ня браўся перакладаць, таму што ў кожнай мове ёсьць свае амаль няўлоўныя нюансы і асаблівасьці».

Скобла: «Сёньня нават цяжка згадаць тэму, якой бы не краналася літаратура. У сёньняшняй літаратуры ёсьць усё. А чаго вы катэгарычна не прымаеце ў прыгожым пісьменстве?»

Пташнікаў: «Баюся паказацца старамодным, але вельмі шмат чаго непатрэбнага сёньня палезла ў літаратуру: сэкс, парнаграфія, разбой, наркаманія… Ці трэба гэта ў такіх вялікіх дозах — нават цяжка вымераць? Тут трэба ведаць меру».

Скобла: «А як гэтую меру ўсталяваць? Няўжо ізноў уводзіць цэнзуру?»

Пташнікаў: «Ведаеце, нам не пашкодзіла б цэнзура нораваў. Як гаворыцца, што дазволена Юпітэру, тое не дазволена быку. Нейкія эстэтычныя рамкі павінны быць. Моладзь павінна вучыцца на лепшых прыкладах гераізму, самаадданасьці, любові да Радзімы, чыстай любові і адносінаў паміж людзьмі».

Скобла: «Гадоў шэсьць таму ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, тады яшчэ адзіны, зьвярталася Міністэрства культуры з просьбай тэрмінова падрыхтаваць дакумэнты дзеля наданьня вам званьня «Народны пісьменьнік Беларусі». Аднак потым усё заціхла. Што вы можаце сказаць з гэтай нагоды?»

Пташнікаў: «Нават і ня ведаю, што сказаць. Такое пытаньне, па‑мойму, нават ня ставілася. Можа, хто дзе і зьбіраўся вылучаць. Я памятаю, як яшчэ Пятрусь Усьцінавіч Броўка, які быў тады ў камісіі па Дзяржаўных прэміях, прачытаў мае творы і сказаў: «Пташнікаў — гэта такі пісьменьнік, такі пісьменьнік, што няма з кім і параўнаць, ха‑ха‑ха.»

Скобла: «Гэта Броўка з іроніяй гаварыў ці сур’ёзна?»

Пташнікаў: «Сур’ёзна гаварыў, з такім сур’ёзным гумарам».

Скобла: «Ці спрабавалі вы пасьля хваробы пісаць?»

Пташнікаў: «Пакуль не спрабаваў. Усё абдумваю. Неяк па‑новаму трэба на сябе паглядзець, многа ад чаго адрачыся. Многа новага зьявілася ў жыцьці. Час падкажа новыя тэмы».

Скобла: «А вам хочацца адмовіцца ад нейкіх сваіх раньніх твораў?»

Пташнікаў: «Не, такога няма, вы мяне няправільна зразумелі. Канешне, ёсьць у мяне і пасрэдныя творы. Першыя мае апавяданьні, асабліва кніга «Чакай у далёкіх Грынях», былі слабаватыя ў мастацкіх адносінах. А пасьля неяк знайшоўся свой стыль».

Скобла: «Што вы чытаеце апошнім часам? Ці дапільноўваеце кніжныя навінкі ці перачытваеце клясыку?»

Пташнікаў: «Рэдка апошнім часам чытаю. Чытаць і перачытваць няма магчымасьці — вельмі цяжка пасьля хваробы. От, варушыш у памяці свае старыя творы, абдумваеш».

Скобла: «Дзякуй вам за згоду паўдзельнічаць у «Доме літаратара». Здароўя вам і — новых твораў. Іх зачакаліся».

Пташнікаў: «Дзякуй, што ўспомнілі. Буду старацца яшчэ нешта зрабіць.»

Дом літаратара, Радыё Свабода

Падзяліцца навіной:         
0 каментароў падпіска на каментары   каментары праз RSS  
Дадаць каментар (прэмадэрацыя)

Націсканьне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Спам-фільтар: увядзіце ўсе лікі без прабелаў (напр. 15091974), каб даслаць каментар.

Самае чытанае
Рэдакцыя рэкамендуе
Апошнія абмеркаванні
Красавiк 2009г.
Пн Аў Ср Чц Пт Сб Нд
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28 29 30
© МФВГ "Наша Нiва". Усе правы абароненыя. Выкарыстанне матэрыялаў дазваляецца пры ўмове спасылкі (для інтэрнэт-рэсурсаў - гiперспасылкi) на "Нашу Нiву" Кантакт з Рэдакцыяй: форма зваротнай сувязі; электронная пошта: nn@nn.by; тэлефоны: +375 17 284-73-29 (тэл./факс), +375 29 613-32-32 (Velcom), +375 29 707-73-29 (МТС).