Пятру Ялфімаву, які прадстаўляў Беларусь на конкурсе «Еўрабачанне‑2009» і не прайшоў у фінал, ёсць што сказаць прэзідэнту.

«Мне вельмі шмат што ёсць расказаць, пачынаючы ад арганізацыйных пазіцый і заканчваючы чыста чалавечымі, — заявіў спявак у інтэрв’ю БелаПАН, калі вярнуўся з Масквы. — Я вельмі шмат што казаў да таго, як паехаць на «Еўрабачанне», і звяртаў увагу на многія моманты. Ніхто не пачуў ні мяне, ні майго прадзюсера. Я вельмі рады, што нарэшце ўсё закончылася, што мы вярнуліся на радзіму».

З просьбай арганізаваць сустрэчу з кіраўніком дзяржавы Ялфімаў пакуль нікуды не звяртаўся, але плануе зрабіць гэта пасля заканчэння «Еўрабачання».

Выканаўца высока ацэньвае сваё выступленне на конкурсе «Еўрабчанне‑2009» у Маскве.

«Я задаволены выступленнем. Насамрэч гэта было класнае выступленне. Прыдрацца проста няма да чаго, ні адной фальшывай ноты, усё спета, эмацыйна пададзена так, як я і хацеў», — заявіў Ялфімаў.

Ён не ведае, што перашкодзіла трапіць у фінал.
«Іншыя дэлегацыі, якія былі на «Еўрабачанні», падыходзілі і казалі, што выступленне было супер і што яны вельмі перажываюць з‑за таго, што Беларусь не прайшла ў фінал. Усё, што патрабавалася ад мяне, я сваю задачу выканаў — я выйшаў і вельмі дастойна праспяваў», — падкрэсліў Пётр.

Ацэньваючы іншых удзельнікаў конкурсу, Ялфімаў зазначыў, што яму вельмі спадабаліся выступленні прадстаўнікоў Ісландыі, Швецыі і Даніі. «Але больш за ўсё мне падабаецца прадстаўніца Вялікабрытаніі. Я думаю, што ў яе ёсць усе шанцы на перамогу. Я ацэньваю з пункту гледжання вакальнага майстэрства», — сказаў ён.

Прадстаўніка Нарвегіі Аляксандра Рыбака, ураджэнца Мінска, які выйшаў у фінал конкурсу, Ялфімаў назваў «добрым хлопцам».
«У яго добрая яркая песенька, жыццярадасная. Але параўноўваць, напрыклад, вакальныя здольнасці той жа прадстаўніцы Ісландыі і Сашы — гэта ж розныя рэчы. Я жадаю яму ўдачы», — сказаў спявак.

Што тычыцца выкарыстання ненарматыўнай лексікі ў каментарыі журналістам пасля выступлення, то Ялфімаў патлумачыў гэта так: «Так, я выйшаў на ганак і сказаў, што я праспяваў «афігіцельна», толькі крышку па‑іншаму. Я нікога не зняважыў, я гэта сказаў у дачыненні да сябе ж самога. І не разумею, адкуль наогул столькі шуму, для чаго і навошта нехта павінен за мяне публічна прасіць прабачэння. Я — дарослы чалавек і разумею свае дзеянні, учынкі і словы. І калі ў мяне быў усплёск эмоцый, то я маю поўнае права на гэта», — заявіў выканаўца.

За Ялфімава публічна папрасіў прабачэння кіраўнік беларускай дэлегацыі на «Еўрабачанні», намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Мартыненка.
«Мне хацелася б папрасіць прабачэння ў першую чаргу ў журналістаў за нашага артыста, за яго выказванні, за ненарматыўную лексіку. Я думаю, гэта эмоцыі захліснулі, і ён не змог сябе пракантраляваць. Вядома, так рабіць нельга, гэта вельмі нават непрыгожа», — заявіў Мартыненка.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0